Студэнцкія атрады ў Беларусі змогуць працаваць не толькі летам, але і на працягу ўсяго года. Адпаведныя змяненні Аляксандр Лукашэнка ўнёс ва ўказ ад 16 красавіка 2012 года № 181 «Аб арганізацыі дзейнасці студэнцкіх атрадаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь», паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

Раней арганізацыя студатрадаў была магчыма з 1 мая па 30 верасня. Згодна з новым указам, залічэнне ў студэнцкія атрады з верасня па май будзе ажыццяўляцца па ўзгадненні з кіраўнікамі ўстаноў адукацыі па месцы вучобы студэнтаў.

«Маладыя людзі праяўляюць усё большую цікавасць да працы ў студэнцкіх атрадах не толькі ў летні перыяд, але і на працягу ўсяго каляндарнага года ў вольны ад вучобы час (асабліва гэта тычыцца будаўнічых студэнцкіх атрадаў)», — пракаментавалі ў прэс-службе новаўвядзенне.

Дакументам таксама прадугледжана ажыццяўленне медыцынскіх аглядаў удзельнікаў студэнцкіх атрадаў і прафілактычных прышчэпак дзяржаўнымі арганізацыямі аховы здароўя на бязвыплатнай аснове ва ўстаноўленым законам парадку.

Указ прыняты «ў мэтах павышэння эфектыўнасці арганізацыі часовай працоўнай занятасці моладзі ў вольны ад вучобы і асноўнай працы час на працягу ўсяго каляндарнага года», адзначылі ў прэс-службе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0