На сайце «Нашай Нівы» з’явілася рэпублікацыя гутаркі карэспандэнта Еўрапейскага радыё Алеся Пілецкага з дырэктаркай Музея Максіма Багдановіча Таццянай Шэляговіч. Ужо ў загалоўку гутаркі вылучана праблема: «На самым вядомым фота Багдановіча — не Багдановіч?».

Прызнацца, мяне таксама бянтэжыла, што ў якасці здымкаў Максіма публікуюцца выявы не падобных адзін да аднаго маладых людзей. Але я не антраполаг, нават і блізка не ведаю антрапалагічнай тэрміналогіі. І вось, нарэшце, пра тое, якое фота Максіма-кніжніка сапраўднае, загаварылі ўголас.

Таццяна Шэляговіч апавядае слухачам і чытачам, што ў сярэдзіне мінулага стагоддзя партрэт Максіма Багдановіча зрабілі не адзіночнага фота, а (шляхам выкадроўкі) з невялікага агульнага здымка супрацоўнікаў яраслаўскай газеты «Голос». «У выніку, — кажа спадарыня Шэляговіч, — атрымаўся партрэт, які моцна адрозніваецца ад рэальных здымкаў паэта».

Добра, што пад здымкам супрацоўнікаў «Голоса» на сайце «НН» даецца шэраг фотаздымкаў, якія называюць партрэтамі Максіма Багдановіча. Дык вось, на трэцім здымку — усё-ткі ён, Паэт.

Мажліва, Таццяна Шэляговіч памыляецца, калі кажа, што выкадроўку са здымка супрацоўнікаў газеты «Голос» зрабілі ў сярэдзіне мінулага стагоддзя. Гэта, як відаць, адбылося значна раней -у сярэдзіне 1920-х.

3 чэрвеня 1981 г., калі беларусы рыхтаваліся да 90-х угодкаў з дня нараджэння Максіма, мастак Вячка Целеш атрымаў ліст з такім пытаннем і каментаром: «А якім здымкам Максіма Б[агдановіча] будзеце карыстацца?».

Пытанне задавала асоба, якая вельмі добра ведала Паэта: Зоська Верас. Далей у сваім лісце яна пісала: «Ёсць здымкаў шмат, але ня ўсе добра паказываюць яго выгляд. Паводле мяне самы лепшы, падобны здымак — з кніжкі „Вянок“, выданай паўторна ў Вільні ў 1927 г.». (Тут і далей цытаты з укладзенай Міхасём Скоблам кнігі З. Верас «Я помню ўсё».)

Амаль праз год, 14 красавіка 1982 г., каментуючы Вячку Целешу нейкае выданне да 90-годдзя Паэта, Зоська Верас пісала: «Тая паштоўка — юбілейны партрэт Максіма Б[агданові]ча, абсалютна нічога не варты. Я маю такіх, хіба, з дзясятак. Адразу напісала ў Менск, у музэй — аб сваім паглядзе. Я і ім казала (былі ў мяне нядаўна з Менска, з музэю), і Вам кажу, што я лічу адзіным добрым і падобным здымак, зроблены ў 1915 г. у газэце „Голос“. (…) Такім я Максіма бачыла і помню. Пасылаю адзін такі Вам».

Дык вось, у «Вянку» 1927 года была надрукавана ці не выкадроўка з таго самага калектыўнага здымка супрацоўнікаў газеты «Голос». Углядзіцеся ў той калектыўны здымак, а потым зірніце на трэці адзіночны здымак пад ім. Вось такім і запомніла Максіма Багдановіча Зоська Верас. Што праўда, адзіночны здымак-выкадроўка на сайце «НН» не вельмі якасны. У «Вянку» 1927 года ён зроблены больш прафесійна. Бо кнігу друкавалі ў «Віленскім выдавецтве Б. А. Клецкіна», а Барыс Аркадзевіч гонарам фірмы даражыў.

Зрэшты, я не выключаю, што меўся і асобны здымак Максіма ў ліцэйскай форме.

Калі ў кагосьці ёсць сумненні што да сведчанняў Зоські Верас, дык нагадаю, што другое выданне «Вянка» да друку рыхтаваў і прадмову да яго пісаў Антон Луцкевіч. Ён таксама добра ведаў Максіма Багдановіча: у 1911 годзе запрасіў яго ў Беларусь, з Вільні завёз на месяц да сваякоў у Ракуцёшчыну… Не мог А. Луцкевіч змясціць у зборніку М. Багдановіча фотаздымак не таго чалавека.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?