Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь не задаволіў касацыйную скаргу асуджанага да смяротнага пакарання вязня магілёўскай турмы Рыгора Юзэпчука.
Прысуд, вынесены Магілёўскім абласным судом па справе аб забойстве Юзэпчуком свайго сукамерніка, уступіў у законную сілу.
Фактычна ўсе прававыя механізмы абароны на нацыянальным узроўні выкарыстаны, засталіся наглядная інстанцыя і спадзяванне на літасць прэзідэнта.
Але шанцаў, што неаднаразова судзімы, у тым ліку за забойства, Рыгор Юзэпчук будзе памілаваны — мінімальныя. Між тым, акалічнасці дадзенай справы не такія ўжо адназначныя і наводзяць на пэўныя роздумы.

Афіцыйная версія гэтага забойства была агучана ў сюжэце праграмы «Таямніцы следства» на нацыянальным тэлеканале " Беларусь -1» 1 чэрвеня 2013 г.

Паводле версіі следства і прысуду суда, Рыгор Юзэпчук, згуляўшы з сукамернікам Ігарам Ходанавым у даміно на жыццё, пасля атрыманай перамогі з дапамогай яшчэ аднаго сукамерніка Паўла Петракова задушыў пацярпелага І.Ходанава.

Аднак, калі ўважліва прагледзець гэты сюжэт, можна зрабіць выснову, што

абодва сукамернікі — і І. Ходанаў, і П. Петракоў належалі да катэгорыі асуджаных з «нізкім сацыяльным статусам». У праграме фактычна наўпрост гаворыцца, што абодва былі ў інтымных стасунках паміж сабой і належалі да вышэйазначанай катэгорыі.
Вядома, што ў месцах пазбаўлення волі такія асуджаныя нярэдка робяцца аб’ектам гвалту з боку іншых асуджаных, і менавіта таму адміністрацыі папраўчых устаноў часта ўтрыміліваюць іх асобна ад іншых зняволеных. Камеры, у якіх утрымліваюць асуджаных «з нізкім сацыяльным статусам», атрымліваюць такі самы статус. Паводле непісаных крымінальных правілаў паводзінаў,
асуджаныя, якія патрапілі ў такія камеры і не адносяцца да адпаведнага «нізкага сацыяльнага статуса» , павінны як мага хутчэй выйсці з іх, інакш яны рызыкуюць атрымаць адпаведны статус. Прычым няважна, як асуджаны вырвецца адтуль — нападзе на канваіра, ускрые вены ці нейкім іншым чынам пашкодзіць сябе альбо… заб’е насельнікаў такой камеры.
Вельмі часта ўсе гэтыя акалічнасці крымінальнага жыцця адміністрацыя папраўчых устаноў выкарыстоўвае ў сваіх мэтах. Не раз прыходзілася чуць пра пагрозы ў дачыненні да вязняў аб магчымым гвалце з боку іншых асуджаных. Вось для такіх мэтаў і выкарыстоўваюць падобнага кшталту камеры. Не выйшаў з такой камеры — значыць атрымаеш «нізкі сацыяльны статус», а чым гэта пагражае для яго носьбіта ў месцах пазбаўлення волі, тлумачыць, напэўна, будзе залішне. Грамадства ў нас досыць крыміналізаванае, шмат хто праз турмы прайшоў, правілы ведае.
Дык вось у мяне ўзнікла пытанне: а што ў такой камеры рабіў Рыгор Юзэпчук?
У праграме «Таямніцы следства» гаворыцца пра «нізкі сацыяльны статус» толькі двух асуджаных - пацярпелага І. Ходанава і саўдзельніка злачынства П. Петракова. Значыць Р. Юзэпчук, паводле сюжэту, да такой катэгорыі не адносіўся. Чаму ж ён тады апынуўся з імі ў адной камеры? Магчыма, адмінстрацыя папраўчай установы, ведаючы крымінальныя правілы, адмыслова ў выглядзе пакарання, помсты і ў мэтах далейшай кампраментацыі перавяла туды Юзэпчука? Аднак і неаднаразова раней судзімы Юзэпчук (апошні тэрмін 25 гадоў зняволення за забойства), выдатна ведаючы, чым яму пагражае знаходжанне ў камеры для асуджаных з «нізкім сацыяльным статусам», абраў адзін з варыянтаў дзеянняў у склаўшайся сітуацыі — забойства сукамернікаў. Прычым у момант забойства вочка камеры было заклеена газетай. Пры гэтым ахова чамусці не спяшалася адчыніць камеру і праверыць, што там адбываецца, двойчы абмежаваўшыся вуснымі патрабаваннямі адкрыць вочка ў дзвярах. Версія з даміно магла з’явіцца пазней, каб зняць адказнасць з адміністрацыі турмы. Юзэпчуку маглі паабяцаць захаваць жыццё за супрацоўніцтва са следствам і падтрыманне такой версіі, якая мне ўяўляецца досыць непраўдападобнай.
Цяжка паверыць, што Юзэпчук стаў бы гуляць у даміно з асуджанымі, якія, па сутнасці, з’яўляюцца недадыкальнымі паводле крымінальных правіл. З імі нават вітацца забаронена і сядзець за аднім сталом, а не тое, што ў настольныя гульні гуляць.
З сюжэту ў праграме «Таямніцы следства» таксама не зусім зразумелыя матывы ўдзелу ў забойстве свайго найлепшага сябра саўдзельніка злачынства П. Петракова. З паказаных у сюжэце паказанняў П. Петракова выглядала на тое, што Юзэпчук змусіў яго да ўдзелу ў забойстве І. Ходанава, імаверна, пад пагрозай смерці. Акрамя таго, мы валодаем інфармацыяй, што камера, дзе ўтрымліваліся І. Ходанаў і П. Петракоў, сапраўды мела «нізкі сацыяльны статус». Вядома, усё гэта толькі мае здагадкі і развагі пасля прагляду сюжэту ў праграме «Таямніцы следства» на тэлеканале «Беларусь-1», але, пагадзіцеся, што ўсе гэтыя акалічнасці выклікаюць шмат пытанняў. Толькі невядома, ці вывучалі ўсё гэта Магілёўскі абласны суд, а затым і калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда, ці звяртаў на гэта ўвагу следства і судоў адвакат, прызначаны Юзэпчуку дзяржавай?
Злачынства здарылася ў сценах турмы, дзе адміністрацыя павінна прымаць усе захады па захаванні жыцця і здароўя асуджаных.
У выпадку ж, калі перамяшчэнне Юзэпчука ў дадзеную камеру было зроблена па ініцыцятыве адміністрацыі ўстановы наўмысна, гэта азначае, што такім чынам былі пастаўлены пад пагрозу жыццё і здароўе асуджаных І. Ходанава, П. Петракова і самога Юзэпчука, які мог прычыніць сабе шкоду шляхам нанясення пашкоджанняў ці здзейсніць самагубства.
Канечне, усе гэтыя акалічнасці ў ніякім разе не апраўдваюць забойцу, але яны павінны былі быць улічаны і ацэнены судом пры вызначэнні матываў, характару здзейсненага злачынства, што, у сваю чаргу, магло паўплываць на вердыкт суда.
Права на справядлівы і бесстаронні суд павінна быць гарантавана ўсім, незалежна ад таго, хто гэтыя людзі і якія злачынствы ім інкрымінаваны. Гэта і ёсць сутнасць дэмакратычнай, прававой дзяржавы, да пабудовы якой мы мусім імкнуцца.

Аднак праўду пра гэтае злачынства мы напэўна ўжо не даведаемся.

Юзэпчук сядзіць у камеры смяротнікаў у спецкалідоры «Валадаркі» ў чаканні выкання смяротнага прысуду, прычым, паводле адміністрацыі СІЗА, ён нібыта адмовіўся ад адваката.
І я не здзіўлюся, што расстрэл Юзэпчука адбудзецца вельмі хутка, як гэта ўжо неаднаразова было, і ўсе «таямніцы следства» па гэтай справе будуць надзейна схаваны разам з целам Юзэпчука ў невядомым месцы.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?