Аляксандр Мілінкевіч стаў лаўрэатам прэміі Свабоды. Гэтая ўзнагарода ўручаецца штогод Лібэральным Інтэрнацыяналам — міжнароднай федэрацыяй ліберальных партыяў, у якую ўваходзяць больш за 60 палітычных груповак з 56 краінаў свету. Узнагарода прысуджаецца асобам, якія зрабілі выбітны ўнёсак у справу абароны правоў чалавека і палітычных свабодаў.

У папярэднія гады прэмію Свабоды Лібэральнага Інтэрнацыяналу атрымалі такія вядомыя палітыкі, як чэскі прэзідэнт Вацлаў Гавэл, міністар замежных справаў Германіі Ганс‑Дзітрых Геншэр, лідэр расейскай партыі «Яблоко» Грыгорый Яўлінскі, прэзідэнт Эстоніі Ленарт Мэры і прэм’ер‑міністр Пакістану Бэназір Бхута.

Аб значэнні дадзенай узнагароды для беларускай дэмакратычнай супольнасці і дзейнасці, за якую яна была прысуджана Аляксандру Мілінкевічу, распавёў дарадца беларускага палітыка, палітолаг Алесь Лагвінец: «Гэта вельмі прыемная навіна, тым больш, што мы самі пра гэта даведаліся post factum. Прысуджэнне прэміі — гэта чарговае міжнароднае прызнанне дзейнасці беларускіх дэмакратычных сілаў. Дзейнасці па адстойванні правоў чалавека і па распаўсюду дэмакратычных каштоўнасцяў у нашай краіне. Менавіта таму лідэр Руху «За Свабоду» быў уганараваны сусветным згуртаваннем ліберальных партыяў. Сёння Аляксандр Мілінкевіч як ніхто болей увасабляе негвалтоўнае змаганне беларусаў за свабоду, незалежнасць і еўрапейскі выбар для сваёй краіны.

У беларускіх дэмакратаў могуць быць розныя эканамічныя праграмы. Але ўсе яны сёння ёсць прыхільнікамі палітычнага лібэралізму, бо выступаюць за шанаванне палітычных правоў беларусаў: права на свабодныя выбары, на свабоду сходаў, аб’яднанняў і сумлення. Свабода — ключавая каштоўнасць для лібералаў.

Уручэнне прэстыжнай міжнароднай адзнакі адбудзецца ў лістападзе гэтага года ў нямецкім Гамбурзе.

Гэта не першая міжнародная ўзнагарода ў галіне абароны грамадзянскіх свабодаў, уручаная Аляксандру Мілінкевічу. Прыгадаем, што ў 2006 годзе лідэр Руху «За Свабоду» стаў лаўрэатам прэміі імя Андрэя Сахарава, якую ўручае Еўрапейскі парламент. Паводле звестак, якія з’явіліся ў СМІ, у 2007 годзе ўзнагрода імя Сахарава можа быць пасмяротна прысуджана расейскай журналістцы Анне Паліткоўскай, якая трагічна загінула ў кастрычніку 2006 году.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?