Устойлівую цікавасць да блогаў у Беларусі выказваюць не больш як 10% моладзі. Пра гэта сведчаць вынікі сацыялагічнага даследавання Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі, даныя якога прывёў намеснік дырэктара ІАЦ Аляксей Мацавіла падчас анлайн-канферэнцыі на сайце БелТА «Сацсеткі: карысна ці шкодна?».

Паводле яго слоў, сярод мінскіх студэнтаў цікавасць да блогаў некалькі вышэйшая, але «агульная аўдыторыя блогераў не перавышае 30%». На думку спецыяліста, цяпер блогерства ў Беларусі «скурчваецца» і «становіцца менш прыкметнай з’явай».

«Блогерства з’явілася ў той перыяд гісторыі інтэрнэту, калі яго карыстальнікамі галоўным чынам была інтэлігенцыя. Адгэтуль і прыхільнасць першых блогераў да доўгіх тэкстаў. І тады гэта было нормай. Але калі інтэрнэт стаў па-сапраўднаму масавым, яго новыя насельнікі прынеслі з сабой свае маўленчыя практыкі з рэальнага жыцця, і ўжо кароткія паведамленні пачалі ўспрымацца як норма ў сеткавых зносінах», — сказаў Мацавіла.

Прадстаўнік ІАЦ таксама прывёў даныя нядаўняга апытання Усерасійскага цэнтра вывучэння грамадскай думкі (ВЦІОМ), паводле якіх блогі вядуць 11% расійскіх рэспандэнтаў, чытаюць — 33%.
«На мой погляд, гэта ўсё яшчэ спадчына пачатку нулявых гадоў, якая паступова будзе знікаць. Цяпер моладзь мігруе ў новыя сацыяльныя сеткі з іх кароткімі тэкстамі, відэа, музыкай і знаёмствамі, — гаворыць Мацавіла. — Таму для кожнага блогера сёння ёсць выбар: ён можа працягваць пісаць доўгія разумныя тэксты — і яго блог будзе запатрабаваны, але толькі той невялікай часткай інтэрнэт-аўдыторыі, якая зацікаўлена ў гэтым інтэлектуальным прадукце. Іншы шлях — ствараць кароткія вострыя тэксты, прыдумляць дэматыватары, выкарыстоўваць фармат відэаблогу. Тады ў блогера вырастаюць шансы на папулярнасць».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?