Жэня не даплыў да берага.

Жэня не даплыў да берага.

У суботу, 17 жніўня, трое берасцейцаў каля клуба «Сіці» ўцягнуліся ў патасоўку з армянамі: заступіліся за хлопца. Разборкі атрымаліся як у 1990-х.

— Нехта з армян сядзеў у машыне з расійскімі нумарамі, — Аляксандр ведае падрабязнасці ад знаёмага, удзельніка бойкі — самі яны не рашаюцца размаўляць з журналістамі. — Відаць, яны праз Брэст ехалі ў Еўропу альбо назад. Іншыя стаялі каля клуба. І гэтая група гасцей абразіла мясцовага хлопца. Патасоўку разнялі ахоўнікі клуба і іншыя людзі, што сабраліся. Магчыма, на гэтым бы ўсё і скончылася. Але аднаму з хлопцаў патэлефанаваў армянін з брэсцкай дыяспары. І прапанаваў разабрацца на наступны дзень на выратавальнай станцыі на рэчцы Мухавец.

У прызначаны час берасцюкі (каля 15 чалавек) ад 21 да 24 гадоў прыйшлі, але з сабой нічога не бралі для самаабароны. Праз нейкі час на станцыі паказалася чарада аўтамабіляў. Машын было ўдвая больш, чым саміх хлопцаў. З іх выйшла каля 60 армянаў. Размовы не атрымалася. Удары пасыпаліся з усіх бакоў. Хлопцы кінуліся ўрассыпную. Яны сцвярджаюць, што ў спіну ім стралялі з пнеўматыкі. Нехта скочыў у ваду ў адзенні, нехта ў чароце схаваўся. Недалёка ад выратавальнай станцыі, метраў за сто, ёсць астравок. Жэня таксама кінуўся ў ваду, хаця плаваў кепска. І патануў.

Аляксандр кажа, што ўсё адбывалася на вачах у выратавальнікаў, якія дзяжураць там кругласуткава. Пазней яны на лодцы падплылі да вострава, каб выцягнуць хлопцаў. Выратавальнікі былі сведкамі і іншай карціны: недалёка стаяла машына супрацоўнікаў ППС, але яны не ўмешваліся.

— Калі прыехалі яшчэ дзве міліцэйскія машыны, армяне збеглі. У часе пагоні адна з машын трапіла ў несур’ёзную аварыю. Яе пасажыраў і затрымалі — чатыры чалавекі. Уначы даставілі ў аддзяленне Ленінскага РАУСа яшчэ каля 20 чалавек.

Усе думалі, што Жэня напалохаўся і хаваецца. На наступны дзень вадалазы абшукалі дно вакол вострава, але не знайшлі. Армян вызвалілі за адсутнасцю складу злачынства. Раніцай 20 жніўня вадалазы з трэцяга разу знайшлі цела Жэні. Па выніках экспертызы на ягоным целе адсутнічаюць сляды гвалтоўнай смерці. Смерць па неасцярожнасці — патануў.

Хлопец кажа, што не ведае, ці будуць берасцейцы пісаць заявы ў міліцыю. «Але што цяпер творыцца ў іх галовах, не ведаю. Ці не спалохаюцца, што ім будуць помсціць, бо ўсім вядомы менталітэт народаў Каўказа».

Як стала вядома «НН», факт хуліганства, за што маглі б завесці крымінальную справу, не ўстаноўлены міліцыяй. Пнеўматычнай зброі альбо шарыкаў ад яе на месцы здарэння не знайшлі. Міліцыянты сумняваюцца і ў бойцы: маўляў, адны прыстрашылі іншых, а тыя і разбегліся.

Пра Жэню вядома, што ён быў фанатам брэсцкага «Дынама». У фанацкіх колах у яго была мянушка Берсерк.

Афіцыйна

«Следчым камітэтам праводзіцца праверка па факце смерці жыхара Брэста, які 18 жніўня не даплыў да вострава на р. Мухавец. Папярэдне, прычына смерці — патапленне. Цялесных пашкоджанняў на целе няма. Відавочцы апытаныя. Матэрыялы праверкі канфлікту на беразе — у аддзела ўнутраных спраў», — паведаміла прадстаўнік СК Юлія Ганчарова.

Ва УУС Брэсцкага аблвыканкама адзначаюць, што «людзей было ў пяць разоў менш, чым пішуць у інтэрнэце, і не ўсе з іх яшчэ апытаныя, таму дакладныя лічбы называць некарэктна».

Таксама ва УУС падкрэслілі, што не варта гаварыць аб прыналежнасці удзельнікаў начной сустрэчы да якойсьці дыяспары. «Усе яны берасцейцы, грамадзяне Рэспублікі Беларусь», — акцэнтавалі ва УУС.


Разборкі адбыліся тут (чырвоным).
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?