У Бабруйску напалі на сябра аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Вячаслава Шэлега. Ён бацька 16-гадовай Наталлі Шэлег, якую, са словаў сям'і, 27 ліпеня невядомыя выкралі і збілі.

Інцыдэнт адбыўся ля Упраўлення ўнутраных спраў Бабруйскага гарвыканкама. З ягоных слоў, невядомы спачатку спрабаваў пашкодзіць машыну, а потым напаў на самога Вячаслава.

У будынку Ўпраўлення месціцца міжраённы аддзел Следчага камітэта, куды, як кажа спадар Шэлег, на допыт у справе збіцця дачкі выклікалі жонку Марыю. Па яе ён і прыехаў. У спадарыні Марыі другая група інваліднасці, і ёй цяжка хадзіць.

Спадар Шэлег кажа, што парушыў правілы дарожнага руху, калі заехаў на міліцэйскую паркоўку, на якой не было машын і якая недалёка ад будынка міліцыі. На паркоўцы інцыдэнт і адбыўся.

«Невядомы ў шортах і майцы кінуўся на мяне з кулакамі. Пачаў біць па шкле.
Пасля таго як я выйшаў з машыны, ён з крыкам кінуўся на мяне. Хапаў за вопратку і ламаў мне рукі. У мяне цяпер пабоі, на руках — сінякі. Я еду ў траўмапункт іх фіксаваць. Ён зваў іншых супрацоўнікаў, каб яны мяне завалаклі ў будынак.
Ён крычаў, што і ён міліцыя. Потым схаваўся ў будынку ўпраўлення. Міліцыя бяздзейнічала.
Пазней прыехалі супрацоўнікі ДАІ і склалі пратакол парушэння. Так, я парушыў правілы, але толькі дзеля таго, каб забраць жонку-інваліда», — апавядае пра здарэнне Вячаслаў Шэлег. Дзяжурны Ўпраўлення ўнутраных спраў Бабруйскага гарвыканкама па тэлефоне адмовіўся гаварыць з журналістам.

На месца інцыдэнту пад’ехаў бабруйскі журналіст Дзмітрый Растаеў. Ён пацвярджае, што ў Вячаслава Шэлега на руках сляды пабояў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?