Аўтар дзясяткаў легендарных песняў, некаторыя з якіх сталі народнымі, працягвае працаваць, а яго энергіі пазайздросцілі б і маладзейшыя калегі. «Наша Ніва» сабрала пяць фактаў пра кампазітара.

Ведае род да дзясятага калена

Ігар Лучанок нарадзіўся ў Мар’інай Горцы, у творчай сям’і. Паводле словаў кампазітара, ён ведае свой род да дзясятага калена.

Бацька Лучанка, прафесійны скрыпач, быў артыстам у Беларускім тэатры Уладзіслава Галубка, і толькі цудам пазбег рэпрэсій.

«Спадчына» і «Родны кут»

Сваімі галоўнымі творамі Ігар Лучанок лічыць песні «Мой родны кут» і «Спадчына». Песні вядомыя кожнаму беларусу, некаторыя нават лічаць іх народнымі, як і «Польку беларускую».
Таксама Лучанок стварыў шэраг значных акадэмічных твораў, а яго «Песню пра Мінск» штодня адбіваюць куранты на Мінскай ратушы.

Аўтар рок-оперы на словы Купалы

Ігар Лучанок — аўтар адной з першых рок-опер у СССР, ягоны «Гусляр», напісаны супольна з «Песнярамі» на словы Купалы, цяпер амаль забыты.
Пры гэтым, у рэпертуары «Песняроў» яна заўжды мела адну з галоўных роляў — звычайна «Гусляра» выконвалі ў першай частцы канцэртаў, ад пачатку да канца.

Адданы камуніст

Лучанок застаўся адданым камуністам — сярод сваіх сяброў ён называе Зюганава і Лук’янава. Хаця найлепшым сябрам са свету музыкі для яго застаецца Іосіф Кабзон. Напрыклад, на бенефісе Лучанка на "Славянскім базары" Кабзон паспрабаваў сябе ў нязвыклай ролі вядоўцы.

Аматар Чэ Гевары

Лучанок згадвае пра Чэ ў кожным інтэрв’ю. «Для некаторых ён быў тэрарыст, але гэта не так», — кажа кампазітар.

Да таго ж Лучанок неаднаразова сустракаўся з Кастра, якога называе выключна Фідэль.

Алеся

Ігар Лучанок: «Фідэль мне сказаў: у цябе такі самы змагарскі дух»

Заспець Лучанка дома амаль немагчыма: кампазітар нон-стоп здымаецца для юбілейных ТВ-сюжэтаў і сустракаецца са шматлікім сябрамі. А сябрамі Ігар Міхайлавіч лічыць усіх, пра каго б не ўзгадаў. Відаць, з прычыны занятасці, адказваў кампазітар у тэлетайпным рытме.

«Я сябраваў з усімі, з былымі беларускімі і расійскімі палітыкамі. Пуцін, Мядзведзеў, ФСБ — хто вас цікавіць? — пытаецца кампазітар, толькі пачуўшы назву газеты. — Самы блізкі з маіх сяброў — Анатоль Лук’янаў. Яму 84 гады. Ведаеце, што мне ў ім падабаецца? Ён — не здраднік. Ну, прапусціў Гарбачова, але што тут зробіш».

«Наша Ніва»: Вы працавалі з вершамі беларускіх класікаў, ці адрозніваецца праца з класічным вершам ад працы з тэкстам сучасніка?

Ігар Лучанок: Канечне, я ж працаваў з тэкстамі Купалы, Коласа, Броўкі. І нават Някляева. Някляеў — гэта мой добры сябар, ён выдатны паэт, а вось чамусьці пачаў прозу нейкую дурную пісаць, лепей бы далей вершы пісаў, яны ў яго выдатныя. Ён мой вучань, а я — ягоны настаўнік.

«НН»: Вы неаднаразова бывалі за мяжой яшчэ за савецкім часам, асабліва ў Лацінскай Амерыцы. Як там успрымалі беларускіх творцаў?

ІЛ: Савецкі Саюз — гэта быў усё ж такі Савецкі Саюз. У яго былі высакародныя мэты. Цяпер патроху аднаўляецца савецкая традыцыя, але ў іншым варыянце. Я вельмі сябрую з Зюганавым, і з Леніным таксама сябрую (смяецца). Як нас успрымалі? У нас быў Пракоф’еў, Хрэннікаў, Шастаковіч, Шчадрын — яны і цяпер легендарныя. А што тычыцца Паўднёвай Амерыкі, то я яе вельмі люблю.

«НН»: Чым вас прываблівалі тыя краіны?

ІЛ: Фідэль і Чэ Гевара. З Фідэлем я сустракаўся некалькі разоў, ён мне аднойчы сказаў «У цябе такі самы змагарскі дух, як і ў мяне». І Рауль вельмі прыемны і сімпатычны чалавек. А ўвогуле ўпершыню я туды трапіў у лютым 1971 года. Тады мы прыехалі ў Чылі, сустрэліся з Альендэ. Ён нас вельмі гасцінна прымаў — гэта быў сапраўдны інтэлігент. Пасля здарыўся гэты амерыканскі пераварот…

«НН»: Існуе меркаванне, што музыка цяпер, з-за прыходу шоў-бізнэсу, страціла частку сваёй мастацкай каштоўнасці. Ці гэта, на вашу думку, так?

ІЛ: Канечне, бо не варта прадавацца за грошы. Грошы — зло. Гэта нават не я так сказаў, гэта прэзідэнт так кажа. Я згодны, грошы — зло.

«НН»: Калі б вас папрасілі абраць самы любімы ўласны твор, які б гэта быў?

ІЛ: Кантата рок-опера «Гусляр» на вершы Янкі Купалы, «Мой родны кут», «Спадчына», і «Жураўлі на Палессе ляцяць». Вось, але ёсць і яшчэ. Напрыклад, мой «Майскі вальс» па радыё «разнеслі», але гэта ад зайздрасці. У нас увогуле краіна зайздрослівая. Я нядаўна быў у Вене, мяне прымала расейская амбасада з вялікім гонарам. Уяўляеце, на радзіме Моцарта і Бетховена!

На гэтым моманце Ігар Лучанок спыніў размову, бо мусіў сустракаць сяброў, якія прыйшлі яго віншаваць.

«Наша Ніва» віншуе кампазітара з юбілеем, і зычыць яму моцнага здароўя і далейшых творчых поспехаў на славу Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?