Тапанімічная камісія пры Савеце Міністраў Беларусі другі раз прыняла рашэнне захаваць існуючы парадак прысваення найменняў геаграфічных аб’ектаў у краіне: назвы даваць на беларускай мове, а затым транслітараваць на расійскую.

«У адваротным выпадку нам прыйдзецца паламаць усё, што мы заваявалі», — заявіў на пасяджэнні старшыня камісіі і Дзяржкамітэта па маёмасці Георгій Кузняцоў, каментуючы змены ў Закон Рэспублікі Беларусь № 190 -З «Аб назвах геаграфічных аб’ектаў».

Ці не транслітарацыя, а прамы пераклад

Пытанне аб унясенні змяненняў ўжо ўздымалі па даручэнні Саўміна ў снежні 2012 года — яно было сфармулявана па выніках нарады ў адміністрацыі прэзідэнта.

На думку прадстаўнікоў мясцовых органаў дзяржкіравання, мэтазгодна ўзаконіць спосаб перадачы геаграфічных назваў шляхам прамога перакладу з беларускай на расійскую мову: Будаўнікоў — Строителей, Чэрвеньская — Июньская. Такі падыход, мяркуюць яны, апраўданы ва ўмовах існавання ў Беларусі дзвюх дзяржаўных моваў.

Нягледзячы на тое, што ў снежні 2012 года тапанімічная камісія ўжо вынесла рашэнне пакінуць артыкул закона без зменаў, Саўмін зноў вярнуўся да гэтага пытання і даручыў Дзяржкаммаёмасці пры планавай карэкціроўцы Закона ў 2014 годзе ўнесці гэта змяненне.

Прыхільнікі перакладу на расійскую мову беларускіх назваў таксама націскаюць на тое, што да Чэмпіянату свету па хакеі 2014 года неабходна нармалізаваць назвы элементаў
вулічна-дарожнай сеткі.

Аднак, як сказаў Г. Кузняцоў, калі змены ў закон будуць прынятыя, то адбудзецца гэта не раней канца 2015 года.

Гэта значыць, гэтыя гады праца з найменнямі будзе праводзіцца па існуючай схеме, а закон, як вядома, зваротнай сілы не мае.

З 2011 па 2013 гады ў Беларусі перайменавана 29 геаграфічных аб’ектаў, 13 прысвоены назвы з улікам новых патрабаванняў. У
рамках вядзення рэестра адрасоў праводзіцца ўпарадкаванне усіх найменняў вулічна-дарожнай сеткі Беларусі, якое выканана ўжо на 30% і ў бліжэйшыя два гады будзе завершана. Новыя ж правілы пацягнуць новыя выдаткі.

Чыноўнікі: трэба знайсці агульную мову з турыстамі

Праблема неразумення турыстамі беларускіх тапонімаў створана штучна, лічыць старшыня Дзяржкаммаёмасці.

У гасцей, якія прыехалі на чэмпіянат, будуць схемы, маршруты, падрыхтаваныя спецыяльна для іх. «Выдатна, што мы прымаем у сябе такое мерапрыемства, — сказаў Г. Кузняцоў.- Аднак турысты былі і да яго, будуць і пасля.

Сёння шмат расійскіх гасцей, заўтра будзе шмат кітайскіх. І што, мы будзем для кожнай нацыі перакладаць нашы назвы?»

Як адзначылі члены камісіі ў ходзе абмеркавання, ініцыятыва ўнясення гэтых змяненняў у Закон належыць мінскім гарадскім уладам, у прыватнасці намесніку старшыні Мінскага
гарвыканкама Ігару Карпенку, які, дарэчы, удзел у пасяджэнні не прымаў.

Прадстаўнік тапанімічнай камісіі Мінгарвыканкама патлумачыла, што пытанні выкліканыя праблемамі з назвамі новых станцый сталічнага метрапалітэна.

Мінгарвыканкам не згодны з тым, каб надпісы былі толькі на беларускай мове.

Там лічаць, што рускія назвы неабходныя.

Сусветная практыка і традыцыі продкаў

Прамы пераклад тапонімаў не практыкуецца ў ніводнай краіне свету.

Больш за тое, у рэкамендацыйных дакументах групы экспертаў ААН па геаграфічных назвах ён адзначаецца як цалкам непрымальны, паколькі сцірае нацыянальныя
асаблівасці мовы і пазбаўляе геаграфічную назву яе нацыянальнай самабытнасці.

На думку членаў тапанімічнай камісіі, Беларусь не можа дапусціць парушэнне міжнародных нормаў.

Як нагадаў Сяргей Лукашэвіч, першы сакратар упраўлення глабальнай палітыкі і гуманітарнага супрацоўніцтва галоўнага ўпраўлення шматбаковай дыпламатыі МЗС, беларусы
замежжа прынялі зварот і выступаюць за захаванне беларускай мовы.

У пытанні захавання тапонімаў і стварэння новых геаграфічных назваў гаворка ідзе пра прэстыж дзяржавы.

«Калі мы хочам захаваць тое, што засталося нам ад продкаў, то мы павінны даваць назвы на беларускай мове, — працягнуў Г. Кузняцоў.

— Я з таго пакалення беларусаў, якія да 7–8 класа вучыліся на беларускай мове. І я спадзяюся, што мы вернемся
да гэтага».

Шмат пытанняў узнікае з карэктным найменнем геаграфічных аб’ектаў, адзначыў Ігар Капылоў, вучоны сакратар Інстытут мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук. Катастрафічна
не хапае інфармаванасці ў асяроддзі чыноўнікаў мясцовага кіравання краіны. «Мы падрыхтавалі даведнік, які атрымаў высокую ацэнку на з’ездзе славістаў, гатовыя падрыхтаваць інфармацыйную базу», — сказаў ён.

Аднак перакладаць беларускія тапонімы — недапушчальна.

«Мы ж не станем перакладаць прозвішчы грамадзян Беларусі! Бурака на Свеклу, Трусава на Кроликова. А з назвамі гарадоў, вуліц — тое ж самае», — сказаў І.Капылоў.

Самае галоўнае, што з перакладам на рускую мову немінучая блытаніна, а гэта недапушчальна ў сувязі з выключна важным практычным значэннем назваў геаграфічных аб’ектаў — іх
адраснай функцыі.

Напрыклад, Кастрычніцкая і Октябрьская для замежнікаў — гэта два розныя тапонімы. Атрымліваецца, што парушаюцца два асноўныя прынцыпы міжнароднай тапанімікі — пазнавальнасць і зварачальнасць. Дакладнасць, адраснасць магчымая толькі пры ўмове выкарыстання адной сістэмы, адной мовы.

І гэта павінна быць беларуская мова, аднагалосна вырашыла тапанімічная камісія.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?