Сяргей Сабянін — 51,5%, Аляксей Навальны — 27%. Такія афіцыйныя вынікі выбараў мэра Масквы. На трэцім месцы камуніст Іван Мельнікаў з вынікам 10%. Пакуль штаб Навальнага заяўляе аб фальсіфікацыях і патрабуе другога туру, палітолаг Кірыл Коктыш каментуе для Еўрарадыё прычыны паразы самага вядомага расійскага апазіцыянера.

«Праграма Навальнага не адказвала на абсалютную большасць запытаў масквічоў, на тыя праблемы, якія актуальныя сёння і будуць актуальнымі заўтра. Гэта была своеасаблівая акынская песня пра сябе самога, а не пра чаканні масквічоў. І гэтым можна патлумачыць нізкую актыўнасць выбаршчыкаў у Маскве».

Яўка на маскоўскіх выбарах насамрэч кульгае — усяго 33%. Да беларускіх дасягненняў ой як далёка, мяркуе лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Апазіцыянер лічыць, што па дэмакратызацыі Расія зараз знаходзіцца на тым самым узроўні, на якім Беларусь была ў пачатку 1990-х. Лябедзька таксама гаворыць, што беларуская апазіцыя зараз мацнейшая за Аляксея Навальнага і калі б такія ж выбары прайшлі ў Мінску — набрала б больш галасоў, чым апальны блогер.

«Я вам скажу, што калі б нешта падобнае на маскоўскія выбары адбывалася ў Беларусі, каб мы мелі такія ж магчымасці, зыходзячы з працэдур, то ў нас альтэрнатыўны кандыдат набраў бы больш за 30%. Я ў гэтым перакананы».

Лябедзька таксама лічыць, што электаральныя падзеі ў Расіі надзвычай цікавыя для беларусаў, бо наўпрост уплываюць на сітуацыю ў нашай краіне. Яго палітычны апанент Рыгор Кастусёў з Партыі БНФ думае зусім іначай. Гаворыць, што хто б там ні прыйшоў да ўлады — для беларусаў з усходу радасці чакаць не выпадае. А вось выбары мэра Мінска, мяркуе Кастусёў, кандыдат ад Партыі БНФ мог бы выйграць без пытанняў.

«Калі б у Беларусі былі сапраўдныя выбары і галасы лічыліся б так, як людзі галасуюць, то перамога кандыдата ад БНФ вельмі і вельмі верагодная. Калі б Партыя БНФ вылучыла годнага прадстаўніка, то ён бы адназначна мог атрымаць перамогу».

Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі адзначае, што расійскія выбары больш дэмакратычныя, чым у Беларусі. Ён таксама гаворыць, што беларускія ўлады адстаюць ад расійскіх. Маўляў, усходнія суседзі навучыліся перамагаць на выбарах. Альбо прынамсі ствараць пераканаўчую карціну гэтага. Беларускім вертыкальшчыкам, на думку апазіцыянера, да гэтага вельмі далёка.

«У Мінску кандыдат ад Лукашэнкі дакладна не мае ніякага шансу. Я перакананы ў гэтым на 100%. Мінск неаднаразова хваравіта рэагаваў на неадэкватныя выказванні ў адрас мінчан. Дый у іншых вялікіх гарадах Беларусі праўладныя кандыдаты не маюць шансаў».

Але пакуль дэмакратычных выбараў у Беларусі няма і нашай апазіцыі застаецца зайздросціць нават выніку Навальнага. І назіраць за новым мэрам Екацярынбурга, барацьбітом з наркагандлем Яўгенам Ройзманам. Ад таго, як ён сябе праявіць на высокай пасадзе, можа залежаць лёс расійскіх праціўнікаў генеральнай лініі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?