Яшчэ ў пачатку зімы ў сталіцы стартавала хваля падаражання кватэр на другасным рынку жыллёвай нерухомасці. Увесну і нават летам цэны на жыллё працягвалі расці далей. Падобныя тэндэнцыі зараз назіраюцца і на рэгіянальных другасных рынках гарадской нерухомасці. Пра сённяшнюю сітуацыю з цэнамі на жыллё ў рэгіёнах і прагнозы на бліжэйшыя месяцы карэспандэнту «Звязды» паведамілі галоўныя «гульцы» другаснага рынку нерухомасці абласных цэнтраў Беларусі. Высветлілася, што нават у суседніх рэгіянальных цэнтрах тэндэнцыі на рынку жылля падобныя, але рэальныя сітуацыі адрозніваюцца.

Ліквідных кватэр у Брэсце амаль няма

Менавіта гэты заходні фарпост з’яўляецца другім горадам у краіне, дзе кватэры на другасным рынку жылля даражэюць больш інтэнсіўна.

Дырэктар Брэсцкага агенцтва па аказанні рыэлтарскіх паслуг Анатоль Вайтовіч паведаміў рэдакцыі, што цяпер кошт квадратнага метра агульнай плошчы нават не зусім якасных аднапакаёвых «хрушчовак» пачаў набліжацца да тысячы долараў. Такія аднапакаёўкі агульнай плошчай да 30–32 квадратных метраў прапануюцца на рынку за 30–31 тыс. долараў. Апошнім часам павялічыўся кошт і на зусім дробненькія «маласямейкі» (плошча да 22–24 кв. м), якія сёння прадаюцца прыкладна за 25–26 тысяч долараў.

Аднапакаёвыя кватэры новай планіроўкі і плошчай да 36 кв. метраў прапануюцца пакупнікам за 35–38 тысяч, а больш прасторныя жылыя памяшканні (каля 43 кв. метраў) у новых дамах — ад 40 да 45 тысяч долараў. Ёсць у Брэсце і элітныя аднапакаёўкі агульнай плошчай да 50–60 кв. метраў. Такое жыллё ўжо з якасным рамонтам каштуе ад 70 да 80 тысяч долараў.

Мінімальны кошт двухпакаёвых кватэр пачынаецца з 35–36 тысяч долараў. Гэта маленькія «хрушчоўкі» плошчай ад 38 да 40 кв. метраў. Сярэдні кошт стандартных двухпакаёвак дасягае зараз 45 тысяч і больш, калі агульная плошча кватэр складае ад 46 да 53 кв. метраў. Мінімальным попытам карыстаюцца ў Брэсце зусім «слабыя» па якасці трохпакаёвыя «хрушчоўкі», калі 50–53 «квадраты» каштуюць ад 43 да 45 тысяч долараў. Сярэдні кошт стандартных трохпакаёвак у панэльных дамах вагаецца ад 55 да 60 тысяч долараў.

У гэтым выпадку назіраецца такая тэндэнцыя: чым больш плошча стандартнай кватэры — тым менш каштуе квадратны метр.

Анатоль Вайтовіч адзначае, што цяпер ліквідных кватэр у горадзе над Бугам амаль не засталося. Кватэры прымальнай якасці па рэальным кошце прадаюцца на рынку на працягу некалькіх дзён. Аднак прадаўцы сёння ў «фаворы», і менавіта яны дыктуюць умовы.

Толькі з мая цэны на стандартныя двухпакаёўкі падскочылі прыкладна на 3–4 тысячы долараў. Спецыялісты гэтага абласнога цэнтра ўпэўнены, што ў бліжэйшыя 4 месяцы жыллё на другасным рынку будзе і надалей даражэць. Толькі за восень цэннікі на кватэры пацяжэюць яшчэ мінімум на 4–7 працэнтаў, упэўнены Анатоль Вайтовіч.

Віцебскае падаражанне мае і расійскі след

З першых дзён года працягваецца павелічэнне попыту на ўсе віды жылля і ў паўночным рэгіёне. Толькі за апошні месяц аднапакаёвыя кватэры ў горадзе на Заходняй Дзвіне падаражэлі адразу на 2–3 тысячы долараў, паведаміў нам дырэктар Віцебскага агенцтва па аказанні рыэлтарскіх паслуг Уладзімір Кабанаў.

Невялікія аднапакаёвыя «хрушчоўкі» зараз прапануюцца кліентам за 30–33 тысячы долараў. Стандартныя кватэры агульнай плошчай 38–39 кв. метраў каштуюць цяпер прыкладна 41–42 тысячы долараў. У элітных дамах кошт якасных аднапакаёвак пачынаецца з 50 тысяч долараў і да бясконцасці. Двухпакаёвыя «хрушчоўкі» (43–45 кв. м) у старых дамах каштуюць каля 41–42 тысяч долараў. І на такое жыллё выбар у Віцебску мінімальны. Больш прасторныя двухпакаёвыя кватэры новай планіроўкі і плошчай каля 50 кв. метраў каштуюць у межах 51–52 тысяч долараў. Нягледзячы на сур’ёзны кошт «квадрата», такіх кватэр у продажы амаль не засталося. А вось попыт на старыя трохпакаёўкі зараз не такі вялікі, таму і падаражэлі яны значна менш. Трохпакаёвыя «хрушчоўкі» (каля 58 кв. метраў) прапануюцца прыкладна за 50 тысяч долараў, а «троечкі» новай планіроўкі каштуюць ад 60 тысяч і даражэй за памяшканні плошчай 64 кв. метры.

Уладзімір Кабанаў адзначае, што пік продажу кватэр на другасным рынку Віцебска назіраўся ў ліпені, калі адначасова прапаноўвалася каля 700 аб’ектаў нерухомасці. Зараз на рынку засталося толькі прыкладна 400 аб’ектаў жылля, бо асобныя прадаўцы знялі свае кватэры з продажу, каб пазней рэалізаваць іх ужо даражэй.

Гэтым летам у Віцебскім рэгіёне пачала мацней акрэслівацца тэндэнцыя набыцця жылля расіянамі. Грамадзяне суседняй дзяржавы купляюць тут кватэры і асобныя дамы амаль без торгу, чым правакуюць далейшае павелічэнне цэннікаў.

Даволі актыўна цяпер набываюцца прыватныя дамы і катэджы як у Віцебску, так і ў бліжэйшым прыгарадзе. Рэальны кошт такога жылля зараз складае ад 80 да 200 тысяч долараў.

Пры існуючым максімальным попыце жыллё ў Віцебску будзе даражэць і надалей. Кіраўнік дзяржаўнага агенцтва прагназуе, што ўжо да снежня цэннікі на кватэры ў гэтым абласным цэнтры пацяжэюць яшчэ на 10–15 працэнтаў. Спецыяліст тлумачыць свой прагноз тым, што новае долевае будаўніцтва ў горадзе амаль цалкам спынілася, пасля чаго людзі сталі больш увагі надаваць менавіта другаснаму рынку жылля.

Цэны ў Гродне дыктуе мясцовы забудоўшчык

Павышаны попыт на жыллё ў гэтым горадзе акрэсліўся з пачатку вясны, тады і цэны на нерухомасць сталі павялічвацца.

А ўсё пачалося з таго моманту, як магутны мясцовы забудоўшчык, таварыства «Гроднажылбуд», выставіў у свабодны продаж кватэры ў новым доме прэстыжнага раёна па кошце 1000 долараў за квадратны метр. І гэта былі кватэры без аддзелкі. Людзі адразу зразумелі, што таннага жылля ўжо не будзе, таму і пачалі павялічваць цэннікі на сваё старое жыллё. Псіхалагічны фактар спрацаваў проста выдатна: зараз попыт перавышае жыллёвую прапанову больш чым у 2–3 разы.

Праўда, галоўны забудоўшчык горада актыўна будуе жыллё і на ўскрайку абласнога цэнтра па кошце квадратнага метра да 700–800 долараў. Менавіта таму «слабенькія» кватэры ў старых дамах падаражэлі яшчэ не максімальна.

Як паведаміў кіраўнік дзяржаўнага агенцтва па аказанні рыэлтарскіх паслуг г. Гродна Валяр’ян Стока, мінімальны кошт аднапакаёвых «хрушчовак» (31 кв. м) тут складае 26 тысяч долараў. Падобныя па плошчы (32 кв. м) «брэжнеўкі» каштуюць ужо ад 29 да 32 тысяч долараў, а стандартныя аднапакаёўкі ў панэльных дамах (каля 42 кв. м) прапануюцца кліентам за 33–35 тысяч долараў.

Не вельмі дорага прадаюць у Гродне і двухпакаёвыя «хрушчоўкі» агульнай плошчай 44 кв. метры — за 32–34 тысячы долараў. Стандартныя двухпакаёўкі плошчай каля 56 кв. метраў прапануюцца, у залежнасці ад якасці, ад 41 да 45 тысяч долараў. Існуюць на рынку і элітныя двухпакаёвыя кватэры з кухняй за 12 метраў. Такое жылое памяшканне з рамонтам і агульнай плошчай 58 кв. метраў мае рэальны цэннік ад 67 да 69 тысяч долараў.

Прысутнічаюць на рынку Гродна зусім маленькія па плошчы (45–48 кв. метраў) трохпакаёвыя кватэры. Такое жыллё мае кодавую назву «распашонка-брэжнеўка» і каштуе ад 39 да 42 тысяч долараў. Трохпакаёўкі (56–57 кв. м) у панэльных дамах выстаўлены на продаж за 50 тысяч долараў і даражэй. Так званыя «чэшкі» плошчай ад 73 да 80 кв. метраў каштуюць мінімум 70 тысяч долараў.

Кіраўнік дзяржаўнага агенцтва нерухомасці паведаміў нам, што жыллё на другасным рынку Гродна за вясну і лета падаражэла прыкладна на 12–15 працэнтаў. Далей цэннікі будуць павялічвацца ўжо не так істотна. Да канца года яны могуць прыплюсаваць яшчэ 4–6 працэнтаў, але не больш, лічыць Валяр’ян Стока.

У Гомелі цэнамі кіруе дэфіцыт

Да апошняга часу кватэры ў гэтым горадзе каштавалі значна менш, чым у іншых абласных цэнтрах краіны. Існуючыя тэндэнцыі такую сітуацыю хутка зменяць.

Не, попыт на жыллё ў Гомелі не такі і вялікі, але вельмі слабая прапанова і адсутнасць рэальнага выбару стварае ідэальныя ўмовы для штучнага павелічэння цэн. Менавіта з-за гэтага дэфіцыту прадаўцы кватэр павялічваюць цэннікі і трымаюцца за іх да апошняга.

Вось цэны і папаўзлі ўгору. А другога выйсця ў кліентаў ужо няма, бо апошнім часам долевае будаўніцтва ў рэгіёне ўвогуле не дзейнічае, расказвае пра сітуацыю намеснік генеральнага дырэктара Цэнтра гандлю нерухомасцю «ПАКАДАН» Алеся Кучынская.

Менавіта таму зусім «слабенькія» аднапакаёвыя «хрушчоўкі» (да 31 кв. м) каштуюць ужо 25 тысяч долараў. У панэльных дамах маленькія аднапакаёўкі (34 кв. м) прапануюцца мінімум за 28–30 тысяч долараў. Кватэры з палепшанай планіроўкай прымальных плошчаў (36–42 кв. м) у «свежых» дамах (да 10 гадоў з часу пабудовы) каштуюць і ўвогуле ад 35 да 50 тысяч долараў. Атрымліваецца, што ў такіх кватэрах кошт жыллёвага «квадрата» дасягае 1000–1100 долараў.

Двухпакаёвыя «хрушчоўкі» плошчай каля 38 кв. метраў маюць мінімальны кошт ад 32 тысяч долараў. Такія сярэднія па плошчы двухпакаёўкі (да 50 кв. м) маюць цэннік ад 37 да 40 тысяч долараў. Двухпакаёвыя «чэшкі» з кухняй 10 «квадратаў» і агульнай плошчай каля 54 кв. метраў каштуюць зараз не менш як 50 тысяч долараў.

Самыя танныя трохпакаёўкі (54 кв. м) з сумежнымі пакоямі нават увогуле без рамонту каштуюць 47–48 тысяч «зялёных». Тыпавая трохпакаёвая «панэлька» агульнай плошчай каля 65 квадратных метраў «цягне» зараз ужо 50–55 тысяч долараў. Сучасныя трохпакаёўкі ў цагляным ці маналітным доме з агульнай плошчай у межах 68–85 кв. метраў прапануюцца за 65–75 тысяч, а з добрым рамонтам — і за 80–90 тысяч долараў.

Алеся Кучынская паведаміла рэдакцыі, што жыллё ў Гомелі пачало даражэць яшчэ ў лістападзе мінулага года. За гэты час цэннікі на кватэры прыплюсавалі ажно 35–40 працэнтаў ад першапачатковага кошту.

Спадарыня Алеся адзначыла, што камерцыйнае жыллё ў горадзе будуецца ў вельмі маленькіх аб’ёмах, таму яно даволі дарагое. Двухпакаёвыя кватэры без аддзелкі там каштуюць каля 65 тысяч долараў, калі за квадратны метр трэба заплаціць тысячу долараў. Будуецца адзін дом у цэнтры горада, дзе кватэры каштуюць з разліку 1300 долараў за квадратны метр.

Не вельмі радасная сітуацыя на першасным рынку жылля прымушае людзей купляць кватэры ў прыватным парадку. А кватэр на рынку не хапае, што і правакуе штучнае павелічэнне цэн. Таму наш эксперт лічыць, што за верасень-кастрычнік цэны на стандартнае жыллё ў горадзе могуць павялічыцца яшчэ на 5–7 працэнтаў, а да новага года — нават да 15 працэнтаў.

Гэтым летам актыўна прапануюцца на продаж не вельмі шыкоўныя катэджы (плошчай да 100 кв. м) па кошце ад 70 да 80 тысяч долараў. А вось звычайны жылы дом у добрым раёне горада на 10 сотках зямлі прапануецца кліентам за 50–60 тысяч долараў. Існуюць у продажы старыя, але яшчэ трывалыя жылыя дамы з агульнай плошчай каля 50 кв. метраў. Такі аб’ект нерухомасці на 6 сотках зямлі каштуе каля 30 тысяч долараў і нават менш. Існуюць выпадкі, калі падобны дом прадаюць нават за 15–20 тысяч долараў. Такое жыллё зараз не даражэе. Зніжкі ў час таргоў дасягаюць 3–4 тысяч USD.

Паляванне на танныя аднапакаёўкі ў Магілёве

На другасным рынку гэтага горада жыллёвай нерухомасцю кліенты пачалі сур’ёзна цікавіцца толькі ў сярэдзіне сакавіка. Павялічылася колькасць зарэгістраваных здзелак, і цэны на кватэры пачалі рухацца ўгору, паведаміла рэдакцыі дырэктар Магілёўскага агенцтва па аказанні рыэлтарскіх паслуг Алена Арцыкава.

У гэтай актывізацыі пакупнікоў ёсць пэўная асаблівасць. Кліенты шукаюць і купляюць толькі самае таннае жыллё: галоўным чынам, гэта аднапакаёвыя кватэры, якія патрабуюць рамонту. Тут людзі з грашыма набывалі кватэры не для ўласнага пражывання, а каб правільна ўкласці грошы. Менавіта таму большасць таннага жылля ўжо і павымывана з рынку.

Статыстыка сведчыць, што за апошнія 2–3 месяцы стандартныя кватэры ў Магілёве падаражэлі на 10–12 працэнтаў. Самыя «слабенькія» аднапакаёўкі (30–31 кв. метр) зараз тут каштуюць 25 тысяч долараў. У панэльных дамах кватэры плошчай 36 кв. метраў каштуюць ужо 32–33 тысячы долараў. А вось аднапакаёўкі палепшанай планіроўкі плошчай каля 40–50 квадратных метраў прапануюцца пакупнікам ужо за 41–52 тысячы долараў.

Двухпакаёвая «хрушчоўка» ў спальным раёне Магілёва ацэньваецца ў межах 33–35 тысяч долараў. Звычайныя кватэры плошчай да 52–55 кв. метраў у панэльных дамах каштуюць ужо 42–45 тысяч долараў.

Сапраўды таннымі з’яўляюцца, па мінскіх мерках, мясцовыя трохпакаёвыя «хрушчоўкі» (54–55 кв. метраў), якія каштуюць ад 40 да 42 тысяч долараў. Стандартныя кватэры плошчай 66–67 квадратных метраў каштуюць усяго 50–52 тысячы долараў.

Алена Арцыкава ўпэўнена, што восенню попыт традыцыйна павялічваецца на ўсе тыпы кватэр. Таму да лістапада-снежня ліквідныя кватэры могуць падаражэць яшчэ на 7–8 працэнтаў.

Гэтым летам на другасным рынку Магілёва акрэслілася новая тэндэнцыя, якая тычыцца прыватнага сектара. Зараз назіраецца істотнае павелічэнне прапановы асобных жылых дамоў. Гэта звычайна цагляныя ці драўляныя дамы 1950–1970-х гадоў пабудовы, дзе жылая плошча складае 50–65 квадратных метраў. Сярэдні кошт такіх дамоў на зямельных участках у межах горада складае каля 40–50 тысяч долараў, аднак хапае і зусім «слабенькіх» дамоў пад знос за 10–15 тысяч долараў. Прапанова ў прыватным сектары павялічылася, аднак попыт на такія несучасныя аб’екты цяпер мінімальны. Такія дамы зараз прадаюць дзеці памерлых бацькоў. Так, маладыя прывыклі жыць у камфортных умовах, і агароды ім не патрэбны. Трывалыя і якасныя катэджы тут каштуюць ад 100 да 150 тысяч долараў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?