Труну з парэшткамі святой паставілі перад алтаром, памаліцца перад ёй прыйшлі больш за тысячу вернікаў.

Малы шлях да святасці

Тэрэза нарадзілася ў 1873 годзе ў горадзе Алансон на поўначы Францыі ў сям’і веруючых католікаў. Маючы васемнаццаць год, у 1888 годзе ўступіла ў кляштар ордэну кармелітак у горадзе Лізьё. Адыйшла да Госпада 30 верасня 1897 года, пражыўшы на зямлі дваццаць чатыры гады.

Па сваім кароткім жыцці Тэрэза пакінула тры аўтабіяграфічныя рукапісы, выдадзеныя па яе смерці пад назвай «Гісторыя адной душы». Хутка яны сталі класікай каталіцкай літаратуры, а ў 1997 годзе Папа Ян Павел ІІ надаў святой Тэрэзе ад Дзіцяткі Ісуса тытул настаўніка Касцёла.

Свой досвед духоўнага жыцця Тэрэза называе «малым шляхам да святасці». Гэта шлях асобы, якая разумее сваю слабасць перад і Богам, і перад людзьмі — і непахісна верыць, што Бог яе любіць. Гэта шлях чалавека, адзінае імкненне якога — любіць Бога і быць з Богам.

Душа ў небе, а цела ў Шаркоўшчыне

Каталіцкая святыня ў Шаркоўшчыне, прасторная, пабудаваная з чырвонай цэглы, добра бачная з мосту праз раку Дзісёнку. Раней католікі маліліся ў зграбным драўляным касцялку з дзвюма вежамі, пастаўленым у 1906 годзе. «Пафарбаваны на чырвоны колер, касцёл выглядаў як цагляны», успамінае краязнаўца Уладзіслаў Ляскоўскі. Той касцёл пабурылі ў 1950-х гадах камуністы, і новы прыйшлося будаваць ужо пры незалежнасці.

Дабіраюся ў Шаркоўшчыну каля абеду. Урачыстая сустрэча рэліквій, што была, а 10-й, прайшла міма майго аб’ектыва. Над уваходам у касцёл лунаюць бела-блакітны «марыйны» і бела-жоўты ватыканскі сцягі. На сцяне плакат з выявай святой Тэрэзы і словамі «Маё пакліканне — гэта любоў».

Пры ўваходзе манахіня-кармелітка гандлюе абразамі, кнігай «Гісторыі адной душы», дыскамі са спевамі на вершы святой. Спевы на дыску па-беларуску, а класічны твор Тэрэзы перакладзены толькі на расійскую.

Рэліквіярый — накрытая шклом труна з парэшткамі святой Тэрэзы — стаіць проста перад алтаром. Душа яе ў Нябесным Валадарстве, аўтабіяграфію святой чытаюць вернікі ва ўсім свеце, а парэшткі ляжаць сёння ў беларускай святыні на беразе ракі Дзісёнкі. Для мясцовых вернікаў гэта вялікая радасць: хто з іх можа дабрацца ў базіліку святой, што месціцца ў французскім горадзе Лізьё?

Насуперак пашыранаму меркаванню, католікі не пакланяюцца рэліквіям.
Ушанаванне святых адрозніваецца ад таго пакланення, якое належыць толькі Богу. «Дзеянне Бога, жыццё святых — гэта не проста словы, а найперш людзі з цела і крыві, якія жылі сярод нас і здабылі вяршыні святасці. Сустрэча са святым праз пасрэдніцтва рэліквій — гэта нагода аднавіць нашу веру ў моц Божага дзеяння, а таксама ў сумоўе святых, якія і цяпер жывуць, дзейнічаюць і не перастаюць дапамагаць нам сваім няспынным заступніцтвам перад любячым Богам», — тлумачыць чытачам часопіса «Ave Maria» магістр тэалогіі ксёндз Андрэй Рылка.

Пашану да рэліквій святой Тэрэзы шаркоўшчынскія вернікі выяўляюць па-рознаму. Вось маладая жанчына падыходзіць да алтара з пакункам, поўным пялёсткаў кветак, шчодра пасыпае прыступкі перад рэліквіярыем. Пры мне дзве жанчыны паклалі перад труной жывыя ружы. Гэта невыпадкова: святая Тэрэза вельмі любіла ружы. Яна зрывала іх у кляштарным садзе, каб абсыпаць пялёсткамі Распяцце. Таму і на абразах святую малююць з крыжам і букетам ружаў у руках.

Вернікі падыходзяць да рэліквіярыя святой Тэрэзы, становяцца на некалькі хвілінаў на калені. Некаторыя моляцца са слязьмі на вачах — ёсць аб чым прасіць Бога ў нашым гаротным жыцці. Бяруць абразы святой (стос ляжыць проста на прыступках), прыкладваюць да шкла, якім накрыты рэліквіярый. Прыхінаюцца да рэліквій рукой, галавой, пабожна цалуюць шкло. Кладуць грошы на ахвяру, адыходзяць…

Маліцца прыходзяць не толькі католікі, але і праваслаўныя. Бог адзін.

Таму што свет прамінае

Касцёл становіцца поўны перад Імшой, а 6-й гадзіне вечара. Вернікаў збіраецца з паўтысячы. Багата дзяцей і моладзі. Хор упрыгожвае набажэнства спевам, грае скрыпка. Песні вывучылі новыя, парафіяне іх пакуль не ведаюць і не могуць спяваць разам з хорам.

«Ісус сказаў: «Праслаўляю Цябе, Ойча, Пан неба і зямлі, што Ты закрыў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта дзецям. Так, Ойча, бо так было табе даспадобы. (…) Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас. Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам. (…) Бо ярмо Маё прыемнае, і цяжар Мой лёгкі», — айцец кармеліт Андрэй Авэн чытае з амбоны Евангелле.

«Святасць не заключаецца толькі ў здзяйсненні цудаў або адданні сябе на ахвяру ўсеспалення. Святасць — гэта ўменне быць Божым дзіцём, уменне ўсвядоміць сваю маленькасць», — прапаведуе айцец Андрэй. — «Быць Божым дзіцём — значыць крочыць малой дарогай, любячы Бога і людзей, а таксама адкідваючы марнасць гэтага свету. Гэта мудры выбар кожнага чалавека — таму што свет прамінае, а з ім прамінае і яго пажадлівасць».

Разважанні, якімі айцец Андрэй падзяліўся ў Шаркоўшчыне, ён апублікаваў месяц таму на партале Catholic.by — туды і адсылаю ахвотных азнаёміцца з тэкстам пропаведзі.

Адпачывай ува Мне

Літургія служыцца паводле парадку звычайнага дня. Ахвяраванне дароў. Перамяненне. Камунія, да якой прыступаюць сотні дзве-тры вернікаў.

«Няхай Найсвяцейшы Сакрамэнт запаліць у нас агонь Тваёй любові, каб мы, як святая Тэрэза, былі Табе адданыя», — моліцца на заканчэнне Імшы айцец кармеліт Юры Кулай.

«Не бойцеся казаць святой Тэрэзе ўсё, што маеце на сэрцы, з чым не можаце справіцца. Бо яна казала, што на таго, хто будзе маліцца да Бога праз яе заступніцтва, спашле дождж ружаў, дождж Божых ласкаў», — навучае айцец Юры людзей.

Маліцца ў шаркоўшчынскім касцёле будуць цэлую ноч.
А 21-й гадзіне ў касцёле сотня чалавек. Цішыня. Прыходзяць сямейныя пары з малымі дзеткамі.

Моладзь пачынае адарацыю. Расселіся ў кола на падлозе, чытаюць урыўкі са Святога Пісання, са святой Тэрэзы, перамяжоўваюць іх спевамі. «Не, нічога не кажы, трывай у маўчанні, адпачывай ува Мне», — павольна выводзяць маладыя галасы пад вытанчаныя гукі скрыпкі. Прыгожы фармат моладзевай адарацыі, які прыжыўся ў беларускім Касцёле.

Раніцай 22 жніўня шаркоўшчынскія вернікі развітаюцца з рэліквіямі святой Тэрэзы, іх перавязуць у Глыбокае. Далейшы расклад перэгрынацыі: 23 жніўня — Параф’янава (Докшыцкі раён), 24 жніўня — Полацк, 25 жніўня — Лепель, 26 жніўня — Орша, 28 жніўня — Віцебск (касцёл Ісуса Міласэрнага).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?