Сёньня ў Менску на прэс‑канфэрэнцыі прадстаўнікі Міністэрства ўнутраных справаў і Нацыянальнага цэнтру законапраектнай дзейнасьці пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь тлумачылі, чым рэгістрацыя адрозьніваецца ад прапіскі.

7 верасьня прэзыдэнт Беларусі А. Лукашэнка падпісаў указ №413
«Аб удасканаленьні сыстэмы ўліку грамадзянаў па месцы жыхарства і месцы перабываньня»,
згодна з якім, з 1 студзеня 2008 г. скасоўваецца інстытут прапіскі, замест якога ўводзіцца адзіны парадак рэгістрацыі грамадзян Рэспублікі Беларусь, а таксама замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства, якія ўвесь час пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, па месцы жыхарства і месцы перабываньня.

Паводле намесьніка дырэктара Нацыянальнага цэнтру законапраектнай дзейнасьці Людмілы Панфёравай, адрозьненьні наступныя:

‑‑ калі сыстэма прапіскі рэгулюецца некалькімі рознаўзроўневымі нарматыўнымі актамі, парадак рэгістрацыі будзе адзіным для ўсёй тэрыторыі краіны, зь некаторымі адрозьненьнямі для сталіцы;

‑‑ пры перарэгістрацыі ня трэба будзе здымацца з уліку па старым месцы жыхарства. Новая рэгістрацыя аўтаматычна адмяняе папярэднюю, зьмяншаецца колькасьць неабходных дакумэнтаў;

‑‑ уласьнік можа рэгістравацца па месцы знаходжаньня жыльля без абмежаваньняў. Можна рэгістравацца нават у садовых доміках ці на лецішчах, у будынках, падлеглых зносу і капітальнаму рамонту. Прадугледжана таксама рэгістрацыя для асоб, што пражываюць у будынках рэлігійнага культу;

Л. Панфёрава зазначыла, што паводле новага парадку можна будзе зарэгістраваць вялікую адзіную сям’ю, нягледзячы на памер жылой плошчы. Таксама ўпершыню будуць рэгістраваць асоб, якія ня маюць асноўнага месца жыхарства.

Намесьнік начальніка Дэпартамэнту па грамадзянстве і міграцыі МВД Анатоль Ланін мяркуеў, што новы парадак рэгістрацыі вызваліць суды ад фіктыўных шлюбаў і разводаў, аблегчыць кантроль перамяшчэньня насельніцтва і зліквідуе рынак гандлю прапіскай, лягчэй стане адсочваць месцазнаходжаньне грамадзян іншых краінаў, якія маюць від на жыхарства ў Беларусі. Зьмякчыцца заканадаўства адносна парушэньня пражываньня не па месцы прапіскі — за пражываньне бяз рэгістрацыі грамадзянін спачатку атрымае папярэджаньне, і толькі потым штраф. Плата за рэгістрацыю складзе 0,2 базавых велічыні (сёньня 6 200 рублёў)

Апроч таго, каб атрымаць працу, дастаткова будзе зарэгістравацца па месцы перабываньня на год, пасьля проста працягваць рэгістрацыю.

Экспэрты «НН» мяркуюць, што зьмены ў заканадаўстве маюць шмат станоўчых рысаў. Гэта скарачэньне тэрміну афармленьня рэгістрацыі (3 дні), адмена пошлінаў некаторым катэгорыям насельніцтва, магчымасьць зарэгістравацца па месцы перабываньня, не мяняючы пастаяннае рэгістрацыі. Асобы, што не пасьпелі аформіць права валоданьня жыльлём, маюць на гэта тры гады пераходнага пэрыяду. Праўда, у Менску трэба будзе чакаць прытоку працоўнай сілы, нягледзячы на тое, што пастаянна зарэгістравацца ў сталіцы стане складаней.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?