Дваццаць пяць гадоў яны цягалі ў суседнюю Польшчу спірт, гарэлку і курыва. Нахабна і цынічна. Чаго толькі не наглядзеўся я за гэты час, гідка было ехаць з імі разам. Падобна, што нарэшце палякі сказалі: баста! Каб улетку ў Кузніцу Беластоцкую і далей на Беласток ішоў паўпусты цягнік — такое цяжка было раней уявіць.

Паасобныя яшчэ не здаюцца, канечне. Перад дзвярыма мытнай залы на гарадзенскім вакзале ў цябе пытаюцца, ці вязеш цыгарэты. Не вязу і браць не буду! Можна толькі два пачкі. У цягніку адна кабета знянацку кладзецца на падлогу вагона, каб запхаць дзесь паміж крэсламі кантрабандныя цыгарэты, другая, павярнуўшыся спінай, на голае цела (лета, гарачыня) прыклейвае пачкі скотчам. Яны не саромеюцца. Астатнія пасажыры мусяць мець перад вачыма гэтае бясплатнае прадстаўленне.

У Кузніцы робіцца зразумелым летні спад актыўнасці на адвечнай кантрабанднай ніве.

Польскія мытнікі старанна вывучаюць штампы ў пашпартах: як часта перасякаеш мяжу? Калі ўвесь час ездзіш — з табой усё ясна.
На вакзале разгорнутае паведамленне на расійскай і польскай: кантрабандысты наносяць значныя страты польскаму бюджэту і перашкаджаюць падарожнічаць звычайным пасажырам. Чытаю і не веру вачам: нарэшце пра нас падбалі! Папярэджанне: максімальны штраф за нелегальныя цыгарэты дасягае 3200 злотых (адна тысяча даляраў) і перавышае ўдвая мінімальны сёлетні польскі заробак.

Праз гадзіну цягнік пакідае Кузніцу, наперадзе Беласток. Трэба адпраўляцца, а пасажыраў пусцілі толькі ў першы вагон. Астатнія вагоны «трыбушаць» мытнікі, шукаючы схаваныя цыгарэты. У дарозе разам з узброенай цягніковай аховай вагоны абыходзяць мытнікі, у якіх таксама, між іншым, пісталеты на баку. Яны ўзіраюцца ў твары, глядзяць на рэчы, паасобных пасажыраў просяць выйсці з імі ў тамбур.

«Слава польскай мытні!» — хочацца выгукнуць мне.
Хаця, магчыма, ім проста павялічылі прэміі за выкрытыя хованкі з нелегальным таварам. Аднак я рады за Еўропу ў любым разе. На пероне ў Кузніцы шыльда паведамляе, што чыгунку мадэрнізавалі за грошы Нарвегіі. Словам, яна раскашэлілася на тое, каб далёка ад Осла памежная станцыя ЕС выглядала прыстойна. Псавалі толькі кантрабандысты да апошняга часу. Але не выключана, што ім сапраўды давядзецца зараз падцяць хвасты.

Існуе яшчэ адзін момант, аб чым не гавораць уголас: сярод кантрабандыстаў ёсць таксама людзі з картай паляка. Нарэшце палякам стане ясна ў кожным канкрэтным выпадку, «ху із ху». Калі чалавек гойсае ў Кузніцу па два-тры разы на дзень, то зусім не польская культура яго цікавіць. Каб у мяне была карта паляка, я б пасаромеўся кожны дзень раскручваць польскі цягнік, каб схаваць ад польскіх мытнікаў кантрабанду.

З лямпаў на столі вагона самі сабой выпадаюць шурупы, польскі кандуктар пасміхаецца разам з пасажырамі, разводзіць рукамі: самі разумееце, усё раскручана тысячу разоў. Успамінаю папярэднюю паездку: спрытныя хлопцы прымушалі пасажыраў уставаць з месцаў, здымалі пластыкавыя крэслы, хавалі блокі цыгарэт. «Можаце сядаць!» — дазвалялі зніякавелым людзям. Спадзяюся, гэта застанецца ва ўчорашнім дні.

Зараз я скажу ўсю праўду пра гэтую публіку.
Раней памяняць пашпарт у Гродне было стрэсам: гэтыя людзі мянялі свае па два-тры разы на год. Чэргі ў АВІРы былі несусветныя, бо асобных пашпартоў для кантрабандыстаў няма. А чэргі па візы аграмадныя? Таксама праз іх! На машыне паехаць у Польшчу было адназначным стрэсам заўжды. Як сказаў адзін чыноўнік, дзевяноста пяць адсоткаў з чаргі ў Брузгах завозяць палякам паліва і адразу вяртаюцца. Іншых мэтаў у іх няма. Меў рацыю, мабыць. Цяпер ім дазволена толькі раз на восем дзён перасячы мяжу. Абураюцца! Затое нармальным людзям лягчэй стала.

У мяне перад вачыма яшчэ нядаўна перапоўнены цягнік у Кузніцу. Калі памежнікі расчынялі дзверы вакзала, наперадзе заўжды былі кантрабандысты, яны амаль што з галёканнем беглі ў цягнік займаць месцы. У вагоне заўжды паводзіліся па-гаспадарску, амаль па-панску, рассаджваліся і пачыналі хаваць цыгарэты, а некалі таксама спірт, гарэлку. Астатнія пасажыры мусілі ехаць стоячы. Праўда, таксама мелі шанец. Калі перавязеш камусьці блок цыгарэт ці бутэльку, табе абяцалі сядзячае месца за гэта.

Уявіце, што рэгулярна ў цягнік траплялі палякі, немцы ці іншыя заходнікі. Якія ў іх заставаліся ўспаміны ад паездкі? Прычым я памятаю яшчэ ранейшыя часы, калі кантрабандысты нават не куплялі квіткоў. Існавала завядзёнка: цераз вагоны праходзіў польскі кандуктар, якому ўсе клалі ў жменю па адным злотым. Пасажыры з квіткамі выглядалі белымі варонамі, прычым яны звычайна стаялі, месца для іх не знаходзілася.

Нарэшце кожны зойме сваё месца.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру