Вярхоўны суд Беларусі не задаволіў скаргу прадстаўнікоў кампаніі «Гавары праўду!» на адмову Міністэрства юстыцыі ў рэгістрацыі грамадскага аб’яднання. Адпаведнае рашэнне агучыла 7 жніўня суддзя Валянціна Кулік. Адмову ў рэгістрацыі Мінюст аргументаваў двума парушэннямі, якія «носяць неадольны характар».

У якасці аднаго з парушэнняў Мінюст указаў на пратэрмінаваны гарантыйны ліст аб даванні юрыдычнага адраса. Аднак, як сцвярджаюць прадстаўнікі кампаніі «Гавары праўду!», на час падачы дакументаў у міністэрства (8 мая) гарантыйны ліст быў сапраўдным. «Тэрмін яго дзеяння завяршаўся 31 мая, і Мінюст цягнуў з адказам да апошняга, а потым заявіў, што зараз у нас няма юрыдычнага адраса. Але мы ў любы час маглі б прынесці новы гарантыйны ліст», — заявіў актывіст кампаніі Сяргей Вазняк.

Другое, з пункту гледжання чыноўнікаў, парушэнне Вазняк назваў «проста дурасцю». «У Мінюсце сцвярджаюць, што ў нас не вызначаны колькасны склад праўлення (ці кіраўніцтва?). Але ён у нас вызначаны ў складзе пяці чалавек, былі пералічаны прозвішчы. Тут наогул няма парушэнняў», — падкрэсліў ён.

Устаноўчы сход «Гавары праўду!» адбыўся 13 красавіка ў Мінску. У ім узялі ўдзел каля 60 дэлегатаў з Мінска і абласцей Беларусі. Старшынёй арганізацыі абраны лідар грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!», кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года паэт Уладзімір Някляеў, яго намеснікам — Андрэй Дзмітрыеў.

Мэтай аб’яднання з’яўляецца «садзейнічанне пабудове ў Беларусі дэмакратычнай прававой сацыяльнай дзяржавы, развіццю грамадзянскай супольнасці, народнай гаспадаркі, умацаванню патрыятычных традыцый беларускага народа».

Гэта была ўжо трэцяя спроба грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» прайсці афіцыйную рэгістрацыю.

Першы ўстаноўчы сход рэспубліканскай даследча-асветніцкай установы «Гавары праўду!» прайшоў у канцы лістапада 2010 года, другі — у чэрвені 2011-га.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?