Прысудам суда Шклоўскага раёна асуджаны былы дырэктар ААТ «Шклоўскі камбікормавы завод» і былы галоўны інжынер гэтага прадпрыемства за ўчыненне злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 424 КК (злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі).

Як паведаміла старшы памочнік пракурора Магілёўскай вобласці Ала Кузняцова, асуджаныя ў мэтах паказной стабільнасці працы прадпрыемства, выканання даведзеных паказчыкаў па вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі на нарадах давалі вусныя незаконныя распараджэнні падпарадкаваным кіраўнікам структурных падраздзяленняў прадпрыемства складаць загадзя падробленыя першасныя дакументы строгай справаздачнасці.

Выконваючы гэтыя ўказанні, службовыя асобы розных структур завода штомесяц з лютага 2009 па студзень 2010 года складалі фіктыўныя справаздачы пра рух хлебапрадуктаў і тары на элеватарах і складах, рапарты пра выпрацоўку камбікармоў і выкарыстанне сыравіны,

патрабаванні-накладныя на выкарыстанне сыравіны, накладныя на водпуск збожжа ў перапрацоўку, якія змяшчаюць няпэўную інфармацыю пра колькасць вырабленай і здадзенай на склад гатовай прадукцыі, пра колькасць збожжа і сыравіны, зрасходаванай на выпрацоўку прадукцыі. На падставе гэтых дакументаў налічалася заработная плата работнікам прадпрыемства і прэміяльная даплата.

У выніку супрацьпраўных дзеянняў былых кіраўнікоў камбікормавага завода прадпрыемству нанесены матэрыяльны ўрон у буйным памеры ў выглядзе залішне налічанай і выплачанай работнікам заработнай платы, прэмій, а таксама залішніх выплат у Фонд сацыяльнай абароны, пенсійны фонд, а таксама ў бюджэт падаходнага падатку.

Суд прызнаў былых кіраўнікоў прадпрыемства вінаватымі ва ўчыненні злачынства і ў якасці меры пакарання прызначыў кожнаму пазбаўленне волі тэрмінам на два гады з адтэрміноўкай выканання на год, з выплатай штрафу ў памеры 200 базавых велічынь, з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў тэрмінам на пяць гадоў.

Прысуд набыў моц.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?