Палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі пра арышт у Мінску Уладзіслава Баўмгертнера.
«Вельмі паказальны крок з боку кіраўніцтва Беларусі. Менавіта з боку кіраўніцтва, а не сілавых ведамстваў. Ясна, што рашэнне аб арышце прымалася вышэй за Следчы камітэт.

Вядома, гэта прывядзе да шматлікіх заяваў з расійскага боку. Памятаеце, нават пасля Плошчы, калі былі арыштаваныя расейскія грамадзяне Гапонаў і Брэус, былі дыпламатычныя ноты. Тады беларускі бок адкруціў назад, рэальных турэмных тэрмінаў гэтым хлопцам не далі.

З арыштам Баўмгертнера — маштаб нашмат большы. Для беларускага кіраўніцтва будзе справай гонару не адкручваць справу назад.

Баўмгертнер — пешка ў гульнях вышэйшых асобаў. Зрэшты, усе беларуска-расійскія войны сканчаліся прымірэннем. Расійскі бок прымаў такую пазіцыю, што гэта „сукін сын, але наш сукін сын“.

Следам за калійнай вайной з Расіяй могуць пачацца нафтавая, энергетычная. У канфлікце Лукашэнка адчувае сябе як рыба ў вадзе. Ён рызыкуе, тым больш, што хутка прэзідэнцкія выбары, а сітуацыя ў эканоміцы не вельмі добрая. Але так было і ў 2010 годзе, калі Лукашэнка рассварыўся перад выбарамі з расійскім кіраўніцтвам. Апазіцыйныя кандыдаты кінуліся ў Маскву, але за тыдзень да выбараў канфлікт быў вычарпаны і Лукашэнка атрымаў падтрымку».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?