«Як можна каментаваць такія паведамленні? Вы насамрэч верыце, што інтэрнет-рэсурс, які распаўсюдзіў гэту інфармацыю, мае надзейныя крыніцы ў Нацбанку?! Я не згадаю ніводнага выпадку, каб яны паведамілі надзейную інфармацыю з Нацбанка.
Такая інфармацыя не заслугоўвае нават каментароў.
Каментароў заслугоўвае інфармацыя, якая паходзіць з больш-менш надзейных крыніц. Калі гэтая інфармацыя паходзіць з нечых фантазій, то што тут можна каментаваць?» — сказаў прэс-сакратар Нацбанка Аляксандр Цімашэнка.
З спасылкай на крыніцу ў Нацбанку сайт belaruspartisan.org паведаміў, што ўжо прынятае рашэнне пра дэвальвацыю беларускага рубля. Нібыта вызначаны і час (канец верасня — першая палова кастрычніка), а ў Нацбанку абмяркоўваюць магчымасць падзення рубля на 20–30%. Канчатковае рашэнне будзе прынятае пасьля атрымання чарговага траншу крэдыту ЕўрАзЭС.
Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка 6 верасня заявіў, што беларускі рубель пад прамысловасць дэвальвавацца не будзе, а будзе «ўмацоўвацца або аслабляцца ў залежнасці ад попыту і прапановы». Ён адзначыў, што цяпер беларускі рубель крыху аслабеў, бо вырас попыт на валюту. Паводле Лукашэнкі, ніякай штучнай дэвальвацыі не будзе.