Тыя самыя 200 даляраў

Старэйшая дачка прэзідэнта Узбекістана Гульнара Карымава падчас прагулкі па Ташкенце знайшла 200 даляраў. Пра гэта яна паведаміла ў сваім Twitter.

Па словах Карымавай, грошы яна знайшла «на простай ташкенцкай дарозе». «Нехта выпусціў прыгожа складзеныя дзве купюры. Адгукніцеся, калі ведаеце чые?», — напісала яна.

Пазней Карымава апублікавала фота знойдзеных купюр — «каб было лягчэй згадаць, хто і дзе згубіў». Ці знайшоўся іх уладальнік, пакуль невядома.

Мясцовы сайт Uzmetronom, каментуючы гэтую навіну, іранічна адзначае, што «факт знаходкі сведчыць аб няўхільна растучым дабрабыце працоўных Узбекістана, якія пражываюць уздоўж «простых ташкенцкіх дарог», для якіх дзве «прыгожа складзеныя» амерыканскія купюры — такая дробязь, што і ўспамінаць не варта» .

Рэальны сярэдні заробак ва Узбекістане, па інфармацыі СМІ, не перавышае 200 даляраў.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?