Хтосьці абурыцца гэтым допісам. Але, думаю, знойдуцца і тыя, хто падтрымае.

Напісаць пра рэстаўрацыю/рэканструкцыю прымусілі каменты ў інтэрнэце. Ананімны аўтар пісаў пра тое, што ў нашых рэстаўратараў рукі растуць не адкуль трэба.
Пра аднаўленне помнікаў архітэктуры згадваецца шмат. Часцей, праўда, адмоўна. То нешта пабурылі, то цэглу ўзялі не аўтэнтычную і гэтак далей. Ці не найбольш нараканняў было на рэстаўрацыю Нясвіжскага палаца. Я не спецыяліст, а таму выказваюся толькі як шараговы наведвальнік архітэктурных помнікаў.
Вось нядаўна быў у Ружанах. Папярэдні раз прыязджаў сюды, калі толькі пачыналася рэстаўрацыя/рэканструкцыя. У 2009-м.

З таго часу шмат што памянялася. У лепшы бок. Аднавілі ўязную браму і два флігелі паабапал яе.

Не ведаю, што скажуць спецыялісты пра ўзровень працы, але па мне абы не развальвалася, як было ў Лідскім замку. Галоўнае, каб можна было кудысьці зайсці. Каму будзе лепш ад таго, каб яшчэ дзесяцігоддзі чакаць на рэстаўрацыю па ўсіх правілах, без хібаў? Але за гэты час разваліцца тое, што яшчэ захавалася.
У мінулы прыезд можна было спусціцца ў сутарэнні замка. Сёння праход у іх абгароджаны. Раней можна было прайсціся ўздоўж голых сцен, сёння можна зазірнуць у музей (ён размясціўся ў флігелях).
І мне не важна, што цэгла, магчыма, сучасная, альбо былі змены ў канструкцыі.

Калі я не змагу сваім дзецям паказаць нешта матэрыяльнае — большае за руіны — я не змагу ім паказаць веліч нашай гісторыі.

Абы не было фальсіфікацый. Каб Суворава, напрыклад, не прыўзносілі, калі для беларусаў ён зусім не герой.
Так, экспазіцыя музея сціплая. Сапраўды, няшмат аўтэнтычных рэчаў. Але нават таго, што ёсць, ужо нямала.
Руіны Наваградскага замка могуць ператварыцца ў друз. Не выключана, што пры дрэннай/халтурнай працы па кансервацыі, магчымыя хібы могуць нанесці не меншую шкоду, чым адсутнасць любой працы. Але праца лепшая за бяздзеянне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?