Рок-музыкант з Вялікабрытаніі Кен Хэнслі, былы ўдзельнік сусветна вядомага гурту Uriah Heep, паведаміў у інтэрнэце, што беларускія ўлады забаранілі ягоны выступ у Мінску, запланаваны на 16 жніўня, і таму ён у Беларусь не прыедзе.

«Прывітанне ўсім. На жаль, у мяне дрэнныя навіны. Канцэрт Ken Hensley & Live Fire Open Air Show у Мінску адменены. Яго забаранілі беларускія ўлады. Прыношу выбачэнні ўсім, хто збіраўся ісці ці набыў квіткі», — напісаў музыка ў Фэйсбуку.

15 жніўня прадпрыемства «Ціэнці», якое запрашала Кена Хэнслі ў Мінск для ўдзелу ў цырымоніі ўручэння музычнай прэміі рок-клюбу ТNТ, пацвердзіла інфармацыю пра ягоны непрыезд, патлумачыла прычыны і абвясціла пра магчымасць атрымаць назад грошы за квіткі.

Паводле сайту tntrock.by, выступ Кена Хэнслі і групы Live Fire быў запланаваны ў межах уручэння «Прэміі ТNT» на плацоўцы парку «Дрымлэнд».
Мерапрыемства павінна было пачацца 16 жніўня а 18-й, а выступ Кена Хэнслі планаваўся на час пасля 21.00 цягам дзвюх гадзін. Аднак праводзіць мерапрыемства пасля 21.00 забараніў Мінгарвыканкам. Упраўленне ідэалагічнай працы, культуры і спраў моладзі Мінгарвыканкама 12 жніўня даслала прадпрыемству «Ціэнці» ліст, у якім абмежавала час «...у сувязі са шматлікімі зваротамі грамадзян у пытанні аб захоўванні гукавога рэжыму падчас правядзення культурна-масавых мерапрыемстваў на тэрыторыі парку «Дрымлэнд».

У выніку прадпрыемства «Ціэнці» заявіла, што пераносіць уручэнне «Прэміі ТNT» у памяшканне бару клубу, і прапанавала тым, хто ўжо набыў квіткі, вярнуць за іх грошы.

Атрымаць каментарый ва ўпраўленні ідэалагічнай працы, культуры і спраў моладзі Мінгарвыканкама не ўдалося. Чыноўнікі, да якіх удалося дазваніцца, адправілі да намесніцы начальніка ўпраўлення Віталіны Рудзікавай, чый тэлефон не адказаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?