1 жніўня завяршыўся прыём заявак на конкурс дзіцячай літаратуры «Экслібрыс» імя Янкі Маўра. За права быць прызнанымі лепшымі аўтарамі твораў для дзяцей, а таксама за прызы ад кампаніі Prestigio пазмагаюцца 117 маладых пісьменнікаў, перакладчыкаў, мастакоў.
Сярод удзельнікаў — жыхары Беларусі, Расіі, Украіны, Балгарыі ва ўзросце да 40 гадоў. Канкурсанты прапанавалі творы ў самых розных жанрах — казкі і п’есы ў вершах, тэксты песень для дзяцей, апавяданні ў стылі фантастыкі, фэнтэзі або на аснове фальклору, коміксы, ілюстраваныя аповесці і раманы і нават цэлыя праекты кніг. На конкурс дасланыя творы замежных пісьменнікаў, перакладзеныя на беларускую мову з англійскай, італьянскай, нямецкай, украінскай, польскай, нямецкай, фінскай, шведскай моў.
Ацэньваць работы будзе журы ў складзе Алены Масла, Алеся Пашкевіча, Людмілы Рублеўскай, Пятра Васючэнкі, Сержа Мінскевіча.
Вынікі конкурсу будуць абвешчаныя ў пачатку верасня.