Меркаванні3232

Раіса Баравікова: З мяне зрабілі «ворага народу»

Адразу пяцёра беларускіх літаратараў — Раіса Баравікова, Валеры Гапееў, Алена Масла, Алесь Наварыч і Андрэй Федарэнка — выйшлі з прыўладнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі. Што падштурхнула іх на такі крок? Якая атмасфэра пануе ў пісьменьніцкай арганізацыі, якую нязьменна, ад 2006 году, узначальвае Мікалай Чаргінец? Госьцяй «Вольнай студыі» — паэтка, ляўрэатка Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Янкі Купалы Раіса Баравікова.

— Спадарыня Раіса, вы ў чаргінцоўскім саюзе былі з дня яго заснаваньня, з 2006 году. Што здарылася, чаму вы вырашылі пакінуць гэтую арганізацыю?

— У сваёй заяве я напісала вельмі коратка: я беларуска, я ўсё жыцьцё змагалася за беларускую літаратуру, усімі магчымымі сродкамі яе рэклямавала. І таму з прычыны непаважлівага стаўленьня да беларускай мовы і літаратуры пэўных асобаў з СПБ я проста не магу заставацца ў такой арганізацыі. У заяве я нават Пушкіна працытавала: «На вялікі жаль, я не магу сказаць: «Друзья, прекрасен наш союз». Усё ж такі, калі людзі зьбіраюцца ў саюз, гэта, як правіла, аднадумцы, аб’яднаныя адной ідэяй. У адным саюзе ня можа быць, як у крылоўскай байцы: рак цягне назад, лебедзь — у неба, а нехта — яшчэ некуды. А тут…

Я ніколі не сутыкалася з тым, з чым сутыкнулася ў 2010 годзе.
Здаецца, у расейскага пісьменьніка Максімава ёсьць твор, які называецца «Зазірнуць у бездань». Дык вось, у 2010-м я ўпершыню зазірнула ў бездань. А пачалося ўсё з таго, што ў № 8 за 2009 г. часопіса «Маладосьць», які я тады рэдагавала, было надрукавана выдатнае апавяданьне Андрэя Федарэнкі «Ўночы». І вось раптам у Адміністрацыю прэзыдэнта з Чашнікаў прыходзіць ананімка, якую пераслалі ў холдынг «Літаратура і мастацтва». І там я прачытала жахлівыя словы: «Просим вас, кто причастен к вопросам идеологии, прочесть этот „шедевр“ Федоренки. Как и где в нашей стране могут быть такие герои? Они могут быть только в бредовом сознании больного писателя, скорее — врага нашей страны, нашего народа. А если ты враг, то почему тебя печатают в государственом журнале?». Для мяне гэта быў шок.

Потым мы надрукавалі выдатны гістарычны раман Леаніда Дайнэкі «Назаві сына Канстанцінам». Адзін з герояў рамана — Канстанцін Астроскі. І там апісана бітва пад Воршай. Пасьля публікацыі ў Саюзе пісьменьнікаў Беларусі было наладжанае абмеркаваньне часопіса «Маладосьць». Запрасілі мяне на прэзыдыюм і раптам гавораць, што гэта антырасейскі раман, што Баравікова — ледзь не нацыяналістка!

— Як паводзілася кіраўніцтва СПБ на тым прэзыдыюме адносна вас?

— Я не магу сказаць, што тактоўна. Абмеркаваньне тычылася ня толькі Дайнэкі. Потым мяне абвінавацілі, што надрукавала раман Алены Брава «Менада і яе сатыры». А той раман быў перакладзены на расейскую мову, надрукаваны ў Расеі і атрымаў нейкую прэмію! У Амэрыцы той раман разам зь іншымі творамі атрымаў прэмію «Залатая куля». І вось гэтыя кроплі капалі-капалі-капалі… А потым на сайце псыхоляга (ён так сябе пазыцыянуе) Аляксандра Новікава litkritika.by з’яўляецца жахлівы, неверагодна абразьлівы артыкул. Я магла падаць у суд на яго.

— Новікаў, наколькі я ведаю, сябра СБП. А што да ягонага сайту… Паводле litkritika.by найлепшы паэт — Анатоль Рубінаў…

— І тым ня менш, артыкул быў проста абразьлівы, і я яшчэ тады хацела выйсьці з саюзу. Я ледзь сябе стрымлівала, нават многім пісьменьнікам казала пра свой намер. Больш за тое, калі быў зьезд Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, мы сустрэліся зь Верай Вярбой, зь якой доўгі час сябравалі.

І яна мяне папракнула: «Як ты магла ўвогуле ўступіць у той саюз? Як ты можаш там знаходзіцца?». Я пабажылася ёй, што выйду.
І цяпер я адчуваю сваю віну перад Верай, бо мінулым летам яна памерла.

— Вы вядомая паэтка, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Янкі Купалы. Ваш выхад, думаю, павінен быў засмуціць кіраўніцтва СПБ. Ці былі нейкія спробы ўгаварыць вас застацца?

— Асаблівых спробаў не было.

— Дык можа, старшыня СПБ Чаргінец узрадаваўся?

— Я ня ведаю, наколькі ўзрадаваўся Мікалай Іванавіч, але мне самой размова ў ягоным кабінэце была ня надта прыемнай. Я проста аддала заяву. Чаму я павінна нешта тлумачыць, нібыта я ў нечым вінаватая? Я прыняла такое рашэньне. Я ж не дзяўчынка, я пражыла вялікае жыцьцё.

— Ад сваіх знаёмых літаратараў, якія працягваюць заставацца пад кіраўніцтвам Чаргінца, мне неаднаразова даводзілася чуць: вось вы, маўляў, нас крытыкуеце, а мы знаходзімся на пярэднім краі змаганьня за беларушчыну, бо мы працуем ледзь не ў варожым стане… Вы таксама так лічылі?

— Яшчэ гады чатыры таму я так не лічыла. Цяпер, пачытаўшы ўсе гэтыя матэрыялы на сайце litkritika.by, дзе беларускіх пісьменьнікаў называюць «мовафіламі» і «сваямоўнымі», я таксама схільная так думаць. Я беларуская пісьменьніца, гэта мая родная мова, мова маіх бацькоў, дзядоў і прадзедаў. Я ганаруся тым, што я размаўляю на гэтай мове, пішу на ёй. А вы пачытайце на сайце выказваньні накшталт: «Никакая тварь не должна указывать, на каком языке мне писать»… Альбо: «Крысы бегут с корабля»… Гэта пра нас, тых, хто выйшаў. Што гэта такое?!

— Часам я ў Нацыянальнай бібліятэцы гартаю цяперашнія часопіс «Полымя», тыднёвік «Літаратура і мастацтва» — органы СПБ. Уражаньне — сумнае… А як вы ацэньваеце гэтыя пэрыёдыкі, на выданьне якіх трацяцца немалыя грошы зь дзяржбюджэту?

— Чаму ж, былі цікавыя публікацыі ў Леаніда Галубовіча, выдатнага нашага пісьменьніка, які ўзначальваў у «ЛіМе» аддзел крытыкі. Але ён мусіў сысьці з газэты. На маіх вачах вырас вельмі таленавіты празаік Анатоль Казлоў. У свой час Таіса Бондар ледзь не на каленях умольвала Казлова, каб ён пагадзіўся ўзначаліць «ЛіМ». Ён пагадзіўся і вельмі сумленна працаваў. Потым кіраўніцтва СПБ абвінаваціла Анатоля Казлова ледзь не ў нацыяналізме, ледзь не ў распальваньні міжнацыянальнай варажнечы, і ён таксама сышоў з пасады. Так што сёньняшняя сытуацыя — вынік тае кадравай палітыкі, якая праводзіцца кіраўніцтвам СПБ.

— СПБ існуе ўжо сёмы год. Каля 70% яго чальцоў — расейскамоўныя. Прычым, яны даволі агрэсіўныя — як, прыкладам, Краснова-Гусачэнка зь Віцебску ці той самы Новікаў, рэдактар сайту litkritika.by. Ды і СПБ нязьменна ўзначальвае Мікалай Чаргінец, які прынцыпова не гаворыць па-беларуску. Ці не здаецца вам, што саюз, зь якога вы выйшлі, і ствараўся з мэтай узьняць на катурны расейскамоўную літаратуру ў Беларусі, а беларускую — прынізіць і ўтаптаць у гразь?

— У мяне часам узьнікае такое адчуваньне. Але мне здаецца, што тут усё нашмат прасьцей — некаторым людзям хацелася стварыць сваё літаратурнае аб’яднаньне. Магчыма, задумваўся саюз расейскамоўных пісьменьнікаў, якія жывуць у Беларусі. Але што тады рабіць зь беларускімі пісьменьнікамі? І тады іх проста далучылі. Узьнікла канкурэнцыя — вы згадайце, як спачатку адсочвалі, каб не выступалі ў школах і ВНУ пісьменьнікі са старога саюзу. Мне здаецца, што тады была нейкая самадзейнасьць, менавіта дзеля таго, каб сьцьвердзіцца. А што атрымалася ў выніку?

У нас ніколі такога не было. Які вораг народу Федарэнка?! А чаму з мяне зрабілі ворага народу, ды такога, што мяне трэба, прабачце, увогуле саджаць у турму?!

— Ці маеце вы намер стаць сябрам Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, які працягвае існаваць як альтэрнатыва арганізацыі Чаргінца?

— У сваёй заяве аб выхадзе я напісала: прашу вярнуць маю асабістую справу, дзе рэкамэндацыі народнага паэта Пімена Панчанкі, Эдзі Агняцвет і Рамана Тармолы, дадзеныя мне яшчэ ў 1977 годзе. Сёньня гэта ўжо ня проста рэкамэндацыі, а гістарычныя дакумэнты, для мяне вельмі дарагія, гэта частка маёй літаратурнай біяграфіі. І вось аказалася, што няма ў СПБ маёй асабістай справы. Я тады пазваніла старшыні Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барысу Пятровічу і папрасіла праясьніць сытуацыю. Высьветлілася, што мая справа ў старым саюзе. Так што быццам я зь яго і не выходзіла… Вядома, пасьля ўсіх публікацый, дзе мяне назвалі пацуком і мовафілам, я папрашу кіраўніцтва СБП аднавіць мяне ў родным для мяне саюзе, у якім я прабыла 30 гадоў.

— Якой вам бачыцца будучыня беларускай літаратуры? Ці застануцца два саюзы, ці яны абодва непатрэбныя? Ці, можа, ім трэба зьяднацца ў адзін?

— Думаю, што зьяднацца ў адзін — гэта не зусім добрая ідэя. Апошнія падзеі гэта яскрава пацьвярджаюць. Я ведаю, што ў некаторых былых савецкіх рэспубліках ёсьць па два пісьменьніцкіх саюзы, але гэта — расейскамоўныя і нацыянальныя літаратары, якія пішуць на роднай мове. На маю думку, так мусіць быць і ў нас.

— Але і ў Саюзе беларускіх пісьменьнікаў нямала літаратараў, якія пішуць па-расейску.

— Ну тады я памыляюся, тады я не стратэг. І ўсё ж у саюзе людзі павінны быць аб’яднаныя адной справай, адным пачаткам, адной літаратурай, адной мовай. Хоць у нашым старым саюзе былі выдатныя рассейскамоўныя паэты. Скажам, Навум Кісьлік. Ён жа пераклаў на расейскую цэлую кнігу Янкі Купалы, перакладаў нас, маладзейшых, і стараўся надрукаваць у Маскве. Тое самае рабілі Ігар Шклярэўскі, Пётра Кошаль, Браніслаў Спрынчан, Любоў Турбіна… Я больш за сорак гадоў сябрую з драматургам Аленай Паповай, якая жыве ў Менску і піша па-расейску. Я пераклала каля дзесяці яе п’есаў на беларускую мову, і яны ішлі ў нашых тэатрах. І ніхто нікога не супрацьпастаўляў, як гэта адбываецца цяпер. І ўсё ж я перакананая, што беларуская літаратура была, ёсьць і будзе, яна застанецца і праз 200, і праз 300 гадоў. Мы ўсе дзеля гэтага працуем. Думаецца, што і маіх вершаў дваццаць і адна зь дзіцячых кніг застануцца ў гісторыі нашага пісьменства.

Беларусь — наша зямля, наша бацькаўшчына, беларуская мова — дзяржаўная. І ніхто ня мае права яе зьневажаць і зьневажаць тых, хто на гэтай мове піша.

Каментары32

Сем фактаў пра Макса Каржа, якому пагражае ГУБАЗіК3

Сем фактаў пра Макса Каржа, якому пагражае ГУБАЗіК

Усе навіны →
Усе навіны

Затрыманых у Беларусі мільярдэраў з «Уралкалія» выпусцілі на свабоду1

Выязны «Мак.бай» у Маладзечне сабраў вялізныя чэргі. А што з цэнамі?9

Астапеня ацаніў, колькі беларусаў падтрымлівае бел-чырвона-белы сцяг27

Генпракуратура хоча вярнуць у Беларусь Крыж Ефрасінні Полацкай, слуцкія паясы і сані Напалеона14

Стане яшчэ халадней. Але дзякуй, што пакуль без снегу2

Выпускнік мінскай беларускамоўнай гімназіі скончыў Гарвардскі ўніверсітэт. Вось дзе ён цяпер працуе24

Трагедыя ў Мінскім раёне: загінулі двое дзяцей

Мужчына, які ўдарыў малатком па сцяне Крамля, аказаўся не беларускім палітвязнем, а яго поўным цёзкай

Змянілі тэрмін уручэння позвы на вайсковыя зборы

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сем фактаў пра Макса Каржа, якому пагражае ГУБАЗіК3

Сем фактаў пра Макса Каржа, якому пагражае ГУБАЗіК

Галоўнае
Усе навіны →