Беларуска Наталля (імя па просьбе змененае) жыве ў Ліване. Яна працавала ў клубах, а затым выйшла там замуж. Для жанчыны інцыдэнт з выкраданнем беларускі Святланы Маркіяновіч сірыйскімі паўстанцамі стаў нечаканасцю. Хоць знаёмыя жанчыны не былі, але па-зямляцку перажывае. А ў гэтай гісторыі бачыць пэўныя нестыкоўкі.

— Я прачытала артыкул, у якім бос дзяўчыны сказаў, што яна каля трох гадзін села ў машыну з сірыйскімі нумарамі і з’ехала [паблытала з малдаванкай Карынай Кольца, якая, імаверна, працавала разам з беларускай Маркіяновіч і разам з ёй знікла — НН]. Дык вось, у Ліване ніколі і ні за што цябе нават у краму ні з кім не адпусцяць! Чувак мусіць заплаціць 50-100 даляраў. Пры гэтым бос абавязаны запісаць нумар тэлефона і нумар машыны. Сама яна не мае права ў машыну сядаць. Гэта значыць, бос альбо ведаў тых людзей, альбо ў яго ёсць нумары. Гэта па-першае.

Па-другое,

пашпарт Светы павінен быць у боса таго месца, дзе яна працуе. Бо пашпарт забіраюць, а даюць копію. Калі пашпарт у боса, як дзяўчына магла пераехаць мяжу? Калі пашпарта ў яе няма, значыцца, ён яе прадаў.

А па-трэцяе, у Ліване ў цябе вольны час з 13.00 да 20.00. Калі ты спазняешся на 5 хвілін, табе пачынаюць тэлефанаваць і шукаць. А можаце сабе ўявіць, калі яна тры дні на працу не выйшла!

А ёсць жа яшчэ эміграцыйная служба, якая прыходзіць і правярае ўсіх. Калі б яе не знайшлі, гэта скандал! Босу дасталося б, і яе шукалі б. Ліван пра такі скандал увогуле не ведае. Маё меркаванне, што трэба пачынаць з пошукаў боса і спытацца пра пашпарт.

«НН»: А навошта забіраюць пашпарты?

Наталля: Каб дзяўчаты не спакусіліся на багатых ліванцаў, а працавалі. Уявіце, столькі магчымасцяў: клубы, бары, багатыры. Калі пашпарты на руках, то можна на працу не выйсці. Вось і забіраюць, каб не было куды падзецца.

Забіраюць у аэрапорце і аддаюць у аэрапорце. Але клуб нясе 100-працэнтную адказнасць за кожную з дзяўчат.

«НН»: Вы ведалі, дзе працавала Святлана?

Наталля: Не, бо магла б расказаць больш. Я ведаю амаль усе клубы тут. Але не думаю, што яна працавала ў добрым месцы. Таму,

магчыма, і бос прадаў яе. Але можа быць і што ёй прапанавалі грошы за відэа, а сама яна дзе-небудзь хаваецца.

Але ў гэта не хачу верыць, хаця так было б лепш, чым сядзець у закладніках у Сірыі.

«НН»: Вас на гэтым відэа нічога не насцярожыла?

Наталля:

Надта белыя майкі. І ў дзяўчат валасы памытыя. Я тут, у Ліване, амаль кожны дзень галаву мыю праз спёку. Выглядае, што ім далі душ прыняць. Дзіўна.

«НН»: Вы даўно жывяце ў Ліване, падобныя выпадкі прыгадваеце?

Наталля: Я ўжо два гады тут. Выйшла замуж. І ў мяне шмат сябровак. Я адпрацавала шэсць кантрактаў і нічога падобнага не бачыла. Нешта не складваецца — і ўсё. Мае сяброўкі таксама шакаваныя: як такое магло здарыцца.

Уся справа ў пашпарце: калі дакумент у боса, магчыма, яе і выкралі.

«НН»: А ў Ліване адчувальна, што ў Сірыі ідзе вайна?

Наталля: Шмат сірыйцаў — так, а па-іншаму я не адчуваю. Вось бомбу ўзарвалі, але «Хезбала» не адказала. Пакуль у нас ціха, але мы ўсе хвалюемся — ці мала што.

«НН»: А якое стаўленне да беларусаў?

Наталля: Нас тут не так шмат. Больш украінак і расіянак. Для ліванцаў Беларусь не асабліва вядомая краіна. Таму мы для іх проста «рашэн». У мяне тут праблем ніколі не было.

«НН»: Беларускае МУС паведаміла, што Святлана раней ездзіла на працу ў Ліван па непрацоўнай візе.

Наталля: Трызненне. Некалі даўно ў Ліван можна было прыехаць па турыстычнай візе і працаваць у клубах вышэйшага класа. Цяпер такога няма Не магу сказаць з поўнай упэўненасцю, але 99 працэнтаў даю, што без працоўнай візы ў клубе не папрацуеш. Магчыма, гэта быў нейкі прытон, прабачце. Але не магу казаць з упэўненасцю. Я ніколі і не бачыла такіх месцаў.

Візу ў Ліван даюць на тры месяцы. Але павінны ведаць, куды яна едзе, то бок могуць правяраць, ці яна па ўказаным адрасе знаходзіцца. На колькі яна ехала?

«НН»: Са слоў бабулі, з чэрвеня па верасень.

Наталля: Калі на тры ці шэсць месяцаў, значыцца віза працоўная... Так проста знікнуць немагчыма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?