Чаго больш — палітыкі альбо эканомікі — у сытуацыі вакол затрыманьня ў Менску гендырэктара «Ўралкалія»? Чаму Аляксандар Лукашэнка ідзе на абвастрэньне сытуацыі ў калійнай вайне, на якую рэакцыю Масквы разьлічвае беларускі кіраўнік?
На гэтыя пытаньні адказвае шэф-рэдактар газэты «Народная воля» Сьвятлана Калінкіна.

— Ці можна патлумачыць затрыманьне кіраўніка «Ўралкалія» толькі чыста эканамічнымі й фінансавымі матывамі? Калі тут ёсьць і палітычны складнік — як вы яго бачыце?

— У любым выпадку арышт такой фігуры нельга ацэньваць толькі з пункту гледжаньня эканомікі. Я ўпэўненая, што

рашэньне пра ягоны арышт прымалася на самым высокім узроўні.
Яшчэ больш пытаньняў выклікае тое, як гэта адбылося. Упершыню буйны бізнэсмэн быў арыштаваны пасьля сустрэчы з кіраўніком беларускага ўраду. У інтэрнэце нават ужо нарадзіўся жарт, што графік сустрэчаў Мясьніковіча можна зьмяшчаць у разьдзеле «крымінальная хроніка».

Таму тут і вялікія іміджавыя страты. Я б не расцэньвала гэтыя падзеі толькі з пункту гледжаньня эканомікі, тых стратаў, якія нібыта нанесла беларускай дзяржаве кіраўніцтва БКК.

— Існуюць розныя меркаваньні наконт таго, чаму беларускае кіраўніцтва пайшло на гэты крок. І адно зь іх — Лукашэнка адчувае нейкую слабасьць Керымава, у тым ліку сярод крамлёўскіх колаў, і таму лічыць, што Масква ня будзе надта рэзка рэагаваць на арышт Уладзіслава Баўмгертнэра.

— Я такі пункт гледжаньня не падзяляю. Бо ў любым выпадку Крэмль будзе вымушаны рэагаваць. Якія б ні былі пазыцыі Керымава, але здаваць кіраўніка буйнога прадпрыемства расейскі бок не павінен і, я думаю, ня будзе.

На мой погляд, беларусы проста пайшлі на абвастрэньне сытуацыі, каб уцягнуць у канфлікт «Беларуськалія» і Ўралкалія" вышэйшае расейскае кіраўніцтва. Да сёньня ані прэм’ер, ані прэзыдэнт Расеі ніяк не рэагавалі на калійную вайну. І вось адбыўся такі своеасаблівы прымус да перамоваў па калійнай тэматыцы.

— А навошта іх уцягваць? Навошта Менск хоча выклікаць рэакцыю Крамля ў адказ?

— «Уралкалій» і «Беларуськалій» разам былі найбуйнейшымі гульцамі сусьветнага калійнага рынку. Сёньня ў Менску нікому ня хочацца, каб «Беларуськалій» стаў такой пэрыфэрыйнай кампаніяй. У гэтым канкрэтным невялікім сэгмэнце мы былі заканадаўцамі моды. А зараз гэтыя пазыцыі страчваюцца ў адзін дзень вайной з «Уралкаліем» , якая пачалася за цэны, кантракты і гэтак далей.

Таму Беларусь ваюе не за мільярд, які яна павінна вярнуць расейскаму «Сбербанку». Беларусь ваюе за статус, за тое, каб вярнуцца паўнавартасным гульцом на сусьветны калійны рынак.
Ну і Аляксандар Лукашэнка чарговы раз паказвае, што зь ім так проста абыходзіцца нельга, і што ён гатовы на любыя, нават вельмі непапулярныя крокі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?