Біпалярная схема – палітычная апазыцыя супраць рэжыму – занадта спрошчаная. Кастрычніцкая плошча паказала: паўстае грамадзянская супольнасьць.

Жыхар намётавага лягеру Стась Пачобут зазначыў: там сабраліся не партыйцы, не актывісты, а «рэальныя эўрапейскія людзі».

Мілінкевіч, адчуваючы, як дынамічна фармуецца слой сьвядомых грамадзянаў, абвесьціў пра стварэньне шырокага руху за перамены. Патрэбна багата крэатыву, каб праз пэўны час не паболела грудком на могілках «шырокіх рухаў».

А найперш мусяць нарэшце высьветліць стасункі двое экс-кандыдатаў. Што дзяліць – імаверныя месцы на нарах? Падабенства да дзьвюхгаловага дракона не дадае апазыцыі валянтэраў. Асабліва бянтэжаць намеры камандаў паасобку рыхтавацца да 26 красавіка. Чарнобыльскі шлях – ператвараць у ростань?

Аб’яднанай жа апазыцыі было б недарэчы зараз рэвізаваць пэрсанальны выбар леташняга Кангрэсу («маўр зрабіў сваю справу»). Што карысьці тасаваць калоду? Дый Захад у выпадку кадравай ратацыі апынецца ў дурнаватым становішчы.

Сам Мілінкевіч абяцае, што кааліцыя не распадзецца. Кажа: гэта моцны арэшак. Важна, аднак, каб апазыцыйныя сілы мелі ня проста супольны бюракратычны орган, а баяздольную канфігурацыю.

Наконт джэнтльмэнства кіроўных вярхоў ілюзіяў няма. Зь іншага боку, яны мусяць лічыцца з моцаю вонкавага ціску ды супрацівам «чалавечага матэрыялу» ў самой краіне. На нарадзе ў аўторак Лукашэнка зазначыў, што людзі і ўлада мусяць стаць партнэрамі – і гэты эўфэмізм сымптаматычны.

Мінулая кампанія засьведчыла, што ў апазыцыйных штабах бракавала крэатыву, імправізацыі, валоданьня сучаснымі паліттэхналёгіямі. Піярам мусяць займацца добрыя адмыслоўцы, і ня толькі падчас кампаніяў. На старым камсамольскім досьведзе тут ня выедзеш.

Мілінкевічава каманда набярэ маральнае вагі, калі стрымае абяцаньне канкрэтна дапамагчы ўсім рэпрэсаваным. Вандроўкі лідэраў па глыбінцы таксама вартыя стаць не кампанейшчынай, а завядзёнкай. Слушны і намер стварыць моцную сыстэму альтэрнатыўнага інфармаваньня.

У дні Плошчы, на тле апатэозу афіцыйнае хлусьні, грамада асабліва прагна прыпадала да незалежных крыніцаў. Палітычная апазыцыя будзе дальнабачнай, калі адмовіцца ад звычкі сябраваць з вольнай прэсай ад кампаніі да кампаніі. Варта ўвесь час дбаць пра яе пэрспэктывы, выкарыстоўваючы і свае сувязі ў Эўропе.

Ядро «рэальных эўрапейскіх людзей» у добрай арганізацыйнай шкарлупіне сапраўды становіцца моцным арэшкам.

Партыйнай жа кааліцыі, не прэтэндуючы на ролю «нашага стырнавога», варта знайсьці моцныя лёзунгі, каб іх энэргетыка давала кумулятыўны эфэкт у вырашальныя пэрыяды.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0