Ленін у Грутасе.

Ленін у Грутасе.

Гэты помнік некалт стаяў у Вільні.

Гэты помнік некалт стаяў у Вільні.

Піянерка ў вясковай бібліятэцы.

Піянерка ў вясковай бібліятэцы.

Нацыяналісты абвінавачваюць бізнесмена Вілюмаса Мілінаўскаса, стваральніка і ўладальніка Грутаса, у прапагандзе савецкай сістэмы. Камуністы ж не могуць дараваць здзеку са свайго мінулага.

Чаму Літва?

Існуе пэўная логіка ў тым, што сярод прыбалтыйскіх рэспублік такі парк з’явіўся менавіта ў Літве. Улады і насельніцтва Эстоніі ў агульнасаюзныя справы заўжды былі ўцягнутыя мінімальна. Што датычыцца Латвіі, дык там частка грамадства, наадварот, прыняла савецкія новаўвядзенні, якія ператварылі краіну з аграрнай у індустрыяльную. З трох рэспублік Латвія найбольш змянілася за савецкі час. Сваю ролю тут адыграла і перасяленне ў краіну рускамоўных жыхароў (у сярэдзіне 1990-х латышы складалі толькі 55% насельніцтва), і традыцыі існавання «латышскіх стралкоў», фанатычных абаронцаў Кастрычніцкай рэвалюцыі. Адпаведны парк у Латвіі толькі спрыяў бы далейшаму расколу грамадства.

А вось у Літве ўзнікла раўнавага паміж латышскім фанатызмам і эстонскай абыякавасцю. Так, інтэлектуальная эліта краіны наўрад ці калі-небудзь даруе знішчэнне ўласнай дзяржавы як праз падзелы Рэчы Паспалітай, так і ў 1940. З іншага боку, паміж літоўскай і расійскай культурай працягваюць існаваць трывалыя сувязі. Напрыклад, літоўскія рэжысёры ўжо не першы год вызначаюць моду ў тэатральнай Маскве. Яны не такія слабыя, каб цалкам адмаўляцца ад кантактаў, але і не такія моцныя, каб Масква магла дыктаваць Літве свае ўмовы і ўплываць на яе праз масавую культуру, як тое назіраецца ў Латвіі. Адпаведна, узнікае магчымасць для погляду на савецкае мінулае з дыстанцыі.

Ці быў злачынцам Чарняхоўскі?

На ацэнку парку ў значнай ступені ўплываюць надпісы, размешчаныя побач з кожным помнікам, прычым на англійскай, рускай і літоўскай мовах. Для савецкага часу іх тэкст выглядае надзвычай катэгарычна. Але з пункта гледжання сённяшняга дня нічога дзіўнага —нават для кансерватыўных беларусаў — няма. Мясцовых камуністаў, якія працавалі ў 1920—1930-я на Камінтэрн, папракаюць у непрызнанні літоўскай дзяржаўнасці, што існавала да 1940. Кіраўнікоў Літвы пасля далучэння рэспублікі да СССР — у генацыдзе ўласнага народа і разбурэнні архітэктурных помнікаў. А вось подпісы ля помнікаў тым асобам, якія вызначыліся ў падзеях Другой сусветнай вайны, выклікаюць дыскусіі.

Напрыклад, спынімся на асобе генерала Чарняхоўскага. Гэты военачальнік з’яўляўся самым маладым камандуючым фронтам у СССР. А Трэці Беларускі фронт, які ён узначальваў, удзельнічаў у вызваленні Беларусі. Дык вось, вайсковыя часці, якімі кіраваў савецкі палкаводзец, абвінавачваюць у гвалце над мясцовымі жыхарамі. У тэксце прыводзіцца прыклад, калі ў адным з літоўскіх раёнаў пасля праходжання арміі былі абрабаваныя ўсе сем’і.

Дзеля справядлівасці адзначу, што помнікаў, звязаных з падзеямі Другой сусветнай вайны, мала. Таму ўсё ж такі ў Грутасе яны знаходзяцца на другім плане. Але галоўнае бачыцца ў іншым. У далёкай будучыні іншы ўладальнік парку можа змяніць змест подпісаў на супрацьлеглы. Нават у цяперашнім варыянце тэкст, дарэчы, празмерна перагружаны факталогіяй, не выклікае асаблівай цікавасці ў наведвальнікаў. Падчас майго знаходжання ў Грутасе інфармацыю не чытаў амаль ніхто.

Маўзалей… і шчыгрынавая скура

Якія ж пачуцці выклікаюць манументы і скульптуры, а таксама тая сістэма, якую яны калісьці ўвасаблялі? Бадай, не адкрыю Амерыкі, калі скажу, што савецкая сістэма ў Літве даўно сканала. А таму яе рэшткі (помнікі парку Грутас) паўтараюць… эфект маўзалея. Неаднаразова даводзілася сустракаць успаміны людзей, нават заўзятых і прававерных камуністаў, якія былі жахліва расчараваныя надведваннем саркафага на маскоўскай Краснай плошчы. І справа тут зусім не ў Леніну. Такі ж эфект можна было чакаць, калі б чытач убачыў там любую іншую выбітную асобу. Бо сама сітуацыя, падчас якой цела знаходзіцца паміж небам і зямлёй у нейкай бязважкай прасторы, не можа не выглядаць двухсэнсоўнай. А таму знішчае ўсялякую рамантыку і ранейшыя ўяўленні пра лідара, што знаходзіцца ў бальзамаваным выглядзе.

У гэтай сувязі цікава параўнаць паміж сабой часткі парку. У адной, дзе размешчаны невялікі заапарк, пануе жыццё. У другой, дзе на пэўнай адлегласці адна ад адной стаяць скульптуры, жывой паўстае толькі прырода. А самі помнікі, вырваныя з савецкага кантэксту, успрымаюцца як штучныя і нават варожыя навакольнай прыгажосці. Парадокс у тым, што сапраўдная гісторыя пануе не ў ваколіцах Друскенікаў, дзе пастаў парк, а дзесьці далёка, на прасторах Вільні, Коўна ці Трокаў. І зусім не прынцыпова, маюцца ці не маюцца там помнікі вялікім літоўскім князям. Бо там прысутнічае свет, створаны імі. А помнікі савецкім партыйным дзеячам у Грутасе нагадваюць рыбін, выкінутых на ўзбярэжжа.

Таму другім сімвалам, праз які можна патлумачыць вобраз і значэнне парку Грутас, з’яўляецца вобраз шчыгрынавай скуры. Як памятае чытач, яе атрымаў Рафаэль, галоўны герой аднайменнага твора Бальзака. Кавалак шчыгрынавай скуры здзяйсняў любыя жаданні. Але пры іх выкананні змяншалася як плошча кавалка, так і жыццё самога героя. Усвядоміўшы сітуацыю, малады чалавек адмовіўся ад любых стасункаў з людзьмі, імкнучыся застацца на гэтым свеце. Але такім чынам ператварыў сваё жыццё ў бессэнсоўнае існаванне. Савецкія і літоўскія камуністы (у выглядзе помнікаў) не жывуць у парку, а проста існуюць там.

Грутас.by

Ці магчымы такі лёс помнікаў вядомым беларускім камуністычным дзеячам, што стаяць на плошчах амаль усіх айчынных гарадоў? Зразумела, эстонскі варыянт выглядае ў нас цалкам нерэальным. Беларусь занадта моцна звязала ўласны лёс з Савецкім Саюзам, каб адмовіцца ад савецкага мінулага.

Савецкія помнікі працягваюць стаяць на п’едэсталах. Але сярод пераважнай большасці беларусаў ніхто даўно не ўспрымае герояў, увасобленых у помніках, усур’ёз. Больш за тое, апошнія сталі аб’ектамі іроніі і гумару і даўно не выконваюць сваёй ранейшай ідэалагічнай ролі.

Менавіта таму ў Беларусі даўно наспела стварэнне свайго парку. Нават дзеля вопыту і мадэлі для пераймання беларусамі парк Грутас варта было стварыць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?