Выдатны амерыканскі гісторык, аўтар «Крывавых зямель» апублікаваў рэцэнзію на англамоўнае выданне «Хатынскай аповесці» Алеся Адамовіча.

Рэцэнзія выйшла ў самым прэстыжным брытанскім інтэлектуальным часопісе Times Literary Supplement. Як паведамілі «Нашай Ніве» ў выдавецтве «Глагаслаў», што пераклала Адамовіча, рэцэнзія такога выдатнага гісторыка выклікала скачок продажаў кнігі.

«Глагаслаў» ажыццяўляе сапраўдны «беларускі прарыў» на англамоўным рынку.

Выйшла перапрацаванае перавыданне «Дзікага палявання караля Стаха» Караткевіча (папярэдняе выданне было зроблена ў Маскве, у практычна некамерцыйным выдавецтве, якое займалася прамоцыяй савецкай літаратуры на Захадзе.) Да друку рыхтуецца пераклад «Рыбінага горада» Наталкі Бабінай.

Прапануем Вам пераклад рэцэнзіі Снайдэра на «Хатынскую аповесць». Рэцэнзія ўражвае.

Слова «Хатынь» мае два значэнні. Першая — назва вёскі, знішчанай нямецкімі акупантамі разам з усімі жыхарамі падчас Другой сусветнай вайны. Размешчаная на шляху наступлення нямецкіх войскаў на Маскву і адступлення з яе, лясістая і балоцістая, Беларусь была арэнай самага жорсткага за ўсю вайну супрацьстаяння паміж партызанамі і акупантамі. Палітыка акупантаў была бязлітасная: «Уся вёска адказная за налёты партызанаў».

У дадатак да 300 тысячаў забітых у выніку такіх рэпрэсій супраць беларусаў — такіх самых, як жыхары Хатыні, нямецкія войскі на тэрыторыі Беларусі знішчылі каля паўмільёна беларускіх габрэяў і змарылі голадам каля 700 тысяч савецкіх ваеннапалонных.

У Германію вывозілі скаціну, а часам і моладзь — на катаргу.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны палова насельніцтва Беларусі альбо загінула, альбо была вывезеная з тэрыторыі краіны. Вайна прайшлася па Беларусі сваёю смертаноснай касой як ні па якой іншай краіне.

«Хатынь» — гэта таксама яскравая ілюстрацыя да савецкай пасляваеннай палітыкі: саветы не прызнавалі Халакосту, абвясцілі ваеннапалонных здраднікамі і ператварылі ахвяр нямецкіх зачыстак у прывідную зброю варожай прапаганды.

З соцень вёсак, дзе фашысты ў хлявах спалілі ўсіх да аднаго дзяцей, жанчын і мужчын, менавіта Хатыні дастаўся мемарыяльны комплекс.

Савецкія ўлады выкарысталі назву вёскі, каб прыкрыць сваё ўласнае ранейшае ваеннае злачынства. «Хатынь» гучыць і пішацца амаль як «Катынь» — месца, дзе НКВД у 1940 годзе расстраляла тысячы польскіх палонных, у асноўным прадстаўнікоў інтэлігенцыі. Гэта здарылася да нападу нацысцкай Германіі на СССР у 1941, неўзабаве пасля сумеснага ўварвання краін, якія ў той час яшчэ былі хаўруснікамі, у Польшчу.

Другая сусветная для Савецкага Саюза складалася з дзвюх асобных войнаў: цалкам забытай і той, якую выбарачна памятаюць. З 1939 па 1941 СССР быў саюзнікам Германіі і акупаваў цалкам або часткова Польшчу, Фінляндыю, Эстонію, Латвію, Літву і Румынію. Цягам гэтага перыяду СССР чыніў масавыя забойствы людзей, якія да вайны не былі грамадзянамі СССР. Такія, як расстрэл палякаў у Катыні ў 1940-м.

З 1941 па 1945, калі Гітлер здрадзіў Сталіну і нямецкія войскі напалі на СССР, Германія працягвала масавыя забойствы ў большых маштабах — як спаленне Хатыні ў 1943.

З 1945 па 1991 — з канца вайны да развалу СССР — савецкая прапаганда мэтаскіравана падмяняла першую вайну другой, у якой СССР і яго грамадзяне адназначна паўставалі ахвярамі і пераможцамі. Нямецкія злачынствы перакрылі савецкія.

Хатынь мусіла заступіць сабой Катынь. Адкрыццё мемарыялу ахвярам Хатыні ў 1969 годзе трансфармавала пакуты жыхароў Беларусі ў геапалітычную прапаганду.

Сістэма патрабавала халоднага цынізму: калі адзіным прыярытэтам была будучыня сацыялістычнай дзяржавы, толькі гісторыя, што служыла мэтам сучаснасці, мела права на існаванне. СССР хацеў заблытаць, падмяніць забойства палякаў у Катыні хатынскай трагедыяй. Савецкія прапагандысты разумелі, што толькі нямногія будуць памятаць і раздзяляць дзве бойні.

Хоць нават ва ўшанаванні памяці Хатыні была рызыка: сталінісцкая міфалогія абвяшчала галоўнай гераіняй і пакутніцай Расію, між тым мемарыял у Хатыні нагадваў, што беларусы ваявалі і гінулі ў прапарцыйна большых за расійцаў колькасцях.

Як і любая змена ў лініі партыі, дазвол на Хатынь адкрыў новыя неацэнныя магчымасці ў савецкім мастацтве.

Манументалізацыя Хатыні дазволіла Алесю Адамовічу пісаць пра партызанскую вайну ў яго роднай Беларусі. Яго «Хатынская аповесць», якая выйшла ў 1972 годзе, была надзейна абароненая назвай і прыняццем савецкіх рэдукцыянісцкіх ідэй аб віне фашызму за ўсё — ідэй, што праводзяцца ў пачатку і ў канцы кнігі. Аднак Адамовіч амаль адразу пераходзіць ад палітыкі да літаратуры, ад афіцыёзнай памяці да памяці літаратурнай. Яго гісторыя — ціхі аповед ад асобы партызана, які змагаўся з немцамі ў 1943-м, а цяпер едзе ў аўтобусе да хатынскага мемарыяла.

Дзеянне адбываецца прыблізна ў год яго адкрыцця.

Шматзначна і тое, што гісторыя сляпога ў выніку ранення Фларыяна, які здольны ўявіць сваіх сяброў-спадарожнікаў толькі такімі, якімі яны былі ў маладосці, падчас вайны, заканчваецца перад прыбыццём аўтобуса на канцавы прыпынак. Галасы сяброў, якіх ён не бачыў з часу вайны, абуджаюць успаміны, што сплятаюцца ў гісторыю.

«Што яно такое нашы Хатыні, я ведаю», — зачынае Фларыян і гэтым заяўляе пра перажытае на ўласным вопыце і множнасць балёвых пунктаў.

Фларыяну было сямнаццаць, калі ён у 1943 годзе далучыўся да партызанскага атрада (сам аўтар сышоў у партызаны яшчэ маладзейшым). Але

Адамовіч адракаецца канцэпцыі традыцыйнага рамана выхавання, калі несфармаваны юнак праз рамантычныя прыгоды ці гвалт прыходзіць да паразумення са светам.

Фларыян кліча сябе Флёра — «кветка», ён пачынае і заканчвае сваю гісторыю цнатліўцам у грамадстве традыцыйнай маралі. Калі ў ім нараджаецца любоў, то гэта любоў да камандзіра. Калі ён застаецца сам-насам з дзяўчынай камандзіра, Фларыяна цягне да яе толькі таму, што яна таксама любіць камандзіра. Як у рамане выхавання, Фларыян пакідае дом, але без належнага развітання і без шанцу вярнуцца. Яго бацька пайшоў на фронт з Чырвонай арміяй ў 1940 годзе, калі саветы ўвайшлі ў Фінляндыю, і больш Фларыян яго не бачыў.

Калі Фларыян сыходзіць ад маці і малодшых сёстраў у партызаны, ён усё яшчэ знаходзіцца ў тым узросце, калі ўспрыманне сябе будуецца на ўспрыманні бацькоў. Але

вайна не робіць Фларыяна дарослым. Як і ў любога юнака, у Фларыяна няма бачання таго, якім мужчынам ён стане. І да гэтай няўпэўненасці дадаецца і «перакрывае» яе трывога.

Аднойчы, калі партызанскі атрад разбегся пасля атакі немцаў, Фларыян і дзяўчына камандзіра Глаша апынуліся ў лесе разам. Юнак не прыдумаў нічога лепшага, як шукаць дарогу да роднай вёскі. Набліжаючыся да яе, Фларыян уяўляе перспектывы, якія існавалі ў Беларусі 1943 года: «Цяпер прыклыпаем да маіх аднавяскоўцаў, а там падумаюць, што я проста з дзяўчынай, нявесту прывёў, дзень добры ў шапку вам!.. Заб’юць немцы, падыдуць і будуць разглядаць нас».

Наратыў сціплы, Адамовіч ужо не кіруецца традыцыяй сацыялістычнага рэалізму, дзе перабольшванні нараджаюць прадказальныя эмоцыі, каб дагадзіць верхавенству маральнага абавязку. Цікава, што Адамовіч адмаўляе і рэалізм XIX стагоддзя, дзе сіла аўтара — у супрацьстаўленні асяроддзя і актыўнага індывідуума, абавязковай глебы для раманаў выхавання.

У «Хатынскай аповесці» аўтарская сіла вынікае не з часу і навыкаў, неабходных для апісання месца дзеяння, а з ашаламляльнай здольнасці Адамовіча паказаць чытачу балота, лес, вёску ці труп — асацыяцыі, што, сярод іншых, бударажаць розум Фларыяна. У рамане няма свету, які мужчына мусіць асмеліцца скарыць, ёсць толькі безліч напаўзразумелых адкрыццяў у хлапечай свядомасці.

Час у рамане застыў, у адрозненне ад твораў, напісаных у стылістыцы рэалізму, дзе час мусіць рухацца, прыносячы з сабой вобразы, гукі і пахі, якія чытач адчувае разам з галоўным героем. Наадварот,

чытач і Фларыян адкрываюць важныя ісціны паасобку. І такая нестыкоўка дае разуменне таго, наколькі цяжка пабачыць сапраўднае аблічча вайны.

Часам немагчыма зразумець ход думкі Фларыяна без яго ўласных тлумачэнняў.

У адным з эпізодаў Фларыян з групкай байцоў выходзіць з выспы сярод балота, бо трэ' было знайсці есці для людзей, што пахаваліся ў лесе, і параненых партызанаў. Уся група гіне, адзін Фларыян застаецца жывым, бо яго ад кулямётных куляў накрывае карова, якую партызаны вялі ў лагер. Струмень малака выцякае з-пад канаючай рагулі, Фларыян плача. Ён не наважваецца вярнуцца на выспу, хоць ведае, што згаладнелыя на балоце хоць і расстрояцца, ды ж даруюць яму, што ён не прынёс ні крышкі. Але чаканне гэтага даравання невыноснае для яго.

Часам чытач апярэджвае Фларыяна. Калі хлопец прыводзіць Глашу ў родную вёску, чытач здагадваецца, што маці і сёстраў Фларыяна забілі — здагадваецца па попеле спаленай вёскі, бо ведае пра карніцкую практыку нямецкіх войскаў забіваць жанчын і дзяцей. Але знясілены, галодны, ачмураны дымам Фларыян сярод усіх смуродаў пажарышча найперш унюхвае пах бульбы, што спяклася на палетках. Згаладнелы, ён кідаецца есці і толькі праз пяцьдзясят пакутлівых старонак урэшце разумее, што насамрэч адбылося.

Чытач не можа не заўважаць жорсткай рэчаіснасці, але сувязь з Фларыянам зацягвае ў свет ягоных мрояў. Агульны эфект — балючая збянтэжанасць.

Хочацца, каб хлопец нарэшце ўсё зразумеў, хочацца, каб нарэшце гэтая сцэна скончылася; але нарэшце разумееш — такая сцэна застаецца ў цябе перад вачыма назаўжды.

На іншых старонках чытач разам з Фларыянам натыкаецца на немагчымую каламуць часу, болю і віны. Пазней, калі Фларыян апынаецца ў натоўпе, які немцы гоняць у абору, каб спаліць, героя турбуе, што маці ўбачыць яго, і ёй стане горка, бо яе сына заб’юць. З храналагічнага пункту гледжання гэта нонсэнс, але такі ўспамін цалкам магчымы.

У пэўным сэнсе Адамовіч звязаны з даваеннымі філосафамі мадэрнізму і іх пасляваеннымі нашчадкамі-экзістэнцыялістамі1950-х, чые ідэі пераможна крочылі па СССР у канцы 1960-х. Яны лічылі, што асэнсаванне кожным індывідуумам непазбежнасці смерці ператварае час не ў простую паслядоўнасць, а ў канечнасць. Разгледжаны з гэтай пазіцыі час набывае імавернасць сэнсу. Аднак сутыкненні Адамовіча з магчымай смерцю былі такімі выразнымі, а яго літаратурнае супрацьстаянне з імі — паспяховым, што

экзістэнцыялізм у параўнанні з прозай Адамовіча падаецца лёгкім чытвом.

Паняцце «мяне», што мае час разважаць аб уласнай смерці і, магчыма, вычляняць з гэтага ў дадзены момант сэнс — няслушнае на гэтай вайне. Паводле Адамовіча, смерць — гэта смерць не ўласна цябе, але і смерць усіх. Ты сустракаешся са смерцю не як з абстрактным фінальным пунктам сябе, але сутыкаешся з матэрыяльнымі целамі мёртвых людзей. І час, калі, як табе падаецца, смерць набліжаецца, ужо надышоў.

Гэта — экстрэмальная форма экзістэнцыялізму. Розніца паміж нямецкімі жаўнерамі і партызанамі для Адамовіча — не ў стылі жыцця, а ў стылі забойства і смерці.

Факт забойства прадвызначаны, а падставаў для забойства — процьма. Забойцаў аднаго ад другога адрозніваюць толькі своеасаблівыя эстэтычныя ваганні. У адным з эпізодаў немцы трапляюць у палон пасля спалення імі вёскі з жанчынамі і дзецьмі. Фларыян лічыць, што сваёю пакорай палонныя хочуць пасеяць няёмкасць і паказаць, што забойства блізкіх партызанам людзей — не іх віна. І гэта робіць іх нікчэмнымі. Адчуванне няёмкасці і жалю ў дачыненні да карнікаў раўназначна захаванню чалавечай годнасці, хоць немцаў ты ўсё адно потым заб’еш.

Свабода — гэта ўсяго толькі тэхнічная магчымасць суіцыду.

Калі немцы атачаюць партызанаў і ўцекачоў на выспе сярод дрыгвы, параненыя партызаны паўзуць да байца з гранатамі і выбухоўкай і кладуцца галава да галавы ў сярэдзіну, каб ім можна было загінуць з найменшым расходам боепрыпасаў. І бачачы гэтую людскую клумбу ў дрыгве, партызан, што выторгвае чэку, усміхаецца. Фларыян захоўвае адносны спакой, пакуль ягоная рука сціскае гранату, дзякуючы якой ён можа загінуць так, каб немцы не нацешыліся карцінай ягонай смерці.

«Хатынская аповесць» ставіць пад сумнеў літаратурныя жанры ХХ стагоддзя, у якіх смерць — толькі сродак: пачатак, заканчэнне, паваротны пункт, загадка для рашэння і трагедыя для разважання. Здаецца, сапраўдная мэта пісьменніка — выклік «Братам Карамазавым» і іх вядомаму пытанню: «Без Бога і без несмяротнасці, выходзіць, усё дазволена?» Адамовіч адказвае адмоўна: Бог з намі, і ён злы.

Жыццё трэба цаніць, смерці трэба супраціўляцца не таму, што ўнутры нас ёсць дабро, а каб перашкодзіць сусвету выконваць сваю найвышэйшую мэту — прыніжаць і забіваць нас.

У 1943 годзе Бог над Беларуссю прымае аблічча фашысцкіх самалётаў-разведчыкаў — бачнага ўсім непрыступнага знаку бяды.

Апісанне гэтых самалётаў змяняецца ўспамінам аб гутарцы Фларыяна з калегам, які лічыць, што зямля — поле для павучальных эксперыментаў звышцывілізацыі, што глядзіць на нас з вышыні. Пра гэта ж кажа савецкая ідэя аб палітыках, што кіруюць гісторыяй, «багах у браніраваных лімузінах». Гэта і ёсць першы маленькі крок да разумення Адамовіча-раманіста, які выкарыстаў маленечкую фортку ў культурнай палітыцы, каб тварыць, разумеючы, што кожнае яго слова будзе прапушчанае праз сіта цэнзуры. І ён усё адно пісаў. І выдавец, і рэдактар гэтага новага выдання зрабілі агромністую работу, аднавіўшы выкрасленае цэнзурай з гэтай выбітнай кнігі, напісанай 30 гадоў таму.

Незвычайнае адлюстраванне незвычайнай вайны, удалы вобраз няскоранага Фларыяна і вытанчаны мадэрнізм «Хатынскай аповесці» гарантуюць ёй месца ў шорт-лісце найлепшых раманаў ХХ стагоддзя.

У фінальнай сцэне партызаны і немцы намагаюцца акружыць адны другіх на палаючым высахлым тарфяніку. Дзеянне запавольваецца, гусцее дым, расце колькасць параненых. Напружанне гэтага месца можна было б вытрываць, калі б чытач назіраў за падзеямі з боку, а не вачыма Фларыяна, а яго толькі што параніла ў вочы, іх цяпер спрабуюць хоць неяк уратаваць, а дым так пячэ параненыя вочы; можна было б вытрываць, калі б чытач мог забыць, што вайна адбярэ ў Фларыяна зрок.

Фларыян пазнейшы, Фларыян расказчык кажа, што яго вочы засталіся адкрытымі навечна, «каб памяталі».

Ціхаплынная «Хатынская аповесць» з чорнага змроку ХХ стагоддзя выхоплівае для чытача сваім прамянём нарваны, няпэўны свет ваеннай Беларусі. І чытач, як і галоўны герой, як і аўтар, не мае права адвярнуцца.

* * *

Цімаці Снайдэр — прафесар гісторыі ў Ельскім універсітэце ў ЗША. Спецыялізуецца на гісторыі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, а таксама на гісторыі Халакосту. Аўтар шматлікіх публікацый і манаграфій па гісторыі Усходняй Еўропы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?