Спёка. Абед скончыўся. Мінаем Барысаў і дарога выводзіць нас на шашу М1. На ёй замежныя нумары на машынах праглядаюцца ўсё часцей і выразней. Праязджаем мяжу Крупскага раёна… На ўзбочыне шашы застракацелі кіслотнымі фарбамі пластыкавыя вёдры і вопратка гандляроў. Прыдарожны гандаль пачынаецца тут.

Асартымент тавараў сезонны — грыбы, ягады, маладая бульба, яблыкі… Аўто спынілася, людзі замітусіліся…
Першае правіла такога гандлю — зачапіць кліента адразу, бо ён ужо спыніўся, а можа і з’ехаць адразу. Зазвычай беларусы чапляюць кліента проста: «Купіце, хлопчыкі, у мяне бульбачкі». Прычым гэта дакладна не пытанне — гэта просьба. Рэагаваць на кліента трэба маланкава — побач стаяць гандляры-канкурэнты. І разнастайнасць прапановы, зразумела, не вялікая.
Побач спынілася аўто. Расійскія. Прадавачка — жанчына за 40. На пытанне, колькі каштуе бульба, у момант арыентуецца — 300 рублёў. Выходзіць, што гандляры працуюць з рознымі валютамі. Для беларусаў працуюць на ўнутраны рынак, а для замежнікаў ужо на знешні.

Потым спыняецца яшчэ нехта… Кліенты пагаджаюцца і бяруць два пяцілітровыя вядзерцы маладой бульбы. Кошт — 160 тысяч, амаль 20 даляраў(!). Выходзіць, што мех бульбы магчыма прадаць недасведчанаму кліенту за 100 даляраў.

Увогуле, сярэднія цэны, якія нам сходу паведамляюць гандляры, прыкладна такія (але залежаць і ад кліентаў):

Яблыкі (5 л вядро) — 50 тыс. рублёў

Бульба (5 л) — ад 40 да 80 тыс. рублёў

Грыбы, лісічкі (5 л) — да 100 тыс. рублёў

Чарніцы (5 л) — 60-70 тыс. рублёў

З кліентамі, якія арыентуюцца ў цэнах, гандляры амаль не таргуюцца.

Праехалі яшчэ некалькі такіх пунктаў — прыдарожных народных маркетаў. Вяртаемся назад. Спыняемся каля пенсіянеркі. Бабуля дэмпінгуе і заваблівае грушамі па 20 тысяч. Купляем. Завязваецца размова. Пытаемся пра тых, хто гандлюе ўздоўж дарог. Гандляры — ад дзяцей-школьнікаў з бульбай з агароду да беспрацоўных з ягадамі з лесу. У гэты момант заўважаем на ўзлеску мужыкоў, якія адпачываюць.

Наша бабулька тлумачыць: «Гэтыя ўжо прадалі свае чарніцы, купілі гарэлкі і будуць тут піць да раніцы. Потым у лес раніцай. Потым сюды — на дарогу».

* * *

Ад аўтара: гэта ананімная гісторыя. Я спецыяльна не прасіў дазволу ў людзей на здымкі, бо хацеў, каб яны рэагавалі на мяне не на як фатографа, а як на купца. Таму я здымаў першую рэакцыю гандляроў у той момант, калі толькі машына спынялася перад імі. Бо гэта — спецыфічны гандаль. Тут з кліентам трэба працаваць адразу, з першага позірку, у іншым выпадку машына паедзе да іншага канкурэнта, які заўсёды побач…

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру