Дваццацішасцігадовы жыхар Стаўбцоўскага раёна, які працуе ў мінскай прыватнай фірме, асуджаны ў Пінску за разбойны напад на знаёмую.

Як паведаміла старшы пракурор аддзела пракуратуры Брэсцкай вобласці Ларыса Караневіч, мужчына задумаў абрабаваць знаёмую пінчанку, якая з’яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам і займаецца здачай унаймы жылых памяшканняў на суткі.

Ведаючы пра тое, што яна можа насіць пры сабе буйную суму грошай, мужчына прыдумаў, як імі можна завалодаць.

Ён прыехаў у Пінск па працы і на падставе таго, што хоча зняць у горадзе кватэру для сваіх сяброў-мінчан, дамовіўся з жанчынай аб сустрэчы ў выбранай ім кватэры, каб нібыта перадаць аплату за яе. Зламыснік, у якога былі ключы ад кватэры, прыйшоў першым і выкруціў лямпачку ў прыхожай.

Калі жанчына ўвайшла ў кватэру, ён некалькі разоў ударыў яе па галаве патэльняй, шкляной бутэлькай з вадой і паспрабаваў задушыць.
У выніку пацярпелай былі нанесены цялесныя пашкоджанні ў выглядзе множных кровападцёкаў у вобласці галавы.
Пасля таго як у кватэры з’явіўся грамадзянскі муж жанчыны, зламыснік паспрабаваў уцячы. Ён скочыў з балкона і зламаў сабе абедзве нагі.
Яго затрымалі супрацоўнікі міліцыі, якія прыбылі на месца здарэння.
14 жніўня суд Пінскага раёна і горада Пінска прызнаў жыхара Стаўбцоўскага раёна вінаватым ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 207 Крымінальнага кодэкса (разбой), і прыгаварыў да чатырох гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.
Судом з яго спагнана на карысць пацярпелай 5 млн. рублёў у кошт кампенсацыі маральнага ўрону.

Раней мужчына судзімы не быў. Прыгавор яшчэ не набыў законную моц і можа быць абскарджаны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?