Ёсць таксама асцярога, што шырокія дыскусіі пра яе сёння могуць толькі нашкодзіць і без таго не найлепшаму іміджу апазіцыі.
Абмеркаванне пад назвай «Люстрацыя: быць або не быць?» адбылося ў Мінску ў канцы ліпеня. Лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька ў сваім акаўнце ў сацыяльнай сетцы паскардзіўся на малалюднасць мерапрыемства.
«З журналістамі чалавек 15. Многія палітычныя структуры запісаліся, але так і не накіравалі сваіх прадстаўнікоў. <…> А дарма, пакуль не будзе яснага бачання ў гэтым пытанні, улада заўсёды будзе палохаць страшылкамі грамадскасць і ў першую чаргу чыноўнікаў», — выказаўся палітык.
У каментары БелаПАН намеснік старшыні Руху «За свабоду», палітолаг Алесь Лагвінец адзначыў, што абмяркоўваць гэтае пытанне варта пасля перамогі ў краіне дэмакратыі: «Не забіўшы мядзведзя, дзяліць яго шкуру мне здаецца контрпрадуктыўным».
Метадам спроб і памылак
Шэраг дзяржаваў Цэнтральнай Еўропы і Балтыі пасля падзення камунізму прынялі спецыяльныя законы аб люстрацыі.
Кіраўнік адной з экспертных груп у рамках ініцыятывы «Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі з Беларуссю» (ЕДМ), прафесар Міхаіл Пастухоў тлумачыць: «Асноўная мэта закона аб люстрацыі ў тым, каб выявіць асобаў, якія негалосна супрацоўнічалі са спецслужбамі».
Гэтым людзям пры новай уладзе закрываюць доступ да дзяржаўных пасадаў. І хоць класічнае паняцце люстрацыі не мае на ўвазе пакарання ўсіх былых дзяржслужбоўцаў, неадназначны вопыт гэтай палітыкі ў шэрагу еўрапейскіх краін асацыюецца ў абывацеляў з помстай новых уладаў старым.
Гэтае ілжывае разуменне толькі падмацоўваецца жорсткай рыторыкай некаторых беларускіх апазіцыйных дзеячаў і прадстаўнікоў палітызаванай
Што дзіўна, супраць прыняцця закона аб люстрацыі актыўна змагаліся бацькі аксамітных рэвалюцый Лех Валенса і Вацлаў Гавэл.
У Германіі, Чэхіі, Венгрыі такія законы прывялі да гучных выкрыццяў і адставак, а ў Польшчы выклікалі ўсплёск даносаў.
Венгерскі і польскі канстытуцыйныя суды былі вымушаныя нават скасаваць або абмежаваць прымяненне люстрацыйных законаў, калі новыя ўлады захапіліся настолькі, што ў спісы нядобранадзейных пачалі ўносіць дырэктараў школ, журналістаў і бізнэсоўцаў.
У цэлым, аднак, назіральнікі станоўча ацэньваюць вынікі люстрацыі ў большасці посткамуністычных краін.
На гэта спрацавала шырокая падтрымка працэсаў дэмакратызацыі і еўрапеізацыі, а таксама высокі ўзровень грамадзянскай свядомасці, духоўны ўздым народаў, адназначная ацэнка злачыннасці зрынутых рэжымаў, а як вынік — высокі крэдыт даверу ў новых уладаў.
Ці будзе грамадскі драйв?
Камуністычныя ўлады Чэхаславакіі, Польшчы, ГДР, Венгрыі, прыбалтыйскіх рэспублік былі заточаныя на ўсебаковы кантроль над грамадствам. Спецслужбы праз шырокую сетку сакрэтных супрацоўнікаў кантралявалі ўсе сферы грамадскага жыцця: ад літаратуры і музыкі да выезду за мяжу і паштовай перапіскі.
Беларускі рэжым выкарыстоўвае ўсё ж больш мяккія і гнуткія механізмы кантролю. Спецслужбы, хоць і ёсць важнай апорай улады, не дзейнічаюць з такім размахам, як іх папярэднікі ў Цэнтральнай Еўропе. Як вынік, «сацыяльная база» для магчымай люстрацыі ў Беларусі непараўнальна меншая.
Акрамя таго, незразумела, ці захоча будучая ўлада брацца за гэтае хворае пытанне.
Аналітыкі не бяруцца адназначна прадказаць, якой будзе трансфармацыя беларускага рэжыму. Але ўлічваючы незайздросную дынаміку рэйтынгу апазіцыі за апошнія гады, спадзявацца на яе прыход да ўлады пакуль складана.
Усё часцей гучыць версія пра наменклатурны пераварот як самым верагодны сцэнар пераменаў. Калі так, то новая ўлада будзе абапірацца на старое чынавенства, а не ваяваць з ім.
Хутчэй за ўсё складана будзе і з падтрымкай люстрацыі насельніцтвам. Усходніх немцаў, чэхаў і палякаў на вуліцы вывела мара пра свабоду і незалежнасць ад савецкай імперыі. У іх пасля перамогі аксамітных рэвалюцый была прыдатная атмасфера для люстрацыі.
У Беларусі ж, мяркуючы з дадзеных сацапытанняў, найбольш верагодным рухавіком пераменаў можа стаць эканамічная незадаволенасць, але не барацьба за грамадзянскія правы. Калі ў масах дамінуюць такія ўстаноўкі, пытанні маральна чыстай біяграфіі чыноўнікаў стаяць далёка не на першым месцы.
Не ставіць воз наперадзе каня
Але нават калі да ўлады нейкім чынам прыйдуць цяперашнія апазіцыянеры, пытанне люстрацыі не стане першачарговым. «У нас ёсць больш надзённыя задачы, якія давядзецца вырашаць», — упэўнены Міхаіл Пастухоў.
Эксперт мае на ўвазе, у прыватнасці, пытанні рэабілітацыі тых, хто пацярпеў ад рэпрэсій, і пакаранне вінаватых у парушэннях правоў чалавека.
Характэрна тое, што ў экспертнай групе ЕДМ, якая пад кіраўніцтвам Пастухова распрацавала праграму мадэрнізацыі сістэмы судоў, юстыцыі і праваахоўных органаў, пытаннямі люстрацыі не займаліся. «Люстрацыя — занадта далёкая мэта, мы прапануем толькі тое, што можа быць успрынята ўладай», — тлумачыць суразмоўца.
Алесь Лагвінец таксама лічыць, што казаць пра люстрацыю яшчэ вельмі рана: «Гэтае пытанне трэба падымаць пасля таго, як будзе атрыманы шырокі грамадскі мандат». Пакуль апазіцыя такога мандату відавочна не мае.
«На сёння пытанне нумар адзін для дэмакратычных сіл — дамагчыся большай падтрымкі грамадства. А катэгорыямі люстрацыі большасць не жыве», — рэзюмуе палітолаг. Як паказвае вопыт трансфармацыі аўтарытарных рэжымаў, апазіцыя, каб павысіць шанцы на поспех, павінная знайсці агульную мову з найбольш прагрэсіўнымі прадстаўнікамі наменклатуры. Апошняе, што можа гэтаму спрыяць, — размовы аб будучых чыстках.
Тут застаецца дзве дарогі: альбо не абмяркоўваць гэтую тэму зусім, каб не палохаць патэнцыйных саюзнікаў у дзяржапараце, альбо сфармуляваць адзіную пазіцыю ўсіх дэмакратычных сіл з тым, каб развеяць страхі чыноўнікаў.
Але да таго часу, пакуль здольнасць дамаўляцца — не самая моцная рыса апазіцыі, шырокія спрэчкі аб люстрацыі дакладна не дапамогуць ёй вылезці з палітычнага гета.
У гэтым сэнсе слабая цікавасць палітыкаў да нядаўняга круглага стала, — магчыма, той выпадак, калі няма ліха без дабра.