Штодзённае сьмецьце ў электроннай пошце: віягра і ўпартыя прапановы павялічыць чэляс… Адвечнае жаданьне! Упаляваць самага значнага маманта, пабудаваць піраміды, адправіць у акіян «Тытанік».

Абазваць Джорджа Дабл’ю, плюнуць у бок Амэрыкі. На злосьць усім ворагам працягнуць руку братняй дапамогі свабодалюбнаму траваежнаму народу. Незьнішчальныя звычкі нязначных, але ганарлівых. Выбухнуць спадарожнікам, выклікаўшы гамэрычны сьмех. Разьдзьмуць з мухі слана. Абы толькі зьвярнуць на сябе ўвагу, прынамсі пакрыўджаных і ўзлаваных усяго сьвету.

Бачу аднойчы ля паўднёвага мора ў шапіку кружэлку з запісамі музычнага фэсту. Месяца яшчэ не прайшло, як глядзеў яго па тэлевізары, прычым супала, што ў тыя ж дні адбываўся гучны штогадовы зьлёт папсы «пад славянскім соўсам» у апошнім бастыёне Саветаў. Што зробіш: міжволі даводзілася параўноўваць…

Па‑першае, сам зьдзівіўся: тое, што зь нейкім выклікам абвяшчаецца «славянскім», даўно выйшла за гэтыя межы. Як жа! Хочацца і «big‑славянскім» быць, і адначасова «самым буйным» у Эўропе, прычым мець на сцэне нават капіталістычных зорак. А вось фэст на цёплым моры, не лямантаваўшы пра гэта, аказаўся проста стопрацэнтова славянскім. І прыехалі‑выступілі ўсе ўдзельнікі апошняга «Эўрабачаньня», што прадстаўлялі паўднёваславянскія рэспублікі.

Другое адрозьненьне: на прыморскім фэсьце не сядзеў з аховай самы галоўны, і мажныя міністры са сцэны ня дзякавалі «усенародна» за тое, што «перабудаваў» амфітэатар у big size, не хвалілі публічна — у вочы, што не пашкадаваў грошай. Цяпер чытаю: прымушаюць у гэтым амфітэатры круглы год штосьці выдумляць, каб апраўдаць укладзеныя фінансы.

І апошняе. На прыморскім фэсьце публіцы на розьвіт пажадалі тады «добрага мора і мірнай ночы». Ні ад каго не патрабавалася дзякаваць самаму галоўнаму, ладзіць авацыі. Для тамтэйшай публікі ўсё гэта засталося ва ўчорашнім дні, у мінулым стагодзьдзі, у гісторыі, у непрыемных успамінах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?