Тое, што ахова гісторыка-культурнае спадчыны ў нашай краіне знаходзіцца ў стане дэградацыі, відаць усім, сваім і чужым. Бляшанкі на помніках даўніны «…ахоўваецца дзяржаваю», здаўна, яшчэ з савецкіх часоў, выклікалі саркастычную ўсмешку.

Таксама, проста на нашых вачах становіцца друзам, ператвараецца ў нішто Вялікая сінагога ў Ружанах.

Гэты выдатны помнік «станіславаўскага класіцызму» быў узведзены прыдворным дойлідам Сапегаў Янам Самуэлем Бэкерам, родам з Саксоніі.
Гэты выдатны архітэктар за доўгія гады працы ў Беларусі ўзвёў, перабудаваў, запраектаваў багата будынкаў у Вільні, Высокім, Зэльве, Дзярэчыне, а таксама ў маёнтках Сапегаў у Польшчы — Няміраве і Крыстыянпалі. Самуэль Бэкер стаў першым дойлідам эпохі класіцызму ў нашым краі, пры якім палацава-паркавае мастацтва ў Беларусі дасягнула еўрапейскага ўзроўню. Але, перадусім, ён, фактычна, збудаваў для Сапегаў цэлы горад — Ружаны, дзе паводле яго праектаў былі ўзведзены грандыёзны палацавы ансамбль, царква з кляштарам базыліянаў, дзве карчмы, крамы, перабудаваны касцёл. Сярод іншага ён узьвёў і гэтую сінагогу напрыканцы XVIII ст. У тым, што ўсё гэта было створана ў адным бэкераўскім стылі лёгка пераканацца, параўнаўшы прапорцыі часцінаў гэтых будынкаў, іх сціплы высакародны дэкор і ваконныя праёмы, такія падобныя, што ў сінагозе, што ў царкве.
    Габрэйская супольнасць у Ружанах утварылася позна. Згодна з пастановай Літоўскага Ваада, у 1623 г. грамада Ружанаў належыла да Берасцейскага кагалу. Тутсама адбылася і вядомая трагедыя 1657 г., калі ў юдэйскім квартале нібы было знойдзенае знявечанае цела хрысціянскага дзіцяці. Тутэйшы люд гатовы быў панішчыць усіх габрэяў мястэчка, але князь Павал Ян Сапега рашуча стаў на іх абарону, запатрабаваўшы правесці следства і суд, у выніку якіх нічога не было даказана. Але праз два гады, калі мажнаўладца быў адсутны, у Ружанах усё ж адбыўся пагром. Ён скончыўся забойствам двух чалавек, якіх кагал змушаны быў выдаць у ахвяру — Ізраіля Бэн Шалома і Тобія Бэн Ёсіфа… На час, калі ў Ружанах працаваў Ян Самуэль Бэкер, габрэйская супольнасць там налічвала ўсяго каля 150 чалавек, для патрэбаў якіх і была пастаўленая сінагога, што стала ў цэнтры адмысловага квартала.
Сёння сінагагальны двор, што цудам ацалеў, служыць аўтабазе. Тут дзее аўтазапраўка, пастаўленая пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Саюза праектам у рамках праграмы Добрасуседства Польшчы-Беларусі-Украіны

Яшчэ гадоў дзесяць таму будынка сінагогі выглядаў цалкам прыстойна, хоць і быў у закінутым стане. У ёй ацалеў нават першасны інтэр’ер XVIII стагоддзя, з фрагмэнтамі фрэсак, што выключная рэдкасць у Беларусі. Тут збераглася нават арыгінальная біма — мураваная шмат’ярусная кафедра з калонамі для публічнага чытання скрутка Торы і адпаведнага ўрыўка з кніг прарокаў падчас набажэнстваў. Такія аўтэнтычныя бімы ў нашай краіне лёгка пералічыць на пальцах адной рукі. Але цягам літаральна некалькіх апошніх гадоў сінагога пачала імкліва разбурацца і сёння скрозь дах ужо відаць неба…

Калісьці ў Ружанах было тры сінагогі і дзве малельні, хедар, школа Талмуд-Торы і нават габрэйскі тэатр.
У ваколіцах былі створаныя дзве земляробчыя габрэйскія калоніі Паўлава і Канстанцінава. Тут нарадзіліся сусветна вядомы дзеяч сіянісцкага руху: духоўны правадыр Йхель Пінес, слынны літаратар і публіцыст Арон Любашыцкі, а таксама Іцхак Шамір, прэм’ер-міністр Ізраіля. Але падзеі мінулага стагоддзя сцерлі ружанскае габрэйства з нашае зямлі дазвання. Вось толькі засталіся могілкі ды ансамбль сінагагальнага двара, што колісь быў узведзены дойлідам-саксонцам.
У Ружанах, разам з палацам, варта аднавіць і іншыя будынкі, што былі ім пастаўленыя там, каб аднавіць тое хараство і гармонію, што задумаў Бэкер.

А дзе паставіць аўтазапраўку ўжо падумайце там самі…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?