Былыя воіны-інтэрнацыяналісты, ветэраны афганскай вайны, заклікаюць урад аднавіць іх сацыяльныя льготы і гарантыі. Адпаведны зварот адпраўлены прэм’ер-міністру Міхаілу Мясніковічу сустаршынямі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання ветэранаў вайны ў Афганістане «Абаронцы Айчыны» Аляксандрам Камароўскім і Алегам Волчакам.

Аўтары звароту нагадваюць пра льготы, якіх воіны-інтэрнацыяналісты былі пазбаўленыя пасля прыняцця ў 2008 годзе шэрагу нарматыўных прававых актаў. Сярод такіх ільготаў — бясплатнае атрыманне лекаў, выраб і рамонт зубных пратэзаў, першачарговае забеспячэнне пуцёўкамі ў санаторыі, прафілакторыі, дамы адпачынку, права бясплатнага праезду, нечарговае атрыманне льготных крэдытаў для будаўніцтва жылля і іншыя.

Удзельнікі афганскіх падзей заклікаюць урад аднавіць гэтыя льготы, бо іх адмена «супярэчыць пагадненням СНД аб узаемным прызнанні льготаў і гарантый, а таксама закону Рэспублікі Беларусь «Аб ветэранах».

Аўтары звароту заклікаюць не прымаць рыхтуемы ўказ прэзідэнта «Аб некаторых дзяржаўных сацыяльных гарантыях для вайскоўцаў, асоб радавога і начальніцкага складу органаў унутраных спраў, фінансавых расследаванняў, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, ветэранаў баявых дзеянняў на тэрыторыях замежных дзяржаў і членаў іх сем’яў». Гэты дакумент, сцвярджаюць яны, «панізіць статус удзельнікаў баявых дзеянняў».

***

Аб стварэнні РГА «Абаронцы Айчыны» ў студзені 2009 года аб’явілі Алег Волчак, Аляксандр Камароўскі і Мікалай Аўтуховіч. Аўтуховіч хутка пасля гэтага быў арыштаваны і асуджаны на пяць гадоў пазбаўлення волі за перавозку і захоўванне пяці патронаў да паляўнічай вінтоўкі. Праваабаронцы лічаць яго палітзняволеным, асуджаным за актыўную грамадскую дзейнасць і барацьбу з карупцыяй.

Тады ж, адразу пасля адмены льготаў, грамадскія актывісты прыгразілі ўладам адмовіцца ад сваіх узнагарод, калі льготы не будуць адноўленыя.

Як паведаміў БелаПАН Алег Волчак, устаноўчы з’езд РГА «Абаронцы Айчыны» плануецца правесці ў кастрычніку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?