Багатую спадчыну пакінуў нам Янка Купала — паэт, драматург, палымяны публіцыст. Час не мае над ёй улады. Амаль кожны верш Песняра — як споведзь, як дзённік, па якім можна ўзнавіць увесь шлях паэта. Яго творы, поўныя вялікай праўды жыцця, выклікаюць шчырыя парывы пачуццяў і высокія ўзлёты думкі. І ніводзін радок багатай Купалавай спадчыны не ашукае даверу чытача.
Здаецца, і ведаеш творы паэта, а ўсё роўна кожны раз, калі разгортваеш яго кнігу і пачынаеш чытаць, — адкрываеш для сябе штосьці новае, нязведанае.
Стваральнікі новай экспазіцыі музея Янкі Купалы імкнуліся на якасна новым узроўні прадставіць творчасць Песняра ў лёсавызначальныя для Беларусі
Наведвальнікі новай экспазіцыі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы атрымаюць унікальную магчымасць з дапамогай сучасных інфармацыйных тэхналогій пазнаёміцца з рарытэтнымі прадметамі музейных калекцый, убачыць Мінск часоў паэта, здзейсніць падарожжа па яго мінскіх адрасах, наведаць інтэрактыўную зону «Хлопчык і летчык» для дзяцей і іх старэйшых сяброў.
Адкрыццё другой чаргі новай экспазіцыі музея Янкі Купалы — набліжэнне да Купалавай Беларусі, багатай і годнай, пяшчотнай і непаўторнай; судакраненне з айчыннай гісторыяй у яе самыя вірлівыя часы; добрая нагода, каб беларускае слова — патрыятычнае, чалавечае, роднае — гучала, слухалася і чыталася паўсюль і скрозь…