26 і 27 кастрычніка ў Полацку пройдзе найбуйнейшы на тэрыторыі Беларусі рок‑фэст «Рок‑Кола». Арганізатар фэсту Сяргей Анішчанка: «Гэтым разам сусьветных зорак запрашаць ня будзем, але пэўна, што ўсё пройдзе сьціпла і з густам». Па традыцыі ў межах фэстывалю пройдзе конкурс маладых гуртоў і гала‑канцэрт. Госьці сёлетняга фэстывалю — «Крама», «Стая» і «Deimos».

Сяргей Анішчанка»Адна з маіх даўнішніх мараў зьдзейсьнілася летась, — кажа кіраўнік «Рок‑Кола« Сяргей Анішчанка. — У Полацку выступіла «Аліса». Таму сёлета мы вырашылі не замарочвацца на пошуку нейкай супэрзоркі, а засяродзіцца на маладых выканаўцах, бо найперш для іх гэты фэст задумваўся».

Па традыцыі — у межах «Рок‑Кола» пройдзе конкурс маладых гуртоў, куды можа трапіць кожны ахвочы. Пакуль аніякіх спэцыфічных патрабаваньняў да канкурсантаў арганізатары не выстаўляюць. Раней, напрыклад, адной з умоваў удзелу ў конкурсе была наяўнасьць хоць бы адной песьні па‑беларуску. Летась жа фэстываль быў прысьвечаны гурту «Мясцовы час», таму кожны выступоўца меўся прапанаваць свой кавэр твору знанай полацкай каманды.


Сяргей Анішчанка

«Мяне неаднойчы прасілі мясцовыя музыкі прысьвяціць гэты фэстываль Віктару Цою, некаторыя полацкія і наваполацкія каманды нават песьні яго ўжо адрэпэтавалі, аднак на гэты крок мы наўрад ці пойдзем, бо ня бачым тут сувязі з нашым фэстам», — апавядае Сяргей Анішчанка.

У якасьці гасьцей сёлетняга фэсту арганізатары плянуюць запрасіць леташняга пераможцу «Рок‑Кола» — гурт «Deimos» з Смаленску, гурт «Крама», які прэзэнтуе Полацку свой новы альбом «Жыцьцё — дзіўны сон», а таксама гурт «Стая». Удзел апошніх Аніса тлумачыць так:

«Надта любяць у нас у горадзе Кіпелава, чаму не пайсьці насустрач публіцы і не запрасіць музыкаў, што граюць у яго стылі».

Паводле: Сяргей Будкін, Тузін Гітоў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0