Падача дакументаў на платнае навучанне ў ВНУ скончылася 4 жніўня. Па выніках залічэння абітурыентаў, у Баранавіцкім універсітэце засталіся вольнымі 233 платных месцы з 342 запланаваных, паведамляе «Intex-press».

На інжынерным факультэце неабходную колькасць студэнтаў набралі толькі на спецыяльнасць «Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі» — 15 чалавек. Пры такім жа плане набору на спецыяльнасць «Эканоміка і арганізацыя вытворчасці» дакументы падалі толькі восем абітурыентаў. І толькі адзін чалавек захацеў вучыцца на спецыяльнасці «Тэхнічнае забеспячэнне працэсаў с/г вытворчасці» па скарочанай форме, хоць БарДУ запланаваў тут платна навучыць 10 студэнтаў. На астатніх пяці спецыяльнасцях інжынернага факультэта больш ніхто не захацеў вучыцца платна.

На факультэце славянскіх і германскіх моў на спецыяльнасці «Англійская мова. Нямецкая мова» нават сфармаваўся невялікі конкурс — 1,2 чалавек на месца. На астатніх — недабор, а на «Беларуская мова і літаратура» дакументы ніхто не падаў.

На факультэце педагогікі не было ні аднаго жадаючага вучыцца па спецыяльнасцях «Пачатковая адукацыя», «Абслуговая праца і прадпрымальніцтва» і «Абслуговая праца і выяўленчае мастацтва». Па астатніх спецыяльнасцях былі залічаны ўсе жадаючыя — 13 чалавек, хоць факультэт запланаваў прыняць 74 студэнты.

Недабор не абмінуў і факультэт эканомікі і права, які традыцыйна карыстаецца самым вялікім попытам у БарДУ. Ні адна са спецыяльнасцяў не засталася без жадаючых вучыцца на ёй, аднак запланаванай колькасці студэнтаў набраць ўсё роўна не атрымалася — набралі толькі 34% ад запланаванага колькасці абітурыентаў.

Па выніках уступнай кампаніі, БарДУ сутыкнуўся з недаборам не толькі на платнае аддзяленне, але і на бюджэт, дзе свабоднымі засталіся каля 50 з 390 месцаў.

Глядзі таксама: У большасці ВНУ — недабор на платнае аддзяленне
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?