З 22 ліпеня да 3 жніўня ў невялікай вёсцы каля Капыля прайшоў міжнародны валанцёрскі летнік EWOCA-3, куды скіравалася першая экспедыцыя Арт-Сядзібы «Зробім лепш!»

«Назва праекта расшыфроўваецца як „Ecological Work Camp“. Тройка азначае тры краіны-ўдзельніцы — Беларусь, Германія, Боснія і Герцагавіна. Праект разлічаны на тры гады, і кожны раз ён праходзіць у новай краіне», — расказвае кіраўнік беларускай групы Вікторыя Церашонак.

Сёлета гонар прымаць гасцей выпаў на долю Беларусі. Інтэрнацыянальная каманда пасялілася ў вёсцы Дунаева, дзе знаходзіцца база беларускага партнёра праекта — арганізацыі «Адукацыя без межаў».

Дарэчы, месца правядзення летніка мае багатую гісторыю. У гэтай вёсцы калісьці знаходзілася сядзіба Лапухі, што належала Эдварду Вайніловічу, заснавальніку мінскага Чырвонага касцёла. Менавіта на сродкі ад продажу гэтай сядзібы быў пабудаваны самы прыгожы культавы будынак сталіцы. На жаль, цяпер у Дунаеве ад былой велічы засталіся толькі стары панскі парк і руіны стайні, якія паступова занепадаюць.

Такое стаўленне да спадчыны незразумелае замежнікам.
Кіраўнік нямецкай групы Галіна Мюлер адзначае: «У Германіі вельмі мала нічыйных тэрыторый, уся зямля знаходзіцца ў чыёйсьці ўласнасці. Таму кожны імкнецца сачыць за тым, што ён мае, і кожны кавалачак зямлі выкарыстоўваць пад свае мэты. Тут жа шмат свабоды і прастору. Але немцы не разумеюць, чаму пустуе столькі месца».

Удзельнікі летніка мелі магчымасць не толькі пазнаёміцца з унікальнай гісторыяй, але і з галавой акунуцца ў непаўторную беларускую прыроду. Два тыдні хлопцы і дзяўчаты жылі ў намётах, карысталіся экапрыбіральняй, грэлі на агні ваду для душа. Гэта стала сапраўдным выпрабаваннем для звыклых да камфорту еўрапейцаў. «Я не забуду іх вочы, калі ім рабілі экскурсію па тэрыторыі кэмпа. Ім здавалася, гэта ніколі не будзе працаваць», — успамінае Галіна Мюлер.

Сюрпрызы замежнікам прынесла і беларускае надвор’е. «Арганізатары папярэджвалі, што тут холадна і ідзе дождж, але мы праігнаравалі гэта, — працягвае Галіна Мюлер. — А калі прыехалі ў Дунаева, дождж тут усё проста заліваў. На зямлю немагчыма было ступіць — яна разыходзілася пад нагамі. Перш за ўсё нам давялося ехаць у Капыль і купляць 16 пар гумовых ботаў, якія прадавачка выдавала з вялікім здзіўленнем. Яна сказала, што гэтыя боты былі адкладзеныя для нейкага калгаса, але ўбачыўшы нашыя твары, пайшла нам насустрач».

Надвор’е і адсутнасць такіх даброт цывілізацыі, як інтэрнэт, не змаглі сапсаваць пазітыўны настрой удзельнікаў.
«Мне падабаецца, што гэта рэальны летнік, дзе ты павінен прыстасоўвацца да жыцця, пастаянна нешта рабіць, сачыць за ўсім. Тут я шмат чаму змог навучыцца», — дзеліцца ўражаннямі басніец Харыс Аўдзіцэвіч.

А павучыцца сапраўды было чаму. У першай палове дня ўдзельнікі займаліся фізічнай працай — будавалі лазню. Пад пільным кантролем прафесійнага прараба Мікалая Сачыўка беларусы, немцы і баснійцы разам вазілі пясок, замешвалі цэмент, збівалі дзверы і аканіцы, рабілі лаўкі, а таксама прыбіралі лес. «Многія прылады, напрыклад, гэбель, хлопцы бачылі першы раз у жыцці, — кажа Мікалай. — Тым не менш яны змаглі зрабіць тое, што часта даецца толькі прафесійным будаўнікам».

Але валанцёрская праца была не галоўнай мэтай летніка. Другая палова дня была цалкам прысвечаная міжкультурнай камунікацыі. У праграме значыліся розныя гульні, спаборніцтвы, майстар-класы і нават экскурсія ў Мір і Нясвіж.

Маладыя людзі малявалі на майках, шылі экалагічныя торбы, удзельнічалі ў шоу талентаў, глядзелі фільмы і ладзілі дыскусіі. А больш за ўсё ім спадабаўся майстар-клас па вырабе традыцыйных беларускіх лялек.

Ключавымі падзеямі міжкультурнага абмену сталі тры нацыянальныя вечарыны — беларуская, нямецкая і баснійская.
Дэгустацыя нацыянальнай ежы і напояў, народныя гульні, танцы, строі — усё гэта пагружала ў атмасферу іншай культуры. Як прызналіся самі ўдзельнікі, з кніг і фільмаў немагчыма даведацца столькі, колькі за некалькі гадзін ад невялікай групы людзей, якія прэзентуюць сваю краіну.

У галоўнага кухара кэмпа Зінаіды Васільеўны свае погляды на культурныя адрозненні: «Баснійская група прынесла трохі клопату. Бо ў мусульман як раз у гэты час быў Рамадан, таму яны не елі мяса. Свініны таксама не было на стале. А так замежнікі аказаліся непатрабавальнымі, не адмаўляліся ад беларускіх дранікаў, а пельмені — гэта наогул інтэрнацыянальная студэнцкая ежа!»

Розніцу ў светапоглядах адчула і Галіна Мюлер:

«У нас у Германіі больш не існуе глабальных адрозненняў паміж мужчынам і жанчынай.
Ніхто не кажа, што посуд павінная мыць жанчына ці есці павінная гатаваць жанчына. Але ў баснійскай групе ўсім было зразумела, што малатком будзе працаваць мужчына, а жанчына прыстасаваная для іншых справаў. І гэта нават не абмяркоўвалася. Хоць нямецкія і беларускія дзяўчаты бралі і малаткі, і шліфавальныя машынкі, і нават залівалі бетон. Мне здаецца, у гэтым плане беларусы больш еўрапеізаваныя».

Раней замежныя госці нічога не ведалі пра нашу краіну, таму перад прыездам проста пагуглілі. «У мяне склалася ўражанне, што сітуацыя ў Беларусі горшая, чым у Босніі. Не ўсё так стабільна, не ўсё так проста, — разважае басніец Анэс Проле. — Але калі мы прыехалі, убачылі чыстую і акуратную краіну, прыемных людзей, якія ўсміхаюцца. Беларусы вельмі працавітыя і добрыя. А яшчэ ў вас вельмі прыгожыя дзяўчаты».

Поспех гэтага ворккэмпа, на думку кіраўніка нямецкай групы Ёргена Цолнэра, заключаецца менавіта ў тым, што ён праходзіў у месцы, далёкім ад інтэрнэту, супермаркетаў і ўсіх камунікацый. Таму ўдзельнікі проста не мелі іншага выбару, як кантактаваць паміж сабой і больш уважліва ставіцца адно да аднаго.

Летась праект EWOCA-3 ужо пабываў у Германіі, дзе каля тыдня моладзь вывучала гісторыю па дакументах і рэчах, знойдзеных на тэрыторыі былога канцэнтрацыйнага лагера. На чарзе — Боснія і Герцагавіна. Пакуль арганізатары трымаюць у сакрэце, чым будуць займацца валанцёры там. Але адно баснійцы ўсё ж расказалі: удзельнікаў трэцяга кэмпа сустрэнуць з аркестрам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?