Вучань Панізоўцава Саша Старавойтаў з прызам.

Вучань Панізоўцава Саша Старавойтаў з прызам.

Калі кіраўніка гуртка авіямадэлявання выкінулі з Дома творчасці, ён працягваў займацца з дзецьмі ў падвале.

Калі кіраўніка гуртка авіямадэлявання выкінулі з Дома творчасці, ён працягваў займацца з дзецьмі ў падвале.

Сямён Панізоўцаў душу ўкладаў у такіх вось адораных школьнікаў.

Сямён Панізоўцаў душу ўкладаў у такіх вось адораных школьнікаў.

Сямён Панізоўцаў стварыў адзіную ў райцэнтрах школу авіямадэлявання.

Сямён Панізоўцаў стварыў адзіную ў райцэнтрах школу авіямадэлявання.

Сямён Панізоўцаў: на такіх людзях трымаецца зямля.

Сямён Панізоўцаў: на такіх людзях трымаецца зямля.

На спаборніцтвах па авіямадэляванні вясковыя хлопцы становяцца чэмпіёнамі Беларусі. Маючы выключны арганізацыйны талент у працы з дзецьмі, Сямён Панізоўцаў у Чэрыкаве здолеў стварыць сваю сапраўдную школу авіямадэльнага спорту…

70-гадовы Панізоўцаў амаль 40 гадоў жыцця аддаў працы з моладдзю ў Чэрыкаўскім палацы піянераў. Гэта адзіны беларускі райцэнтр, дзе ёсць свая «малая авіяцыя».

1993

Ягонае жыццё рэзка змянілася ў 1993 годзе. Ад моманту стварэння руху БНФ Сямён Панізоўцаў бачыў сябе толькі ў гэтай арганізацыі. У той год ён прывёз у Чэрыкаў Зянона Пазняка, на той час дэпутата Вярхоўнага Савета. Пасля сустрэчы з палітыкамі ў мясцовым доме культуры мясцовыя жыхары больш не ўспрымалі Сямёна Панізоўцава як настаўніка і гурткоўца, ён стаў для іх «прынцыповым апазіцыянерам». Палова горада імкнецца з ім паразмаўляць, шукае парады. Але ўлада не хоча нават чуць ягонае імя. Была б магчымасць, то выкрэсліла б з памяці.

Працягваў у падвале

У 2006 годзе Панізоўцаў уключыўся ў кампанію адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў. І ў тым жа годзе на чэрыкаўскім кардадроме асобы, якія дагэтуль застаюцца невядомымі, зрэзалі абарончую сетку. Гэта значыла, што мадэлям самалётаў больш няма дзе лётаць, бо палёты ў горадзе забароненыя. А заадно і Сямёна Панізоўцава проста звольнілі з дома дзіцячай творчасці. Яго выкінулі з пасады, якой ён прысвяціў амаль усё сваё жыццё.

Сямён Сямёнавіч аказаўся чалавекам вельмі чулым да сваіх выхаванцаў, у сэрцах якіх распаліў мару лётаць. Каб не аказацца ў іх вачах здраднікам, шэсць год таму ён абсталяваў майстэрню ў падвале звычайнай пяціпавярхоўкі. Менавіта адтуль пачаў свой шлях Сяргей Сокалаў — чэмпіён Беларусі 2012 года, а сёлета курсант Мінскага дзяржаўнага вышэйшага авіяцыйнага каледжа са спецыялізацыяй «беспілотнікі».

Гэта раней авіямадэляванне лічылася дзіцячай забаўкай, а сёння яно становіцца перспектыўнай прафесіяй. Бо фактычна з’яўляецца канструяваннем прымітыўных беспілотных апаратаў.

Неба паклікала

Сяргей Сокалаў вырабляў таймерныя мадэлі (з рухавіком унутранага спальвання). Яму не трэба тлумачыць, што такое глісада ці тангаж — усё распавёў Панізоўцаў яшчэ ў 8-ым класе. Вайсковае ВНУ атрымала ўжо падрыхтаванага адмыслоўца.

Яшчэ адзін панізоўцаўскі выхаванец Саша Старавойтаў у гэтым годзе скончыў 9 класаў дый паступіў у ліцэй. На адкрытым чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь па авіямадэльным спорце сярод юніёраў «Сокалы Беларусі — 2013» ён стаў пераможцам, падрыхтаваўшы мадэль з гумавым рухавіком. У менскім небе яму не было роўных, і юніёрскі кубак адкрытага першынства РБ стаўся ягоным трафеем. Дарэчы, на спаборніцтва ён прыехаў ужо ў статусе трохразовага чэмпіёна вобласці.

Адкрыў вясковым хлопцам дарогу

Саша Старавойтаў — былы навучэнец Рэчыцкай сярэдняй школы. Гэта асобная тэма.

Рэчыца — дэпрэсіўная вёска, што месціцца пасярэдзіне паміж Чэрыкавам і Крычавам. Тры разы на тыдні хлопец ездзіў за дзесяць кіламетраў у райцэнтр, каб у звычайным падвале займацца самалётамі. Аднагодкі смяяліся з Сокалава і Старавойтава, лічылі «батанамі», бо ані цыгарэты з імі не выпаліш, ані віна не пап'еш. І яны не першыя, распавядае Сямён Панізоўцаў: «Памятаю, Косця Панкоў на ровары ездзіў з Язёр на заняткі ў авіямадэльны гурток, каб заняць свае галаву і рукі любімай справай».

Сяргей Сокалаў — чэмпіён Рэспублікі 2012.

Косця Панкоў пазней скончыць Выбаргскае верталётнае вучылішча. І такіх прыкладаў процьма.

Выпускнікі авіявучэльняў рабілі кар’еры дый ніколі не забывалі пра свайго першага настаўніка. Прыехаўшы на адпачынак, першы іх візіт заўжды быў да Панізоўцава.

Сокалаў і Старавойтаў не першыя, але, на жаль, апошнія. Сямён Панізоўцаў больш не будзе набіраць сабе новых выхаванцаў у падвальную майстэрню. Няма ўмоваў… Напэўна, у Чэрыкаве больш не будзе такога гуртка, а значыць не будзе і чэмпіёнаў. Месца авіяцыі пакрысе займае таннае віно. Але гэта часова. На ягонае месца прыйдуць новыя Панізоўцавы, якія будуць служыць небу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?