Барак Абама ў Стакгольме.
У часе візыту ён возьме ўдзел у саміце Вялікай Дваццаткі ў Пецярбургу (Расея).
У Швэцыі Абама спаткаецца з каралём Карлам XVI Густавам і прэм’ерам Фрэдрыкам Рэйнфэльтам, а таксама з прэм’ерамі іншых паўночных краін. Сярод тэмаў: кліматычныя зьмены, гандлёвыя справы і тэхналёгіі.
Апроч гэтага, у сераду Абама ўшануе памяць Рауля Валенбэрга, героя ІІ сусьветнай вайны. Гэты швэдзкі дыплямат, працуючы ў Будапэшце, дапамог выратаваць жыцьцё дзясяткам тысяч габрэяў. Ён загінуў у 1945 годзе пры таямнічых акалічнасьцях, верагодна памёр у сталінскай вязьніцы. Сям’я Валенбэрга будзе прасіць Абаму, каб дапамог зрабіць ціск на Расею дзеля высьвятленьня абставінаў сьмерці дыплямата.
Швэцыю дадалі ў каляндар візыту Абамы пасьля таго, як ён адмовіўся ад сустрэчы ў Маскве з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным.
Сустрэча мелася адбыцца перад самітам Вялікай Дваццаткі. Рашэньне Абамы было зьвязанае са спрэчкай паміж Вашынгтонам і Масквой вакол былога супрацоўніка амэрыканскіх разьведвальных службаў Эдварда Сноўдэна, які атрымаў у Расеі часовы прытулак.