«Мы спадзяемся, што сітуацыя не паўплывае істотным чынам на падзенне экспарту хлоркалію. Што будзе далей, цяжка сказаць. Мы пакуль не пралічвалі з пункту гледжання таго, як яна можа адбіцца», — прызнаўся на прэс-канферэнцыі 8 жніўня ў Мінску намеснік міністра эканомікі Аляксандр Ярашэнка. Такім чынам ён адказаў на пытанне, як паўплывае нядаўняе рашэнне «Уралкалія» спыніць экспартныя пастаўкі праз Беларускую калійную кампанію.

Паводле слоў Ярашэнкі, «сітуацыя з каліем, паводле папярэдніх звестак статыстыкі, паказвае, што ў першым паўгоддзі адносна знешняга гандлю спрацавалі горш». «Гэтая сітуацыя адбылася з-за цэнавага фактара. У аб`ёмах продаж мы павялічылі, але з улікам зніжэння цэн на сусветным рынку мы знізілі сальда на 208 млн. долараў», — адзначыў ён.

Нагадаем, 29 ліпеня савет дырэктараў расійскага ААТ «Уралкалій» прыняў рашэнне спыніць экспарт калійных угнаенняў праз ЗАТ «Беларуская калійная кампанія» (БКК), адным з акцыянераў якой з`яўляецца «Беларуськалій». Адзіным каналам экспартнага збыту прадукцыі стане кампанія «Уралкалій-Трэйдынг».

У адказ «Беларуськалій» заявіў, што неўзабаве зацвердзіць новую стратэгію продажу ў сувязі са змененымі ўмовамі на калійным рынку. У беларускай кампаніі сцвярджаюць, што неаднаразова прапаноўвалі акцыянерам ЗАТ «БКК» перанакіраваць свае таварныя патокі праз аднаканальную сістэму беларускай трэйдарнай кампаніі. Аднак ААТ «Уралкалій» адхіляла прапанову кампаніі і ў выніку прыняло рашэнне пакуль наогул не выкарыстоўваць беларускага трэйдара.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?