Францускі фільм у польскім перакладзе пакінуў прысмак тых часоў, пра якія паміж сабой гаварылі два пэрсанажы, яшчэ раз ўзнавіў твае асабістыя хлапечыя ўспаміны.

Хуткасная чырвоная машына. Сталы мужчына вязе маладаго да Парыжу, пасажыра цікавіць 68-ы год. Сталы ўдзельнічаў у траўні таго году ў парыскіх падзеях, у студэнцкай рэвалюцыі. Барыкады, бойкі з паліцыяй, кактэйль Молатава. Маладога цікавяць, апроч усяго, што тады ўжывалі ў якасьці моцных сродкаў…

Яны едуць уздоўж італьянскага ўзьбярэжжа, мястэчкі ў адметным міжземнаморскім стылі, маленькія порты, рыбацкія судны, кавярні на набярэжнай, невялікія гатэлі. Мне падабаюцца такія раманы-падарожжы або таксама фільмы. Зьмены краявіду за вакном заўжды спараджаюць уласныя задумы, сюжэты. Яны могуць не дачакацца паперы, клявішаў зь літарамі, шрыфтавых адбіткаў. У самалёце задалёка не лятаў, таму нічога не прыдумалася.

Пасьля 68-га адныя трапілі ў п’янства, іншыя ў штрафныя батальёны, а нехта — у псыхіятрычны шпіталь,.. — звонку абыякава падсумоўвае кіроўца у францускім фільме.

Парыж. Паездка ў Нямеччыну. Нечакана шырокія аўтабаны. Бэрлін. Такі знаёмы гэдээраўскі Александэр-пляц. Гаспадар чырвонага “Паршэ” наведвае могілкі, вяртаецца ў Парыж, заходзіць у аптэку. Яго чакае жанчына. Ноч у гатэлі. Ён не чакае раніцы, зьнікае з пакою, сядае ў аўтамабіль, што стаяў побач з фантанам насупраць аптэкі. Дома ён піша ліст і бярэ жменю таблетак. Апошні кадар: ліст на падлозе, былы ўдзельнік траўня 68-га — упаўшы галавой на стол.

Адкуль я даведаўся пра Парыж? Бадай з таго дакумэнтальнага фільму ў кінатэатры “Навіны дня” — гэтак ён, здаецца, называўся. Дзе паказвалі хранікальныя стужкі. Потым прачытаны на журфаку “За шклом” Рабэра Мёрля. Сарбона, травень 1968. Раман зрабіў уражаньне.

Што да Прагі, аб ёй я ведаў адразу. 1986. З Саветаў апынуцца у “вітрыне сацыялізму”, кантраст моцны. Не пасьпеў адаптавацца, за плотам стаіць з уключанымі рухавікамі вайсковая калёна — на Прагу. І ты стаіш і не сыходзіш, чакаючы, калі яна зрушыць. Ты зьдзіўлены, напалоханы, узрушаны?

Прынамсі як аўтар я родам з 68-га. Упершыню адчуў, прынамсі ўпершыню запомнілася выразнае жаданьне замацаваць у памяці ўбачанае, уласныя пачуцьці… Трымаў у памяці больш за дваццаць гадоў, пакуль ня вызваліўся, зафіксаваўшы. Атрымаліся “Мытыя яблыкі”. Апавяданьне трапіла ў першы нумар адноўленай ў 91-м “Нашай Нівы”, на першую старонку. Гэта мой 1968-ы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?