Петыцыю аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя» за тэрміновае вызваленне з СІЗА КДБ каталіцкага святара, пробашча барысаўскай парафіі Спаслання Святога Духа Уладзіслава Лазара за чатыры дні падпісалі ўжо больш за 750 чалавек, паведамляе сайт bchd.info.

Падпісаць петыцыю можна тут.

Аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя» заклікае вернікаў-каталікоў і ўсіх беларусаў далучацца да акцыі салідарнасці і дасылаць лісты на адрас: 220050, Мінск, а/c 8, СІЗА КДБ, Лазару Уладзіміру Міхайлавічу.

Нагадаем, што 26 ліпеня Аляксандр Лукашэнка заявіў: «Мы нядаўна затрымалі аднаго са здраднікаў, які служыў у спецслужбах і які праз прадстаўніка Каталіцкай царквы быў звязаны з замежжам. Ён не толькі здаваў інфармацыю, але ад яго дзейнасці пацярпелі людзі, якія працуюць за мяжой».

На наступны дзень праз ксяндзоў стала вядома, што затрыманы 46-гадовы ксёндз Уладзіслаў Лазар. Ад красавіка ён быў пробашчам парафіі Спаслання Духа Святога ў Барысаве, гэта невялікая каплічка на могілках, у глухім месцы. Меркавалася, што на гэтым месцы паўстане паўнавартасны касцёл. Да гэтага айцец Уладзіслаў быў ксяндзом у Мар’інай Горцы і Рудзенску.

«Наша Ніва» звязалася з бацькамі святара. Па словах маці айца Уладзіслава Яніны Станіславаўны, яго арыштавалі 1 чэрвеня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0