30 жніўня суд Фрунзенскага раёна Мінска прыгаварыў матацыкліста, які збіў насмерць пешахода, да 4 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі-пасяленні. Ён таксама пазбаўлены права кіравання транспартнымі сродкамі на 5 гадоў. Пра гэта БелаПАН паведаміў намеснік начальніка аддзела гарадской пракуратуры Дзмітрый Лук’янаў.

ДТЗ адбылося каля 1.30 16 чэрвеня на рэгуляваным скрыжаванні вуліц Цімашэнкі і Прытыцкага ў Фрунзенскім раёне сталіцы. 23-гадовы вадзіцель і яго 21-гадовы пасажыр на матацыкле «Сузукі» з польскімі рэгістрацыйнымі нумарамі збілі 22-гадовага жыхара сталіцы. Той пераходзіў вуліцу на дазвольны сігнал сфятлафора, матацыкліст жа рухаўся на чырвонае святло з хуткасцю, якая значна перавышала дазволеную.

Пешаход загінуў на месцы ДТЗ. Матацыкліст быў шпіталізаваны з пераломам абедзвюх касцей левага перадплечча, яго пасажыр — з пераломамі асновы чэрапа і левай прамянёвай косці.

Справа расследавалася па ч. 2 арт. 317 КК (парушэнне правілаў дарожнага руху або эксплуатацыі транспартных сродкаў, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека).

Малады чалавек набыў матацыкл за некалькі дзён да здарэння і яшчэ не паспеў паставіць яго на ўлік у ДАІ. Правоў на кіраванне матацыклам у хлопца не было. Траўмы, атрыманыя ў выніку ДТЗ пасажырам, эксперты прызналі цяжкімі цялеснымі пашкоджаннямі.

Суд праходзіў у будынку ўпраўлення ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама ў прысутнасці матацыклістаў, якія прыцягваліся да адказнасці за парушэнне ПДР.

Прыгавор суда пакуль не набыў законную моц.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?