Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры (БДТАПГК) у верасні пачне распрацоўку эскізнага праекта рэканструкцыі і музеефікацыі будынка былой аптэкі ў пасёлку Глуша (Бабруйскі раён Магілёўскай вобласці), дзе размесціцца музей пісьменніка Алеся Адамовіча. Пра гэта паведамляецца на сайце таварыства pomniki.budzma.org.

Праца па стварэнні музея Адамовіча ідзе з 2010 года. У гэтым працэсе акрамя БДТАПГК задзейнічаны мясцовыя грамадскія актывісты, сям’я літаратара, а таксама Глушанскі сельсавет.

У пасёлку Глуша пісьменнік правёў дзяцінства, а пасля смерці ў 1994 годзе быў там пахаваны. Будынак, у якім з’явіцца музей «Вайна пад стрэхамі» ў гонар Адамовіча, выбраны не выпадкова — у пачатку вайны ў ім пачалася падпольная антынацысцкая дзейнасць беларускага літаратара.

Як адзначаецца, сёлета ініцыятыву стварэння музея Адамовіча падтрымалі ўлады Магілёўскай вобласці і Бабруйскага райвыканкама. У маі ўсе зацікаўленыя бакі абмеркавалі дэталі працы па стварэнні музея ў кіраўніка раёна Міхаіла Шалкоўскага.

У выніку прадстаўнікі архітэктурнай секцыі БДТАПГК абследавалі тэхнічны стан будынка былой аптэкі і зрабілі неабходныя архітэктурна-археалагічныя замеры. Атрыманыя матэрыялы 14 жніўня былі перададзены Шалкоўскаму і начальніку аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіне Чарновай.

«Стварэнне музея Алеся Адамовіча „Вайна пад стрэхамі“ валанцёрскімі намаганнямі грамадскасці пры падтрымцы з боку органаў мясцовай улады — выдатны прыклад рэалізацыі прынцыпаў дзяржаўна-грамадскага партнёрства ў сферы культуры», — рэзюмуюць прадстаўнікі БДТАПГК.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?