Намеснік кіраўніка Мінэканамразвіцця РФ Андрэй Кляпач не выключыў магчымасці дзеянняў Расіі ў адказ на затрыманне ў Мінску генеральнага дырэктара ААТ «Уралкалій» Уладзіслава Баўмгертнера.

«Спадзяюся, што нейкія (захады) будуць зроблены», — цытуе Клепача РІА Новости. Так ён адказаў на пытанне журналістаў, ці будуць прыняты нейкія меры ў адказ з боку РФ.

Як паведамлялася раней, Масква патрабуе вызвалення генеральнага дырэктара «Уралкалія» Уладзіслава Баўмгертнера і адпаведных тлумачэнняў таго, што здарылася, з беларускага боку. Пра гэта заявіў статс-сакратар МЗС РФ Рыгор Карасін 27 жніўня ў Маскве на сустрэчы з беларускім паслом Ігарам Петрышэнкам. Падчас сустрэчы «было сказана, што сам факт затрымання Баўмгертнера і разгорнутая вакол гэтага інфармацыйная кампанія не адпавядаюць саюзніцкаму характару адносінаў нашых краін і могуць паўплываць на графік расійска-беларускіх кантактаў на палітычным узроўні», паведамляе прэс-служба МЗС Расіі.

З расійскага боку таксама было заяўлена, што «затрыманне бізнесмена, які знаходзіўся ў Беларусі паводле запрашэння кіраўніка ўрада рэспублікі для вырашэння важных пытанняў расійска-беларускага эканамічнага ўзаемадзеяння, з’яўляецца недапушчальным».

Пра затрыманне Баўмгертнера паведаміў 26 жніўня Следчы камітэт Беларусі. У дачыненні да гендырэктара «Уралкалія», які з’яўляецца старшынёй назіральнага савета ЗАТ «Беларуская калійная кампанія», а таксама члена назіральнага савета ЗАТ «БКК» Алега Пятрова, першага намесніка гендырэктара Канстанціна Саладоўнікава, намесніка гендырэктара па фінансах Ігара Яўстратава, начальніка фрахтовага аддзела Дзмітрыя Самойлава і іншых асоб распачаты справы на падставе ч. 3 арт. 424 Крымінальнага кодэкса (злоўжыванне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі). Падставай для гэтага сталі матэрыялы аб учыненні імі яўных злоўжыванняў службовымі паўнамоцтвамі ў карыслівых мэтах, што пацягнула нанясенне істотнага ўрону дзяржаўным і грамадскім інтарэсам краіны, а таксама нанясенне ўрону ў асабліва буйным памеры ААТ «Беларуськалій» і ЗАТ «БКК».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?