36 зняволеных, членаў руху «Браты-мусульмане», загінулі ў Егіпце пры спробе ўцёкаў падчас іх перавозкі ў турму за межамі Каіра.

Першапачаткова МУС краіны паведаміла, што мужчыны загінулі ў выніку нападу невядомага баевіка, які адкрыў агонь.

Аднак пасля МУС прызнала, што зняволеныя памерлі ад удыхання пароў слезацечнага газу, які ахоўнікі ўжылі, калі палонныя ўзялі ў закладнікі аднаго з вайскоўцаў.

Раней кіраўнік егіпецкай арміі Абдэль Фатах Сісі папярэдзіў прыхільнікаў адхіленага ад улады прэзідэнта Мурсі, што не пацерпіць гвалту, аднак запэўніў, што ў Егіпце «знойдзецца месца ўсім».

Генерал Сісі заклікаў прыхільнікаў Махамеда Мурсі «аднавіць дэмакратычны шлях» і «ўліцца ў палітычны працэс».

Гэта была першая публічная заява Сісі пасля падаўлення сіламі бяспекі акцый пратэстаў «Братоў-мусульман» — руху, які падтрымлівае Мурсі.

Егіпецкае дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва Мена паведаміла, што падчас суботніх пратэстаў па ўсёй краіне 79 чалавек загінулі і 549 атрымалі раненні.

Між тым «Альянс супраць перавароту», які падтрымлівае Мурсі, абвясціў пра намер правесці новыя акцыі пратэсту ў Каіры — нягледзячы на ранейшыя паведамленні аб адмене дэманстрацый з-за пагрозы снайпераў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?