То танк «ІС-3» усцягнуць на пастамент — нібыта ў памяць аб вызваліцелях ад фашыстаў. То БМД-1 — нібыта ў гонар «афганцаў»...

Усіх, каму не падабаецца такое мілітарысцкае «ўшанаванне» трагічных старонак беларускай гісторыі — ці ў Другой сусветнай вайне, ці ў афганскай авантуры, — міністэрскія ідэолагі залічаюць у «фальсіфікатары».

Я таксама ўдастоіўся гэткага гонару, калі амаль год таму напісаў пра згаданы танк нататку «Танкавая атака»...

Усё ж цікава, якой метадалогіяй карыстаюцца ў сваім змаганні з «фальсіфікатарамі» змагары ў пагонах з вялікімі зоркамі.

Вось праграмны, так бы мовіць, артыкул былога міністра абароны, зараз дзяржсакратара Савета бяспекі генерала Мальцава «Великая Отечественная война: сражение за правду истории», надрукаваны ў газеце «Во славу Родины». Спачатку я вырашыў, што генерал паміж маштабнымі манеўрамі паглыбіўся ў сакрэтныя архівы, у вывучэнне і прад’яўленне свету яшчэ невядомых гістарычных дакументаў. Але нічога, што магло б вымусіць да напісання гэтага артыкула, не знайшоў. Ні новых дакументаў, ні спасылак на нейкія «варожыя» выданні, ні канкрэтных фальсіфікатараў... Затое шмат вялікіх лічбаў, жывой і нежывой сілы, баявой тэхнікі, патрыятызма, геройства, самаахвярнасці…

Карацей кажучы, суцэльная фартыфікацыя ў адбіванні атак нейкіх «фальсіфікатараў», якія, у прыватнасці, усё выдумляюць і выдумляюць, што перамога над Германіяй была дасягнута «гарой трупаў», а не выключна інтэлектам і майстэрствам савецкіх военачальнікаў. Не хапае толькі «дзесяці сталінскіх удараў», па якіх, памятаю, я быў найлепшы ў класе адмысловец яшчэ ў 50-х гадах мінулага стагоддзя. Тым не менш, генерал абвяшчае маштабнае наступленне, «бой в сфере смыслов не последний, но, несомненно, решительный и бескомпромиссный»...

Генералы наўрад ці падобны на дон-кіхотаў, каб змагацца з ветранымі млынамі. Нешта і сапраўды турбуе іх у «сферы сэнсаў» і вымушае будаваць сваю «лінію Сталіна».

Што?

А вось што: намаганні «создания образа нашей Родины как якобы порочной общественной конструкции».

Пад «Родиной» маецца на ўвазе Савецкі Саюз, а ў кантэксце — і Рэспубліка Беларусь.

Усё ж патрабуецца незвычайная генеральская кемлівасць, каб жыць на дзве радзімы. І наўмыснае бяспамяцтва, каб выстаўляць злачынны сталінскі рэжым нявіннай «общественной конструкцией» і захоўваць пры тым вернасць «правде истории». У цывільных палітыкаў, за выключэннем некаторых прэзідэнтаў у мундзірах, гэта ўжо атрымліваецца зусім дрэнна ці не атрымліваецца зусім.

І тады ў бой ідуць адны генералы. У Расіі, што праўда, ужо не адны: ствараюць у дапамогу адмысловыя вайсковыя роты. Толькі навошта? Прасцей перапісаць савецкія падручнікі, дзе ўся гісторыя мінулай вайны раскладзена па паліцах згаданых «сталінскіх удараў». Ці дадаць нешта новенькае, сучаснае, так бы мовіць, накшталт таго, што з непадкупнай генеральскай адкрытасцю сцвярджалася на сайце расійскага Міністэрства абароны. Аказваецца, Другая сусветная вайна пачалася па віне Польшчы. Не задаволіла, маўляў, «умеренные претензии» Германіі і ўцягнула такую нявінную «общественную конструкцию», як СССР, у крывавую гісторыю, перашкодзіла дамаршыраваць сумесны з фашыстамі парад...

Не, не праўда аб вайне турбуе постсавецкі генералітэт і былых камуністычных, а цяпер імперскіх ідэолагаў — у іх асаблівай патрэбы ў праўдзе ніколі не было і сёння няма. А раздражняе тая горкая праўда, што для народаў і краін, з якіх пасля вайны быў збіты савецкі блок, свята вызвалення ад фашызму доўжылася зусім коратка...

Датычна да Беларусі няма больш доказных, чымсьці генеральская «праўда гісторыі», прыкладаў таго, што дасюль доўжыцца ідэалагічная акупацыя Савецкім Саюзам — падагравае рэваншызм за гістарычную паразу ў «халоднай вайне», штурхае да пошуку знешніх і ўнутраных ворагаў, падмяняе асэнсаванне гісторыі і нармалёвую грамадскую дыскусію чарговым «сражением за правду». Па ўсіх правілах фартыфікацыйнага мастацтва адбудоўваюцца старасавецкія прапагандысцкія рэдуты пад маскіровачнай сеткай з гучных словаў пра гераізм, патрыятызм, самаахвярнасць, памяць аб загінулых і павазе да жывых...

Горш за ўсё, што ад усяго гэтага людзі, асабліва маладыя, з палёгкай ставяцца ўвогуле да вайны, а іх свядомасць узбуджае пераможны мілітарысцкі апломб. Памятаю, як па расійскіх тэлеканалах раскручвалася камп'ютарная гульня пад назвай «Вторая мировая война». На пытанне да распрацоўшчыкаў, ці можа ў гэтай гульне перамагчы Германія, яны, маладыя інтэлектуалы і разумнікі, гарантавалі, што «победа всегда будет за нами».

...А «дзесяць сталінскіх удараў» павыляталі з маёй галавы, калі ўвосень 1956-га мы ўсім класам трапілі ў Брэсцкую крэпасць.

Мы ішлі да крэпасці па хісткім мосце, асцярожна абыходзячы правалы ў драўляным насціле. Я ўхапіўся за адлітыя, здавалася, на стагоддзі круглыя чыгунныя парэнчы і зараз жа раздзёр руку ў кроў — на ўсім працягу яны былі парваны асколкамі, што павыварочвалі навыварат рэжучыя па краях дзіркі...

Яна вельмі вострая, праўда гісторыі. Как дабрацца да яе, хапаючыся за парэнчы, па хісткім, з праваламі, мосце Часу, трэба не руку — душу раздзёрці ў кроў.

Куды прасцей усцягваць на пастаменты танкі...

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?