Велічыня сярэдняга заробку ў Беларусі ў чарговы раз абнавіла рэкорд. У ліпені ён дасягнуў $617.

Ці многа гэта ў еўрапейскіх маштабах?

«Наша Ніва» сабрала апошнія звесткі аб заробках у 20 краінах Усходняй і Цэнтральнай Еўропы.

Патэнцыйна яны знаходзяцца ў адной вагавай катэгорыі з Беларуссю. Змагацца з краінамі Заходняй Еўропы ці са скандынавамі нам пакуль некарэктна. Напрыклад, у Нарвегіі сярэдні месячны заробак падступіў да 5000 еўра.

Сачыце за рукамі

Лічбы, якія агучвае Белстат, падаюцца насельніцтву маларэальнымі. Маўляў, хто гэта ў малых гарадах зарабляе больш за $600? Смех дый годзе.

Месяц таму «Наша Ніва» падлічыла: сярэдні заробак у 108 са 118 раёнаў насамрэч не дацягваў да сярэдняга па краіне. Аднак беларуская методыка падлікаў мала адрозніваецца ад той, што прымяняецца ў іншых краінах. Напрыклад,

статыстычная служба Чэхіі шчыра прызнаецца, што дзве траціны насельніцтва мае менш за сярэдні заробак.

Але таксама чуе смех ад шараговых чэхаў: не можа такога быць, каб выходзіла амаль па 1000 еўра на чалавека.

Нета і брута

Адзіная істотная розніца — велічыня падаткаў.

Пры цяперашняй беларускай схеме асноўную нагрузку нясе працадаўца, ад налічанага заробку работніка на карысць дзяржавы адскубаецца ўсяго 13%. Гэта падаходны падатак і адлічэнні ў пенсійны фонд. Такім чынам, насамрэч у сярэднестатыстычнага беларуса на руках застанецца каля $540.

Такую ж суму ад «бруднага» заробку забіраюць у Расіі, падобную — у Малдове.

Аднак у большасці іншых краін схема іншая, і большасць падаткаў вылічваецца непасрэдна з заробку. Напрыклад,

у Босніі і Герцагавіне даводзіцца вярнуць дзяржаве ажно 36% ад налічаных грошай. У выніку ад немалых $850 (заробак-брута) у кішэні работніка рэальна застаюцца толькі $545 (заробак-нета) — амаль як у Беларусі.

Траціну ад налічанага заробку вяртаюць у Венгрыі, Чарнагорыі, Македоніі… Самымі высокімі «бруднымі» грашыма ў постсацыялістычнай Еўропе могуць пахваліцца славенцы. Аднак з дэклараваных 1500 еўра насамрэч яны атрымліваюць 1000 еўра.

Рэактыўныя статыстыкі

Яшчэ адно пытанне — аператыўнасць падлікаў. Адзінага стандарту ў Еўропе не існуе. Напрыклад, беларусы ўжо даведаліся пра свае ліпеньскія заробкі. Такія ж хуткія чарнагорцы і харваты.

А ў Чэхіі і Славакіі тым часам падлічылі дадзеныя за першы квартал. Пра албанцаў без смеху і не раскажаш. Там вызначыліся толькі з заробкамі сваіх дзяржаўных служачых, і тое толькі за 2012 год.

У адну табліцу давялося зводзіць дадзеныя за розны час. Аднак крытычнай памылкі ў гэтым няма.

У адрозненне ад Беларусі, дзе заробак расце па загадзе штомесяц, у іншых краінах ён выглядае стабільным.

У хлебны месяц можа трохі падрасці, а ў наступным, наадварот, апусціцца.

Багацейшыя за беларусаў

Час перайсці да падсумавання. Паколькі ў многіх краінах са спісу ходзіць еўра, а ў іншых нацыянальная валюта прывязаная да агульнакантынентальнай, то і мы свае падлікі рабілі ў еўра. Аднак для нагляднасці прадублявалі іх і ў далярах, у адпаведнасці з актуальным курсам.

Нягледзячы на велізарныя падатковыя выплаты, Славенія застаецца самай багатай постсацыялістычнай краінай Еўропы, апярэджваючы былых суседзяў па Югаславіі.

Прычым некаторых, як гаротная Македонія, ажно ўтрая.

Услед зладжанай групай ідуць паспяховыя Эстонія, Чэхія і Харватыя, дзе «чысты» заробак падбіраецца да $1000 у эквіваленце.

Польшча і Расія ідуць нага ў нагу, аднак калі браць «чысты» заробак па сталіцах, то Масква істотна апярэджвае Варшаву ($1500 супраць $1300).

Для параўнання, для мінчукоў Белстат налічыў $700. Нашыя балтыйскія суседзі па налічаным заробку адарваліся далёка ад Беларусі, аднак розніца ў падатках часткова «з’ядае» розніцу.

Бракуе ўсяго $100–120, каб дагнаць суседзяў. Іншае пытанне, што такі скачок можа ў чарговы раз нахіліць, калі не паставіць на калені, лукашэнкаўскую мадэль эканомікі.

Бяднейшыя нацыі

Малдова, Албанія і Украіна пастаянна знаходзяцца сярод аўтсайдараў. На іх узровень Беларусь скатвалася ў момант абвальнай дэвальвацыі. З паўгода таму нашы заробкі абышлі і найбяднейшую з краін Еўрасаюза — Балгарыю.

За кошт росту заробкаў за апошнія месяцы і нізкай падатковай базы беларусам удалося стаць багацейшымі за шэраг балканскіх краін — Македонію, Румынію і Сербію.

Ненашмат наперадзе і Боснія.

Аднак ці хопіць у беларускага Нацбанка моцы, каб кантраляваць плаўную дэвальвацыю рубля, залежыць перадусім ад сітуацыі на рынку і палітычнай волі кіраўніцтва краіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?