У нашых Баранавічах цяпер судзяць Віктара Сырыцу, на якога раённая міліцыя склала 3 пратаколы за арганізацыю і правядзенне «несанкцыянаванага мітынгу» ў Мілавідах, прысвечанага 150-м угодкам Мілавідскай бітвы касінераў Кастуся Каліноўскага з царскім войскам у 1863 годзе. Ён жа ініцыяваў суд з газетай «Наш край» за падман чытачоў, якая на сваіх старонках 2 чэрвеня запрасіла грамадзян горада на афіцыйнае мерапрыемства аддзела культуры райвыканкама.
Аднак калі людзі на ўласным транспарце прыехалі да мілавідскіх помнікаў (35 км на поўдзень ад Баранавічаў), там нікога не было. Такога цуду ў нас даўно не здаралася.
Іншы ініцыятар Мілавідскага фэсту, Вячаслаў Болбат, судзіцца з Баранавіцкім райвыканкамам, які незаконна двойчы забараніў грамадскасці ўшанаваць памяць патрыётаў, што загінулі ў Мілавідскай бітве 150 гадоў таму.
Баранавіцкая суполка ТБМ рыхтавала вялікую культурніцкую праграму да гэтай значнай падзеі нашай гісторыі. У райвыканкам загадзя была пададзена адпаведная заява на правядзенне фэсту «Памяці касінераў» 2 чэрвеня. Раённыя ўлады традыцыйна ў пагрозлівай форме забаранілі гэтае гістарычнае свята, па-ментарску напісаўшы ў адказе «мы вам запрещаем», бо ў гэты час будзе адбывацца афіцыйнае мерапрыемства, таксама прысвечанае Мілавідскай бітве. Тады мы вырашылі паехаць на абвешчанае свята, каб яго проста паглядзець і ўскласці кветкі да помнікаў, што было і зроблена. Але тут усё і пачалося.
Раённая міліцыя тройчы выклікала Віктара Сырыцу да сябе і абвінаваціла яго ў незаконным правядзенні масавага мерапрыемства. Пратаколы на яго перапісваліся тры разы, каб мець «законную» падставу пакараць грамадскага актывіста. 31 ліпеня суддзя Кацярына Груда па сведчанні толькі аднаго чалавека, маёра Віталя Куляшова, аштрафавала Віктара на 2 млн рублёў за правядзенне забароненага мерапрыемства (а сведчанні 9 удзельнікаў не былі прынятыя да ўвагі). Якое ж яно забароненае, калі людзі прыехалі на свята, анансаванае дзяржаўнай газетай?
Але, як высветлілася на судзе, райвыканкам, не папярэдзіўшы грамадзян, нечакана перанёс афіцыйнае свята на 2,5 гадзіны раней. Думаю, што гэтага афіцыйнага мерапрыемства хутчэй за ўсё не было ці яно мела выгляд кабінетнага міжсабойчыка ў 10 гадзін раніцы, а не ў 12.30, як планавалася і абвяшчалася газетай. Супрацоўнікі райвыканкама паведамілі ў судзе, што акрамя таго ў сельскім клубе яны прадэманстравалі фільм пра Каліноўскага (але які фільм, чамусьці не сказалі).
На самай справе толькі планавалася паказаць фільм «Чырвонае лісце» пра рэвалюцыянера Сяргея Прытыцкага, які жыў амаль на 100 гадоў пазней за Каліноўскага.
Потым чыноўнікі запыталіся ў загадчыцы клуба: «Чужых не было ў клубе?» Яна адказала: «Не было».

Многа яшчэ ўсялякай мітусні і клопату з судамі і скаргамі адбываецца ў гэты час у Баранавічах. Але

мне хочацца запытаць сваё: «Хто гэта тут чужы?»
Можа, гарадскі паэт, які шчыра напісаў такія радкі:

Уздымаўся туман ад настылай зямлі,
Залацелі пад сонейкам росы…
І калі сюды карнікі ўсё ж падышлі —
Слова мовілі стрэльбы і косы.

А можа, чужы той бард, які спяваў:

Касінеры! Да брата становіцца брат,
Не да страху цяпер і самоты,
Ад казацкіх клінкоў, ад шрапнелі гармат
Уратоўвалі лес і балота.

А можа чужы — гэта чалавек, які натхнёна распрацоўваў буклеты і каляровыя паштоўкі, прысвечаныя 150-м угодкам Мілавідскай бітвы? А можа, чужы тут Віктар Сырыца, які арганізаваў вандроўку на афіцыйнае свята, каб ускласці кветкі на магілы тых, хто загінуў за свабоду? А можа, чужыя тут людзі, якія прыехалі ўшанаваць памяць продкаў і якіх мясцовыя чыноўнікі проста зняважылі? Так, у рэальным жыцці ўсе яны, аказваецца, чужыя на іх «празднике жизни».

Панове, гэта вы паводзіце сябе як чужынцы ў гэтым краі, топчаце сваёй тухлай ідэалогіяй памяць і душы светлых хлопцаў-касінераў і робіце іх прадметам гандлю, пераследуеце беларускіх патрыётаў.
Вы іх вымушаеце, замест стваральнай працы на карысць грамадства траціць час на суды з вамі. Але яны судзяцца не за сябе, а каб бараніць памяць касінераў 1863 года.
Шкада, што да гэтага часу іх трэба бараніць ад так званых «сваіх», бараніць праўду і свабоду, за якую змагаліся беларусы пад Мілавідамі 150 гадоў таму. Гэта вы хочаце перапісаць нашую гісторыю на свой хамскі, ілжывы манер. Толькі вы можаце ў дзень святкавання юбілею Ларысы Геніюш, асуджанай на 25 гадоў у сталінскай турме, у сваёй тэлеперадачы паставіць музычную застаўку «Как упоительны в России вечера».
Але ж мы ведаем, што ў далёкай, халоднай, катаржнай Сібіры для выдатнай беларускай паэткі гэтыя вечары былі «омерзительны и уморительны».

Усе яны бачаць нас зверху, зверху нас бачыць і Бог. Думаю, ён разбярэцца, хто свой, а хто чужы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?